Не працягнулі кантракт з прафесарам Гродненскага ўніверсітэта. У жніўні ён напісаў адкрыты ліст Лукашэнку

З прафесарам кафедры журналістыкі Гродненскага ўніверсітэта Аляксандрам Мурашовым не працягнулі кантракт. Ён кажа, што працуе да канца гэтага месяца, а што рабіць далей — пакуль не ведае.

aleksandr_murashov.jpg

На днях прайшло пасяджэнне кафедры журналістыкі факультэта гісторыі, камунікацыі і турызму, дзе кандыдатуру Аляксандра Мурашова на пасаду прафесара кафедры на новы тэрмін не зацвердзілі. Як распавялі Tut.by крыніцы ва ўніверсітэце, прадстаўнікі кафедры былі за тое, каб прафесар застаўся, а камісія ўніверсітэта па кадрах — супраць. Гродненскія студэнты-купалаўцы плануюць збіраць подпісы ў падтрымку выкладчыка.

Афіцыйная прычына непадаўжэння кантракта — адсутнасьць у прафесара аспірантаў, якія абараніліся, і, паводле Мурашова, тое, што на кафедры журналістыкі цяпер «ўхіл у рыторыку і філалогію, а выкладаць трэба больш грамадзка-палітычных дысцыплін». Аднак сам прафесар упэўнены — усё гэта з прычыны адкрытага ліста, які ў жніўні 2020 года ён напісаў Аляксандру Лукашэнку.

«Прызнаюся, раней я захапляўся Лукашэнкам. Можна сказаць, быў адданы яму, а цяпер, лічу, здраджаны ім», — распавядае прафесар.

Паводле Аляксандра Мурашова, у нейкі момант яму стала не ўсё роўна, што адбываецца ў краіне, дзе ён жыве. Перад выбарамі ён напісаў адкрыты ліст Аляксандру Лукашэнку, дзе выступіў з яго крытыкай. Зварот прафесар выклаў у Facebook і «Жывы часопіс».

У ім было каля 10 пунктаў, а таксама крытычныя выказванні. Напрыклад, ён вінаваціў Лукашэнку «ва ўсталяванні рэжыму асабістага адзінаўладдзя, непадкантрольнага народу, у сістэматычным парушэнні правоў і свабод грамадзян; у пастаяннай хлусні, ва ўтойванні лічбаў і фактаў, якія характарызуюць сапраўднае становішча спраў у краіне» і г.д.

Пазней выкладчык, праўда, выдаліў свае запісы, бо баяўся, каб праз гэты зварот не пацярпелі яго калегі і студэнты. Аднак ад сваёй грамадзянскай пазіцыі не адмаўляецца.

Аляксандар Мурашоў — грамадзянін Расіі, у яго від на жыхарства ў Беларусі, які заканчваецца ў траўні гэтага году. У Беларусь ён прыехаў 13 гадоў таму. Спачатку прыязджаў у ГрДУ ў якасці запрошанага прафесара, а ў 2013 годзе пераехаў у Гродна на сталае месца жыхарства. Кажа, што закаханы ў нашу краіну і «любіць беларусаў», але ўпэўнены, што «ў іх — горшы з усіх магчымых прэзідэнтаў».