Не карміце пачвару

У дзяржавы ёсць тысяча і адзін спосаб пакараць чалавека за думкі і перакананні. Мікола Дзядок распавядае, як сілавікі палююць на іншадумацаў.

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ілюстрацыйнае фота з адкрытых крыніц

Ці верыце вы ў свабоду сходаў у Беларусі? Я таксама не веру. Таму для таго, каб сустрэцца са сваімі аднадумцамі-анархістамі вялікай колькасцю і на працяглы тэрмін, я быў вымушаны ехаць за горад, у далёкі лясгас пад Крупкамі, дзе на ўлонні прыроды нам бы дакладна не прышылі несанкцыянаваны сход. Гэта было 30 чэрвеня.
Некалькі гадзін стараннай працы. Вырытыя ямы для вогнішчаў, пастаўленыя намёты, сабраныя дровы на суткі наперад. Абсталяваныя месцы для сядзення, ад дажджу павешаныя тэнты. Абмеркаваны графік мерапрыемстваў. Пытанні камфорту і задаволенасці ўсіх удзельнікаў увасобленыя ў групавым пагадненні: тут паважаюць адзін аднаго, не замоўчваюць канфлікты і крыўды, не перабіваюць падчас дыскусіі, не б'юцца, не выкідаюць смецце на траву, паляць толькі так, каб не замінаць іншым, не ўжываюць алкаголь і тым больш наркатычныя рэчывы.
Маленькі перапынак у паседжанні, перад тым як абмеркаваць апошнія дробязі групавой працы.
15.30 З хмызняку метрах у пятнаццаці раздаецца аўтаматная чарга і крык СТОЯТЬ!!! Першая думка: «Усё ж даведаліся...». З гушчару выбягае натоўп чалавек дванаццаць у камуфляжы і з разнастайнай зброяй — ад драбавікоў немавернай даўжыні, да «калашоў» з экзатычнымі абвесамі. ВСЕМ НА ЗЕМЛЮ! ЛЕЖАТЬ!
Большасць кладзецца сама, штуршкамі і «ляшчамі» ўкладываюць тых, хто замарудзіўся. Усе ў масках, акрамя камандзіру падраздзялення.
15.32 За СОБРаўцамі выходзяць апера. Таксама ў масках. Пачынаюцца экспрэс-допыты на відэакамеру: «Имя? Фамилия? Что тут делал? Что за люди вокруг тебя? Откуда их знаешь?» Таварышы, усе як адзін, адмаўляюцца казаць нешта, акрамя сваіх пашпартных дадзеных. У працэсе «маскі» шчодра раздаюць выспяткі тым, хто варочае галавой, спрабуючы нешта пабачыць, топчуцца па целах, адпускаюць абразлівыя каментары.
Усё гэта маскі робяць пад акампанемент глумлівага і найгранага абурэння: «Тут происходила незаконная рубка леса! Кто рубил деревья? Вы знаете, что это запрещено? Знаете, сколько этим деревьям лет?»
16.00 Што адбываецца, можна толькі здагадвацца. Гэтаксама і час можна разумець толькі прыблізна, бо рукі закутыя ў кайданкі за спіной. Кожнага з нас абшукалі, і зараз, відавочна, масачнікі адзвоніваюць нейкім калегам, дакладаюць аб тым, як пачалася аперацыя.
Глумлівыя папрокі за «срубленый лес» працягваюцца, але да пастановы спектакля падышлі адказна: разам з СОБРаўцамі — ляснік. Ён замярае даўжыню дзвюх сухіх спілаваных соснаў, вымярае шырыню пянькоў.
Прыблізна ў гэты ж час пачынаецца дождж. У сукупнасці з мокрай травой, якая лезе ў твар, і немагчымасцю схадзіць у прыбіральню, гэта робіць жыццё не такім цудоўным, якім яно магло быць у гэты летні дзень.
17.00 Аперам сумна. Трое з іх, пад кіраўніцтвам, як потым высветлілася, начальніка 3-га аддзела ГУБАЗіК Міхаіла Бедункевіча, адводзяць мяне ў бок, пагражаючы прастраліць нагу. Гэтая пагроза марная, канешне, але вось збіць могуць. Садзяць ля дрэва, пачынаюць распытваць: калі прыехаў і калі збіраюся з'язджаць. Лагодны тон і паважлівыя размовы чаргуюць з абразамі і пагрозамі. «Лучше ты там будешь сидеть вякать, чем тут» — празрыста намякаюць на тое, каб вяртаўся «в свою Европу». Спрабуюць вывесці на дыскусіі пра палітыку, пытаюцца пра іншых людзей і пра лагер. Аднак размовы з аперамі ў мае планы не ўваходзяць, таму ігнарую, за што атрымліваю некалькі пінкоў па рэбрах. Уводзяць назад і кладуць на тое ж месца.
