«Не ганьбі мяне». Дэкан не ўхваліў выхаду студэнткі з БРСМ

Сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае па ўласным жаданні. Аднак на практыцы зрабіць гэта не так проста. Студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананні. Пра тое, што адбылося далей, піша «Радыё Свабода».



37ba7434_d0cd_4113_84ff_2f48af74b4d9_w1023_r1_s.jpg

Грамадскі актывіст Крысціян Шынкевіч апублікаваў аўдыёзапіс размовы студэнткі Беларускага дзяржаўнага эканамічнага ўніверсітэту, як мяркуецца, з дэканам улікова-эканамічнага факультэта Уладзімерам Беразоўскім. На аўдыё чуваць, як дэкан не ўхваляе намеру студэнткі выйсці з шэрагаў праўладнага Беларускага рэспубліканскага саюзу моладзі і прапаноўвае ёй перанесці выхад з БРСМ.

Што адбылося?

Як стала вядома “Радыё Свабодзе”, студэнтка ўлікова-эканамічнага факультэту БДЭУ напісала заяву аб выхадзе з БРСМ праз рэлігійныя перакананні.

Паводле яе, у факультэцкай ячэйцы БРСМ займацца заявай дзяўчыны адмовіліся. Сакратар ячэйкі (цяпер гэтую пасаду займае Яўген Грыцэнка. — РС), сказаў дзяўчыне, што яна мусіць падпісаць заяву ў намесніка дэкана ці дэкана.

Дэкан не ўхваліў, намеснік дэкана «гэтым не займаецца»

“Свабода” адшукала дзяўчыну з аўдыё, яна папрасіла не называць сябе, бо баіцца магчымых праблемаў ва ўніверсітэце.

Студэнка пайшла з заявай да намесніка дэкана, але той накіраваў яе вышэй.

«Намеснік дэкана, паглядзеўшы заяву, сказаў, што ён гэтым не займаецца, а звяртацца трэба да дэкана».

На пытанне “Свабоды”, ці звярталіся да яго з заявамі аб выхадзе з БРСМ, намеснік дэкана Андрэй Буеў адказаў, што «нічога не ведае пра гэта».

Дэкан факультэту Уладзімер Беразоўскі 15 лістапада сказаў дзяўчыне, што яму трэба падумаць, і прапанаваў пагутарыць «не ў такой абстаноўцы» ў панядзелак ці аўторак.

На момант выхаду публікацыі пагаварыць з ім не ўдалося. “Радыё Свабода” таксама не здолела скантактавацца з кіраўнікамі факультэцкай і ўніверсітэцкай суполак БРСМ.



— А які гэта курс?

— Чацвёрты.

— Чацвёрты курс? Не ганьбі мяне.

— У сэнсе?

— Скончыш спакойна, і пасля...

— Ну я не магу цяпер у ім знаходзіцца.

— Што здарылася?

— З асабістых прычынаў.

— Што?

— З асабістых прычынаў.

— Яшчэ раз.

— З асабістых прычынаў.

— Ну ты можаш мне сказаць? Я без гэтага не магу прымаць рашэнне.

— Як? Я напісала: па сваім жаданні, з асабістых прычынаў.

— Ну ты можаш праліць святло? Не? Няхай ляжыць.

— Ну магу. Я з’яўляюся верніцай.

— Га?

— Я верніца.

— Калі ласка. Гэта не перашкаджае.

— У маім выпадку гэта перашкаджае.

— Ты ў гэтым упэўненая?

— Я ў гэтым упэўненая. Для мяне гэта сапраўды вельмі важна.

— Так, мне трэба з табой пагаварыць не ў такой абстаноўцы. Давай аднясем гэта на іншы тэрмін.

— Што значыць на іншы тэрмін?

— Заўтра ў мяне да сямі гадзін заняткі, давай у панядзелак-аўторак.

— Дык а чаму нельга цяпер?

— Я мушу падумаць.

— Вы мусіце падумаць?..

— Так! Заява колькі разглядаецца, ты ведаеш ці не?

— Не.

— Добра, твая вера не перашкаджала тады, калі ты ўступала?

— На той момант не.Цяпер перашкаджае.

— Ну я павінен падумаць. Усё. Заява ўвогуле разглядаецца 15 дзён.

— Добра. Калі мне падысці?

— Прыходзь у панядзелак.

Як выйсці з БРСМ

Працэдура прыёму ў сябры і выхаду з БРСМ прапісаная статутам аб’яднаньня. Сяброўства ў БРСМ можа быць спыненае.

Па ўласным жаданні шляхам падачы пісьмовай заявы ў пярвічную арганізацыю ГА «БРСМ».

За грубае парушэнне статуту, сістэматычны няўдзел у працы аб’яднання альбо за дзеянні, якія няславяць дзелавую рэпутацыю і наносяць шкоду цэласнасці ГА «БРСМ».

Пытанне аб выключэнні вырашаецца агульным сходам або выбарным органам пярвічнай арганізацыі БРСМ. Таксама гэта можа быць зроблена вышэйшым кіроўным органам. Нідзе не згадваецца, што расчараванаму ў мэтах і задачах праўладнага саюзу могуць чыніць перашкоды.

Паводле www.svaboda.org