Другая субота пратэстаў у Брэсце: тысячы прайшлі па вуліцах

У Брэсце ўдзельнікі пратэстаў супраць фальсіфікацыі выбараў 22 жніўня прайшлі па гораду. Калона рушыла цэнтральнымі вуліцамі да Кобрынскага маста і здзейсніла марш у «спальны» мікрараён Усход. Ішлі ўздоўж вуліцы Маскоўскай, якая за горадам пераходзіць у міжнародную шашу М1.

1.sub_logo.jpg


Да Усходу, які знаходзіцца ў кіламетрах пяці ад цэнтра, калона дайшло ўжо, калі на небе вызубіўся серпік маладзіка. Людзі спыняліся насупраць шматпавярховікаў і скандавалі «Брест выходи!».

4.sub_logo.jpg


У розны час у калоне было ацэначна ад двух да пяці тысяч чалавек.


Асноўная акцыя пратэсту пасля шэрагу менш шматлікіх мітынгаў і дэманстрацый будніх дзён мае адбыцца ў нядзелю, 23 жніўня. Пачатак а 14-й. Збор у цэнтры горада.
Нагадаю: у мінулую нядзелю Берасце паставіла рэкорд масавасці: пляц Леніна аказаўся зацесны для каля сарака тысяч берасцейцаў.
Улады падрыхтаваліся да гарачай нядзелі: пляц Леніна адстаўлены ад вуліцы кадушкамі з кветкамі, будынкі ўлады адгароджаныя жалезнымі бар’ерамі.
У суботу зранку быў заўважаны двухматорны шырокафюзеляжны пасажырскі самалёт, які прыбыў у мясцовы аэрапорт. Гэта незвычайна: замежжа зачыненае з-за пандэміі COVID 19, унутраны чартэр таксама малавераемны, бо турызм ледзь ліпціць з-за той сама прычыны. Магчыма, у нядзелю стане вядома, а хто гэта да нас прыляцеў.