У Беларусі хочуць узмацніць кантроль за ўхілістамі ад размеркавання
Міністэрства адукацыі хоча наладзіць юольш жорсткі кантроль за выпускнікамі навучальных установаў, якія ўхіляюцца ад размеркавання. Чыноўнікі прапануюць "прыняць вычарпальныя меры па спагнанні сродкаў, затрачаных на навучанне", піша «Еўрарадыё»
Ліст з адпаведнымі прапановамі Мінадукацыі накіравала ў аблвыканкамы, Мінгарвыканкам, НАН, асацыяцыю наймальнікаў, рэспубліканскі савет рэктараў ВНУ, у рэспубліканскі савет дырэктараў устаноў прафесійна-тэхнічнай і сярэдняй спецыяльнай адукацыі. Дакумнт падпісала першая намесніца міністра Ірына Старавойтава.
У тэксце ліста гаворыцца, што даволі вялікая колькасць размеркаваных выпускнікоў не даязджае да месца размеркавання. Гэта, на думку чыноўнікаў, "сведчыць аб недастатковай працы ўстаноў адукацыі з самімі выпускнікамі і заказчыкамі кадраў, а таксама аб невыкананні ў поўным аб'ёме замовы на падрыхтоўку кадраў".
Мінадукацыі просіць дэталёва разабрацца з кожным выпадкам і спаганяць сродкі, затрачаныя на навучанне выпусніка, "пры адсутнасці аб'ектыўных прычын, вызначаных заканадаўствам".
Таксама да 15 лістапада трэба накіраваць у Мінадукацыі прапанову мераў, якія надалей дазволяць пазбегнуць такіх выпадкаў.