Арцыбіскуп Кандрусевіч заклікаў спыніць знос крыжоў у Курапатах

«На вялікі жаль, сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца».

55a9f042_0b4c_41ee_a3e9_92578f369024.file

«Сёння сродкі масавай інфармацыі напоўнены трывожнымі звесткамі пра знос крыжоў у мемарыяльным комплексе ва ўрочышчы Курапаты, які разам са шматлікімі іншымі падобнымі месцамі на нашай Бацькаўшчыне з’яўляецца яе Галгофай і адначасова помнікам гісторыі і культуры. Праблема Курапатаў цягнецца ўжо даўно і мае глыбокія карані, але яе неабходна як мага хутчэй вырашыць», — перадае словы мітрапаліта catholic.by.

Ён дадае, што кожнае месца смерці і пахавання паводле хрысціянскай — і не толькі — традыцыі ўшаноўваецца. Гэтае месца — святое: месца памяці і малітвы.

«Гэта таксама неад’емная частка гісторыі народа, без пазнання і ацэнкі якой ён не мае будучыні. Кожны народ павінен ведаць і паважаць гістарычную праўду з мэтай ачышчэння памяці, як да гэтага заклікае св. Ян Павел II, каб паспяхова будаваць шчаслівую будучыню».

Арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч нагадвае, што за апошнія 30 гадоў паступова з’явіўся своеасаблівы «Курапацкі пантэон» — стыхійны мемарыял, вядомы ва ўсім свеце.

«Таму нечаканы знос крыжоў выклікае, мякка кажучы, здзіўленне. (...) Больш за тое, акцыя зносу крыжоў праводзіцца падчас Вялікага посту, калі ўсе хрысціяне свой позірк скіроўваюць на Крыж Хрыста — знак нашага збаўлення і надзеі. З крыжам ваявалі атэісты, нішчылі яго. На вялікі жаль, сёння, калі афіцыйна няма дзяржаўнай ідэалогіі атэізму, яна зноў рэальна праяўляецца».

Кандрусевіч заклікаў адказных за знос крыжоў тэрмінова спыніць дзеянні і шляхам дыялогу розных палітычных і грамадскіх сіл з удзелам прадстаўнікоў розных веравызнанняў распачаць працэс урэгулявання сітуацыі.

www.radyjo.net