Амерыканскія бамбардавальнікі праляцелі ўздоўж берагоў КНДР
Амерыканскія бамбардавальнікі праляцелі паблізу ўсходняга ўзбярэжжа Паўночнай Карэі для дэманстрацыі ваенных варыянтаў процідзеяння любой пагрозе, заявіў Пентагон.
У Пентагоне асабліва адзначылі, што самалёты паглыбіліся на поўнач ад дэмілітарызаванай зоны, якая падзяляе дзве Карэі, далей, чым калі-небудзь з пачатку XXI стагоддзя.
Пхеньян у апошнія месяцы прыкметна паскорыў распрацоўку ядзернай зброі і балістычных ракет, а адміністрацыя Трампа папярэдзіла, што напад на ЗША або іх саюзнікаў прывядзе да поўнага знішчэння паўночнакарэйскага рэжыму.
Пентагон ў сваёй заяве падкрэсліў, што палёты бамбавікоў закліканы прадэманстраваць сур'ёзнасць, з якой ЗША ставяцца да «безадказных» паводзінаў Паўночнай Карэі, і назваў яе праграмы стварэння новых узбраенняў небяспечнай пагрозай.
«Гэты палёт стаў дэманстрацыяй рашучасці ЗША і выразным сігналам, што прэзідэнт разглядае мноства ваенных варыянтаў процідзеяння любой пагрозе. Мы гатовыя ўжыць поўны спектр ваенных магчымасцяў для абароны тэрыторыі ЗША і нашых саюзнікаў», — гаворыцца ў заяве Пентагона.
Рост напружанасці суправаджаецца абвастрэннем рыторыкі лідэраў дзвюх краін.
У аўторак, выступаючы ў Генеральнай Асамблеі ААН, Дональд Трамп назваў паўночнакарэйскага лідэра Кім Чэн Ына«»чалавекам-ракетай» з самагубнай місіяй.
У адказ у пятніцу Кім выступіў з тэлезваротам, у якім абсыпаў амерыканскага прэзідэнта мноствам абраз, у тым ліку назваў яго «звар'яцелым дзядком».
Раней у суботу на тэрыторыі Паўночнай Карэі геалагічныя службы зафіксавалі падземны штуршок магнітудай 3,4, у якім шматлікія западозрылі наступства новага ядзернага выпрабавання.
Аднак маніторынг іншых прыкмет ядзернага выбуху схіляе да высновы, што штуршок меў натуральнае паходжанне.
Паводле BBC