У Курапатах затрымалі Ніну Багінскую і Паўла Севярынца
Сёння ў Курапатах на Галгофе сабраліся актывісты, каб памаліцца і абмеркаваць планы, што рабіць далей, але без затрыманняў не абышлося і гэтым разам.

Павел Севярынец заклікаў сёння далучыцца да абароны Курапатаў усіх ахвотных і адзначыў: «Вельмі добра пра гэта сказаў Зянон Пазняк. У пастарунку нам далі паняць, што суды над намі пройдуць 18–19 красавіка, калі Лукашэнка выступае перад парламентам. Пачалася выбарчая кампанія», — перадае словы палітыка belsat.eu.
На сход сабралася каля 10 чалавек, амаль столькі ж людзей у цывільным ды журналістаў. Пасля малітвы і абмеркавання, што рабіць далей, актывісты пайшлі размаўляць з рабочымі, якія ставілі плот, тлумачыць ім, што нельга знішчаць крыжы і так па-варварску праводзіць працы на мемарыяле “Курапаты”.

Фота www.svaboda.org
Сёння ў Курапатах працягвала працаваць брыгада рабочых з экскаватарам — ставілі плот.
Ніна Багінская стала перад экскаватарам і патрабавала спыніць
яго працу. Прышлі міліцыянты з папярэджаннямі. Ніна Багінская сказала, што не
разумее іх па-руску.

Затрыманне Паўла Севярынца. Фота www.svaboda.org

Падцягнуліся яшчэ міліцыянты і пачалі настойліва прапаноўваць Багінскай прайсці да машыны і там паразмаўляць ды адпусціць яе. Павел Севярынец пайшоў разам з Багінскай і міліцыянтамі да машыны. У выніку ў машыну пасадзілі і Ніну Багінскую, і Паўла Севярынца і адвезлі ў Бараўлянску РУУС.
Карэспандэнтка НЧ сёння запытвалася, ці маюць тыя, хто здзяйсняе работы ў Курапатах, дазвол на іх, — але, чакана, адказу не атрымала. Міліцыянты, што ахоўвалі брыгаду ў Курапатах, таксама адмовіліся нешта паведаміць наконт дазволу на работы ў Мемарыяльным комплексе і патлумачыць, хто выдаў такі дазвол і ці наогул яго нехта выдаваў. Актывіст Павел Каралёў паведаміў у сваім фэйсбуку, што тэлефанаваў у Міністэрства культуры, дзе яму сказалі, што там не ўзгаднялі ніякія працы ў Курапатах.