Навошта Празе «маленькі Ханой»?

У свеце існуе больш за 200 краінаў. Чаму шмат хто, ад’язджаючы з родных мясцінаў, абірае новым месцам жыхарства не «моцную і квітнеючую Беларусь», а дзяржаву, якая на мапе амаль побач?



hanoj4.jpg

 

На форумах можна даведацца пра шмат плюсаў і мінусаў жыцця імігранта ў Чэхіі. Нехта наракае на ксенафобію чэхаў, але іншыя, наадварот, кажуць пра пазітыўнае стаўленне большасці мясцовых жыхароў да прыезджых. Тое самае датычна і бюракратыі: адны лічаць яе ўзровень нізкім, а той-сёй скардзіцца, што, прынамсі, іміграцыйнае заканадаўства робіцца ўсё больш жорсткім.

Выглядае, што кожны можа знайсці пэўнае абгрунтаванне пад сваю пазіцыю. Напрыклад, тыя, хто лічыць, што іншаземцаў у Чэхіі не надта чакаюць, спашлюцца на заявы тутэйшага нацыяналіста Томіа Акамуры. Гэты бізнесовец з палітычнымі прэтэнзіямі дамагаецца ўскладнення працэсу іміграцыі.

Цікава, што сам Акамура нарадзіўся вельмі далёка ад Чэхіі — у Краіне Узыходзячага Сонца. Ягоны бацька — японец, а маці паходзіць з Маравіі. Мабыць, ленінская фармулёўка — «Абруселыя чужынцы заўсёды перасольваць па частцы праўдзіва рускага настрою», — тычыцца не толькі расійскіх спраў.

«Акамура — сапраўдны ідыёт», — такое меркаванне давялося пачуць ад студэнта Павела. Людзі больш сталага ўзросту, з якімі карэспандэнт «Заўтра тваёй краіны» размаўляў на вуліцах Прагі, таксама выявілі спакойнае ці прыязнае стаўленне да імігрантаў. Хатняя гаспадыня Ленка, праўда, прыгадала, што ў дзевяностыя гады мінулага стагоддзя рускія бандыты стваралі істотныя праблемы, займаючыся сваімі злачыннымі справамі нават у цэнтры чэшскай сталіцы. Але сама і адзначыла, што тыя часы даўно адышлі ў нябыт.

Цяпер некаторыя лічаць, што крымінальную пальму першынства трымаюць у Празе… в’етнамцы. Так, выхадцы з гэтай паўднёваазіяцкай краіны цяпер з’яўляюцца адной з самых буйных дыяспар у Чэхіі.

Праз меркаванне, што менавіта в’етнамцы — галоўныя тутэйшыя наркагандляры, «маленькі Ханой» (такую неафіцыйную назву мае рынак «Сапа» на ўскрайку сталіцы) нейкі час патруляваўся досыць жорстка: да рэйдаў прыцягвалі нават верталёты і бронетранспарцёры. Аднак старшыня чэшска-в’етнамскага таварыства Марцэл Вінтэр ў размове з Radio Praha абвяргае гэты стэрэатып з дапамогай статыстыкі: за год з 60-тысячнай дыяспары да крымінальнай адказнасці прыцягваюцца толькі 150 в’етнамцаў.

Разам з тым менавіта «маленькі Ханой» — найтаннейшы мясцовы рынак, чым карыстаюцца шматлікія жыхары Прагі. Некаторыя едуць сюды адмыслова дзеля азіяцкай кухні, якую можна пасмакаваць у шматлікіх кавярнях, што месцяцца на «Сапе».

Аўтар сам наведаў «маленькі Ханой». Звычайны вялікі рынак, які чымсьці нагадвае па атмасферы мінскія «Жданы» дваццацігадовай даўніны. Цікава, што на «Сапе» ёсць казіно і нават храм!

hanoj1.jpg

hanoj2.jpg

hanoj3.jpg

hanoj5.jpg

Але, натуральна, галоўнае тут — гандлёвыя павільёны. В’етнамцы трымаюць безліч маленькіх прадуктовых крамаў, раскіданых па ўсёй Празе, якія працуюць да позняй ночы, калі супермаркеты ўжо зачыненыя. Аптовыя закупы гаспадары гэтых лавак звычайна робяць ў «Маленькім Ханоі». Лічыцца, што лепшую ў горадзе садавіну ды гародніну можна набыць менавіта ў іх.

Дарэчы, в’етнамскае кам’юніці ёсць і ў Беларусі, але значна меншае па колькасці. Выглядае, што тут яно бачыць для сябе менш магчымасцяў. Таму ў «сінявокай» ствараецца толькі так званы «кітайскі» (выключна таму, што яго будуюць працаўнікі з Паднябеснай імперыі) квартал пад Мінскам. А в’етнамцы зрабілі выбар на карысць (ва ўсіх сэнсах) Чэхіі.

«Прага стала цэнтрам в’етнамскага бізнэсу ва ўсёй Еўропе», — распавядае «Заўтра тваёй краіны» сацыёлаг Іван Габал. Адпаведна, мясцовая эканоміка падсілкоўваецца і за кошт гэтай надзіва працаздольнай дыяспары.

Таму выгодаў ад суседства з в’етнамцамі для чэхаў відавочна больш, чым стратаў.

Матэрыял падрыхтаваны ў межах ініцыятывы «Еўрапейскі дыялог аб мадэрнізацыі з Беларуссю» пры падтрымцы фонду DANIDA

 Віктар Філін, zautra.by