18.00 Ляжым. Проста ляжым. Ідзе дождж. Я ўсё так жа ляжу на траве, таварышы стаяць на каленях. Маскі грэюцца ля вогнішча, Бедункевіч збірае чарніцы, якіх вакол нашага лагера проста процьма. Потым ізноў падыходзіць да мяне «паразмаўляць». Пасля недалёкіх жартаў на ўзроўне пятага класу спрабуе вывесці мяне на размову. На прапанову паразмаўляць пры знятай масцы пачынае выкручвацца і ў выніку ізноў зрываецца на абразы.
19.00 Прыязждае Следчы камітэт, пачынае агляд месца здарэння. У хуткім часе нас усіх пачынаюць выводзіць даглядаць свае намёты. Без складання пратаколаў і ўвогуле будзь-якіх дакументаў. У адказ на патрабаванні скласці дакументы і прад'явіць хоць нейкія абгрунтаванні вобшуку, следчыя вярзуць несусветную лухту. Міліцыянты праявілі «дабрыню» — адвялі мяне і пасадзілі ля вогнішча. Думаю, куды павязуць адбываць суткі: у Крупскі ІЧУ ці на Акрэсціна?
20.00 Пакуль аглядаюць мой намёт, заўважаю, што аднаго з таварышаў завялі ў гушчар, метрах у 20-ці, і там ударылі нагой. Пачынаю ўслых абурацца, — мой крык падхопліваюць астатнія. СОБРавец побач са мной напружыўся, адразу падбеглі трое ГУБАЗаўцаў: «Кто бьет? Кого бьют? Что ты выдумываешь, провокатор?» На прапанову пайсці паглядзець, ці пазваць сюды чалавека і запытацца ў яго — чакана «зліваюцца». У якасці «пакарання» загадваюць СОБРаўцу паваліць мяне на траву са словамі: «Он как у костра отогреется, сразу борзеть начинает». Божа, яны рэальна думаюць, што калі дазволілі мне пагрэцца, то я буду пакорна маўчаць, калі збіваюць майго таварыша.
21.00 З мяне, урэшце, знялі кайданкі. Маскі сышлі абсалютна незаўважна. Засталіся СК, якія завяршаюць «следчыя дзеянні» (не забыўшыся канфіскаваць некалькі соцень анархісцкіх налепак і брашур, а таксама стос кніг). У мяне забралі два нажы: паляўнічы «Кізляр» і складны гаспадарчы. «Это ж не холодное оружие», — кажа адзін СКшнік іншаму. «Пускай проведут экспертизу», — адказвае другі. Нам усім выдаюць позвы на 6 ліпеня. Няўжо не паедзем на суткі?
На двух чалавек склалі адміністрацыйныя пратаколы. На аднаго за «распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў» (знайшлі налепкі анархісцкай групы «Прамень»), на другога — за «незаконнае выдаленне расліннасці»: трэба ж было на некага павесіць высечку дрэваў, з-за якой, па афіцыйнай версіі, на гэтую паляну і прыехалі СОБР, ГУБАЗіК, Крупскі РАУС, СК і лясніцтва.
22.00 Мы адны пасярод разабранага лагера, выпатрашаных заплечнікаў, спаленых дроваў, што былі назапашаныя на суткі, на вытаптанай СОБРаўскімі берцамі паляне. Сцямнела.
Кожны выдатна разумее, што адбылося. У кожнага ў вачах я бачу не страх, а жаданне падзяліцца думкамі і эмоцыямі, падтрымаць сябра. Ні ў воднага не бачу непаразумення ці здзіўлення. Кожны выдатна разумее, што жыве ў краіне, дзе аўтаматчыкі могуць трымаць цябе тварам у зямлю шэсць гадзін толькі за тое, што ты анархіст ці анархістка.
Менш за ўсё я хачу, каб прачытаўшы гэта, вы спужаліся. Бо страх — гэта тое, чым харчуюцца вылюдкі ў масках. Іх сіла і іх гвалт пачынаецца з таго, што мы прызнаем за імі права ўладарыць. Гэтае прызнанне дае ім паўнамоцтвы для ўжывання «физической силы и спецсредств». Гэтае прызнанне корміць іх фантазію агіднымі абразамі на адрас тых, хто ў дадзеную секунду не можа ім адказаць, бо ляжыць тварам у зямлю. Яны ў сваім праве здзеквацца з нас роўна да таго часу, пакуль мы даем ім гэтае права.
Не карміце пачвару — і яна здохне.