Навошта Макею віза?

Гандаль з Еўропай скончыўся. Савет міністраў замежных спраў ЕС часова выключыў спадара Макея з пераліку асобаў, якім забаронены ўезд у краіны Еўрасаюза. Выключэнне дзейнічае да таго часу, пакуль Макей з’яўляецца міністрам замежных спраў.



makej.jpg

Рашэнне Еўропы выклікала шмат водгукаў не тое што абурэння, але непаразумення ў асяроддзі беларускай апазіцыі. Канешне, размовы пра тое, што Макея выключаць з «ганебнага спісу», хадзілі дастаткова даўно, так што грамадская думка да гэтага была падрыхтаваная. Ніхто не спрачаецца і з тым, што «неўязны» у Еўропу міністр замежных спраў — гэта проста нонсэнс. Але ж у выпадку з Макеем быў парушаны асноўны прынцып паслядоўнасці палітыкі Еўрасаюза ў дачыненні да Беларусі. Увесь час Еўропа кажа пра захаванне «нязменнай палітыкі да беларускіх уладаў да таго часу, пакуль у турмах застаюцца палітвязні». «Выняцце» з санкцыйных спісаў Макея парушае «нязменнасць і паслядоўнасць» гэтай палітыкі.

Для таго, каб такая падзея сталася магчымай для Макея, павінна быць моцная падстава. Навідавоку такіх падстаў няма.

Найперш, Макея ўключылі ў санкцыённы спіс за парушэнні правоў чалавека падчас прэзідэнцкай кампаніі 2010 года. Вынікі гэтай кампаніі не скасаваныя, больш за тое, шмат хто церпіць за ўдзел у прэзідэнцкіх выбарах дагэтуль. Такім чынам, не знікла прычына, па якой Макея маглі б пусціць у Еўропу.

Што б там ні сцвярджаў даклад літоўскага еўрапарламентара спадара Палецкіса, сітуацыя з правамі чалавека ў Беларусі таксама не палепшылася. Як трапна заўважыў сустаршыня аргкамітэта па стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Віталь Рымашэўскі, санкцыі ў дачыненні да Макея скасавалі ў той час, калі ў Беларусі ідзе разбіральніцтва сумнеўнай «шпіёнскай справы» дэмакратычнага актывіста Андрэя Гайдукова, распачатая новая крымінальная справа па сумнавядомым артыкуле 193.1 за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі супраць каталіцкага верніка Аляксея Шчадрова, які арганізаваў у Шчучынскім раёне прытулак для бяздомных, у царквы «Новае жыццё» ў чарговы раз спрабавалі забраць будынак, а ў Гомелі аднавіліся рэйды супраць баптыстаў, якія сустракаюцца для набажэнстваў без дзяржаўнага дазволу.

Лідар Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька лічыць, што зняцце візавых санкцый у адносінах Макея — своеасаблівы «аванс» Еўропы. Пры ўсёй няўдаласці гэтага рашэння, кажа ён, «толькі вызваленне палітвязняў зможа хоць неяк апраўдаць рашэнне аб скасаванні санкцый супраць Макея».

Палітвязні пакуль застаюцца ў турмах. Але праз два месяцы частка з іх апынецца на волі. У канцы жніўня заканчваецца тэрмін другога прысуду для Дзмітрыя Дашкевіча, і прыкладна ў гэты ж час — «хімія» Паўла Севярынца. Напачатку восені таксама скончыцца тэрмін Аляксандра Францкевіча. Калі Еўропа з нагоды іх вызвалення будзе пляскаць у ладкі і казаць: «Мы дамагліся вынікаў!», гэта будзе вяршыняй цынізму. Тады еўрачыноўнікам можна будзе параіць вітаць вызваленне любога вязня, які адседзеў свой тэрмін поўнасцю.

Але ж нейкія ўмовы для выключэння Макея са спісу ўсё ж былі. Інакш бы афіцыйны часопіс Еўрасаюза «EUR-Lex» не паведамляў бы, што рашэнне ў справе Макея «можабыць перагледжана, калі Савет ЕС палічыць, што мэты, дзеля якіх яно было прынята, не дасягнутыя».

Сама па сабе віза Макею не патрэбная. Па-першае, у яго ёсць дыпламатычны пашпарт, па якім ён можа ездзіць на ўсялякія міжнародныя канферэнцыі. Забарона на ўезд у Еўропу і ЗША, як вядома, не тычыцца мерапрыемстваў, якія ладзяцца міжнароднымі арганізацыямі, такімі, як ААН альбо АБСЕ. Па-другое, у маі Макей тры разы праігнараваў сустрэчы з амерыканскімі і еўрапейскімі калегамі ў Нью-Ёрку, Кракаве і Брусэлі. Тым ён яўна прадэманстраваў, наколькі высока цэніць супрацоўніцтва Беларусі з ЕС. Не сакрэт, што, на думку афіцыйнага Мінска, супраца павінна быць выключна меркантыльнай, а там, дзе няма грошай, туды не варта і ездзіць.

Для чаго ж Макею віза? Якія мэты меў на ўвазе часопіс «EUR-Lex» разам з Саветам ЕС? Як ні дзіўна, на гэта адказаў міністр замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус. Каментуючы рашэнне па Макею для радыё «Свабода», ён заявіў: «Так быловырашана для таго, каб усталяваць канал сувязі, таму што нам трэба падтрымліваць сувязь, нам трэба размаўляць — не толькі слухаць, але і перадаваць паведамленні наўпрост. Гэта асноўная прычына. Лічым, што мы павінны ўзаемадзейнічаць з Беларуссю, каб схіліць яе да нейкіх зменаў, асабліва ў дачыненні да палітвязняў. Для гэтага трэба выкарыстоўваць усе сродкі і ўсё каналы».

Тады рашэнне Еўрасаюза зняць з Макея санкцыі цалкам зразумелае. То бок, Макей больш патрэбны Еўропе, чым Мінску, і з’яўляецца толькі «каналам сувязі». Гэткі старажытны ганец, якога ў сярэднявеччы цары і каралі ганялі туды-сюды і якому рабілі «секір-башка» ў выпадку дрэнных вестак.

Каму Макей наўпрост будзе перадаваць паведамленні Еўропы — таксама не сакрэт. Кіраўнік у яго адзін, і гэта непасрэдна Аляксандр Лукашэнка. Бачна, што Еўрасаюз жадае, каб ягоныя «мэсыджы» даходзілі да беларускага кіраўніка ў мінімальным скажэнні.

Можна, канешне, скарыстацца для гэтага факсам альбо электроннай поштай, але еўрапейцы, хутчэй за ўсё, не ўпэўненыя, што наш кіраўнік дастаткова валодае замежнымі мовамі, каб адрозніць важнае еўрапейскае пасланне ад спаму кшталту розных нігерыйскіх прынцаў, якія абяцаюць паўцарства потым за тры тысячы долараў зараз. То бок, Макей павінен быць яшчэ і «талмачом», каб словы еўрапейскіх палітыкаў Аляксандр Лукашэнка разумеў правільна.

Калі разглядаць рашэнне Савету МЗС ЕС у гэтым рэчышчы — усё лагічна. Макей больш патрэбны ім, чым яны — Макею. І таму візу трэба даць.

Але ці ўдасца праз Макея «перавыхаваць» Аляксандра Лукашэнку? Вось у гэтым можна вельмі-вельмі сумнявацца.