Не чапайце памяць!

У Курапатах зносяць крыжы... Здавалася б, гісторыя яшчэ сто гадоў таму навучыла: не чапайце крыжы, бо кепска скончыце.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы

Аднак беларускія ўлады, як тыя дрэнныя вучні, лічаць, што народная памяць — гэта жартачкі. Пасля таго, як падчас плыні свядомасці, якую чамусьці называюць «вялікай размовай», той, хто лічыць сябе кіраўніком Беларусі, выказаў незадавальненне крыжамі ў Курапатах, небяспека іх знішчэння залунала ў паветры. І вось сонечнай раніцай 4 красавіка выбухнула: у Курапатах тэхніка руйнуе крыжы.

Першая думка — як такое магчыма? Другая — ляцець, стаць перад экскаватарамі, абараніць. Трэцяя — Госпадзе, што я магу… І роспач. Злосць і роспач. Інакш, чым марадзёрствам і псаваннем магіл на дзяржаўным узроўні, на загад найвышэйшага кіраўніцтва, гэта назваць нельга. Атрымліваецца, з тых, хто ляжыць у Курапатах, паздзекаваліся двойчы: спачатку іх, ні ў чым не вінаватых, расстралялі сталінскія каты, а цяпер іх памяць знішчаюць сучасныя трымальнікі ўлады. Дзе, у якой яшчэ краіне такое магчыма?

«Яны знеслі ўсе крыжы па перыметры, пагрузілі на машыны і кудысьці павезлі. Ніякіх тлумачэнняў не даюць. Ніводнага чыноўніка, які б назіраў за тым, што адбываецца, і мог бы адказаць, на якой падставе гэта робіцца, не было. Адны міліцыянты, працоўныя і "іхтамнеты". Што тут будзе адбывацца — можна толькі здагадвацца. Бачна, што нейкі план у іх ёсць, але грамадству яго не агучваюць», — паведаміла «Новаму Часу» з месца падзей грамадская актывістка Ганна Шапуцька.

Злачынцы — іншай назвы для тых, хто ўчыніў гвалт з Народнага мемарыялу, папросту няма. Падышлі цішком, надосвітку. Падрыхтаваліся: ачапілі мемарыял, заблакавалі пад’езды. Ведалі, што людзі прыйдуць бараніць. І сталі выдзіраць, выкручваць з зямлі крыжы. Іх звальвалі ў кузавы грузавікоў, і яны бялелі, як трупы, як вырваныя жыўцом з цела рукі… Жахлівае відовішча. Працавалі хутка і спраўна: да адзінаццатай раніцы знеслі ўжо ўсе крыжы, усталяваныя летась па перыметры мемарыялу з ініцыятывы Змітра Дашкевіча.

Здзекліва накіроўвалі «пісаць афіцыйныя запыты» ў Мінлясгас, райвыканкам і да міліцэйскага кіраўніцтва. Што ж, хаця б зразумела, хто кіраваў выкананнем злачыннага загаду.

Фота Арцёма Лявы

Фота Арцёма Лявы


Думаеце, вы — валадары сітуацыі і цэлага свету? Уявілі сябе ўсёмагутнымі? Але ці ўсведамляеце вы, што здзекавацца з нацыянальнай катастрофы, з народнай памяці — гэта злачынства?

Гісторыя паўтараецца, і прымушае вывучыць незасвоеныя ўрокі. Тыя, хто зрываў крыжы з цэркваў і паліў іконы 100 гадоў таму, урэшце дрэнна скончылі. У час Вялікага посту, калі ўвесь хрысціянскі свет прыносіць пакаянне і рыхтуецца да Вялікадня — свята ўваскрэсення і вечнага жыцця, сімвал якога — крыж, чыніць здзек з гэтых самых крыжоў — замахнуцца на самае святое...

Злая іронія яшчэ ў тым, што знішчэнне крыжоў у Курапатах прыпала на Крыжапаклонны тыдзень у праваслаўнай царкве.  

На момант напісання гэтага матэрыялу прадстаўнік БПЦ айцец Сергій Лепін выказаў асцярожнае здзіўленне і занепакоенасць адносна зносу крыжоў у Курапатах. Выказаўся і прэсавы сакратар Канферэнцыі каталіцкіх біскупаў Беларусі ксёндз Юрый Санько. «Навошта, чаму, для чаго гэта робіцца? Вельмі шмат пытанняў узнікае. Крыж — гэта галоўны сімвал хрысціянства, сімвал збаўлення чалавецтва. І раптам бачым такое… Да таго ж мітрапаліт неаднаразова казаў: Курапаты — гэта наша Галгофа, а яе без крыжа ўявіць папросту немагчыма», — сказаў ён у каментары «Радыё Свабода».

Нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч заявіла «Нашай Ніве»: «Я думаю, што Курапаты былі сімвалам народнай самастойнасці, народнай памяці. І дзяржава не хоча з гэтым мірыцца, асабліва перад выбарамі. Таму ідзе такая зачыстка. Гэта ўсё формы свабоды, а дзяржава не хоча мірыцца ні з якой свабодай. Што казаць, калі міністр унутраных спраў надзявае касцюм генерала НКУС і ідзе на нейкае святкаванне. І калі Лукашэнка выступаў, то сказаў міністру: “Вам няма чаго саромецца”. Дзяржава не хоча мірыцца з рэпрэсіямі, прызнаваць іх. Дзяржава хоча пакінуць мінулае ў разуменні тых сталінскіх часоў. Курапаты — унікальны народны помнік. Сам народ знайшоў яму форму, сам народ ваяваў за яго, адваяваў яго. Нічога падобнага, колькі б я ні ездзіла па свеце, я не бачыла. І яны думаюць, што паставяць кавалак гэтага казённага каменю — і людзі пойдуць туды плакаць? Не, гэтага не будзе ніколі. І нават таму гэта злачынства».

«Замест належнага ўшанавання месца масавых расстрэлаў улада працягвае барацьбу з нацыянальнай памяццю і стварае глебу для канфрантацыі», — адзначаецца ў заяве Саюза Беларускіх пісьменнікаў з нагоды дзяржаўнага вандалізму ў Курапатах.

Але, калі ўлада імкнецца да гэтай канфрантацыі, то грамадскасць, здаецца, спрабуе салідарызавацца вакол пагрозы замаху на Народны мемарыял.

 Бо калі нас не здольныя аб’яднаць Курапаты — нас не здольнае аб’яднаць нішто.