Навукоўцы распрацавалі антыцелы, якія забіваюць 99% штамаў ВІЧ

Амерыканскія навукоўцы распрацавалі антыцелы, якія забіваюць да 99% штамаў ВІЧ і здольныя знішчыць інфекцыю на ранняй стадыі. Злучэнне здольнае атакаваць тры ключавыя кампаненты віруса, паведамляе ВВС.

Science Photo Library

Science Photo Library


Аўтарамі распрацоўкі сталі Нацыянальныя інстытуты аховы здароўя ЗША і фармацэўтычная кампанія Sanofi.
Міжнародная супольнасць па барацьбе з ВІЧ (IAS) назвала распрацоўку навукоўцаў «цікавым прарывам». 
Клінічныя выпрабаванні рэчыва плануецца пачаць у 2018 годзе.
Цяпер навукоўцы спрабуюць перамагчы ВІЧ, выкарыстоўваючы так званыя шырока нейтралізуючыя антыцелы, якія здольныя забіваць значную частку штамаў віруса і прадухіляць заражэнне.
Новая распрацоўка навукоўцаў, прадстаўленая ў навуковым часопісе Science, аб'ядноўвае тры тыпы такіх антыцелаў у магутнае рэчыва трайнога дзеяння.
«Яны [новыя антыцелы] больш магутныя і аказваюць больш шырокае дзеянне, чым любае асобна узятае натуральнае антыцела з вядомых на сённяшні дзень», — кажа адзін з аўтараў даследавання Гэры Нейбел.
Самыя магутныя прыродныя антыцелы здольныя перамагчы да 90% штамаў ВІЧ.
«Мы дасягнулі ахопу ў 99%, і ён дасягаецца пры вельмі нізкай канцэнтрацыі антыцела», — адзначае Нейбл.
У выніку вопытаў на 24 малпах ні ў адной з жывёл не з'явілася інфекцыя пасля ўвядзення ім віруса ВІЧ.
Кіраўнік Міжнароднай супольнасці па барацьбе з ВІЧ Лінда Гейл Бекер адзначае, што вобласць прымянення новых антыцелаў можа быць значна шырэйшая, чым можна ўявіць сёння.
«Сёння яшчэ раняя стадыя, і я як навуковец з нецярпеннем чакаю першых выпрабаванняў, якія павінны пачацца у 2018 годзе», — кажа Бекер.
Кіраўнік Нацыянальнага інстытута ЗША па вывучэнні алергічных і інфекцыйных захворванняў Энтані Фаучы назваў адкрыццё інтрыгуючым.
«Камбінацыя антыцелаў, кожнае з якіх звязанае з рознымі бакамі ВІЧ, лепш за ўсё здольная пераадолець ахоўную рэакцыю віруса і дасягнуць эфектыўнага ўзроўню лячэння і прафілактыкі», — адзначае навуковец.
Вірус ВІЧ валодае высокай здольнасцю да мутацыі, і імуннай сістэме чалавека складана адначасова змагацца з рознымі відамі штамаў.
Паводле «Нашай Нівы»