Не вельмі свецкая дзяржава…

Фестываль квір-культуры Dotyk сёлета павінен быў прайсці пад дэвізам «Мы робім гісторыю разам». Прароцтва арганізатараў здзейснілася – фэст увойдзе ў гісторыю, як яшчэ адзін прыклад ціску на ЛГБТ-супольнасць.

img_3337_logo.jpg


Мерапрыемства павінна было прайсці ў «Сталоўцы ХYZ» з 6 па 8 красавіка. У ім планаваўся ўдзел замежных гасцей, навуковая канферэнцыя, лекцыі, воркшопы, круглы стол, канцэрт. Але некаму не спадабалася, што фестываль праходзіць у дні Пасхі. Самі арганізатары на гэтым не замарочваліся: яны пачалі падрыхтоўку яго правядзення за шэсць месяцаў, і нікому не прыйшло ў галаву зазірнуць у царкоўны каляндар.

Як паведаміла на прэс-канферэнцыі адна з арганізатарак фэсту, Ганна Лакціёнава, за дзень да правядзення фестывалю, 5 красавіка ў памяшканне прыйшла пазапланавая праверка ад Міністэрства надзвычайных сітуацый і санстанцыі. На падставе таго, што ў «Сталоўцы» няма гарачай вады, дзверы памяшкання былі апячатаныя (разам з рэчамі арганізатараў фэсту, тэхнікай, друкаванай прадукцыяй і іншымі неабходнымі для правядзення фестывалю рэчамі). Прычым, арэндадаўца настойваў на падпісанні акта аб нядопуску да памяшканняў менавіта на дні правядзення фэсту – з 6 па 8 красавіка.

Ганна Лакціёнава

Ганна Лакціёнава


Гэта тым больш цікава, што з моманту пачатку арэнды «Сталоўкі» культурна-асветніцкая ўстанова «Кінаклуб Дотык» даволі паспяхова прайшла не менш за 10 такіх праверак. Больш за тое, менавіта ў гэтым памяшканні праходзіў папярэдні фэст квір-культуры ў 2017-м годзе. І нікога гэта не турбавала.

Арганізатары тэрмінова былі вымушаныя шукаць іншае памяшканне, бо ўсе запрошаныя госці былі ўжо ў дарозе, і адмяніць ці перанесці фэст магчымасці не было. І яны такое памяшканне знайшла. Аднак і да той пляцоўкі таксама наведаліся прадстаўнікі МНС, аддзела ідэалогіі і санстанцыі з “маніторынгам”. Прычым, на руках у гэтых правяраючых былі раздрукоўкі з пазнакай новага месца правядзення фестывалю.

Такім чынам, Dotyk страціў две пляцоўкі – сваю і альтэрнатыўную. Паўстала пытанне пра правядзенне мерапрыемства ўвогуле.

img_3354_logo.jpg


Варта адзначыць, што арганізатары не склалі рукі. Яны ўсё ж здолелі правесці фэст – хаця б і ў «зрэзаным» фармаце, без урачыстага адкрыцця. Мерапрыемствы праходзілі «ва ўмовах жорсткай канспірацыі» па папярэдняй рэгістрацыі, аднак трансляваліся ў інтэрнэце. Фэст наведала каля 120 чалавек, і яшчэ сто дзівіліся на яго праз маніторы кампутараў.

У гэтыя дні было шмат інсінуацый: што Dotyk адменены, забаронены і іншае. Арганізатары на іх не рэагавалі. Ім было важней правесці мерапрыемства, што і адбылося, на іх думку — паспяхова.

Але ў выніку было канстатавана, што квір-фэст Dotyk на працягу мінулых трох гадоў з падобным маштабным ціскам не сутыкаўся. Гэта непрыемна здзівіла замежных гасцей, а таксама прадстаўнікоў заходніх пасольстваў, якія аказвалі падтрымку ў арганізацыі фестывалю. І, вядома, некалькі падкасіла імідж Беларусі як «талерантнай» і «памяркоўнай» краіны.

І арганізатары самі засумняваліся, у якой краіне яны жывуць. Па Канстытуцыі Рэспубліка Беларусь — свецкая краіна, дзе кожны мае права вызнаваць тую ці іншую рэлігію, альбо не вызнаваць ніякай. Бо відавочна, што ціск на квір-фэст быў выкліканы тым, што яго мерапрыемствы праводзіцца ў дні праваслаўнай Пасхі. Але, як ужо было сказана вышэй, пры падрыхтоўцы фестываля ў праваслаўны каляндар ніхто не глядзеў.

Да таго ж, як адзначыла прысутная на прэс-канферэнцыі праваабаронца Анастасія Лойка, сам фэст павінен быў прайсці не на адкрытым паветры, а ў памяшканні, што не рабіла яго, напрыклад, масавым мерапрыемствам. І фестываль праводзіўся не каля цэркваў альбо іншых праваслаўных святыняў, што магло б абразіць пачуцці веруючых.

Анастасія Лойка

Анастасія Лойка


Але спроба перашкодзіць правядзенню фестывалю квір-культуры істотным чынам уплывае на становішча ў краіне з свабодай слова і свабодай сходаў. Ну і, канешне ж, выклікаюць цікавасць «гаспадарчыя» пытанні, кшталту адмовы арэндадаўцы ў доступе ў памяшканне.

Арганізатары, тым не менш, асэнсоўваюць, у якой краіне яны жывуць, а таму не бачаць сэнсу ўцягвацца ў судовыя спрэчкі наконт таго, што адбылося. Таму яны будуць проста вырашаць пытанне — ці супрацоўнічаць надалей з арэндадаўцам памяшкання, ТАА «Калібр». І пры планаванні наступнага фестывалю, які адбудзецца (абавязкова адбудзецца, паабяцала Алена Агарэлышава, таксама арганізатарка фэсту) у наступным годзе будзе ўлічаны досвед спробы зрыву сёлетняга мерапрыемства.

Алена Агарэлышава

Алена Агарэлышава


Што можна ў сувязі з гэтым канстатаваць? Тое, што Беларусь, нягледзячы на «памяркоўны» і «талерантны» імідж, такой краінай не з’яўляецца. Зразумела, дзяржаўныя органы павінны рэагаваць на скаргі грамадзянаў. Але ў тым выпадку, калі гэтыя скаргі абгрунтаваныя. Квір-фэст ніякім чынам не ўплываў на святкаванне Пасхі праваслаўнымі. І наўрад ці мог абражаць іх рэлігійныя пачуцці ў дастаткова моцнай ступені. Больш за тое, я ўпэўнены, што пераважная большасць праваслаўных пра правядзенне гэтага фестывалю адначасова з Пасхай і не здагадвалася.

Тым не менш, уладныя органы паспрабавалі сарваць мерапрыемствы меншасці на карысць, так бы мовіць, «яшчэ большай меншасці», — тых праваслаўных, якія ведалі пра правядзенне квір-фэсту ў царкоўнае свята. Дарэчы, і да гэтых людзей ёсць пытанне: чаму яны, ушчэнт «праваслаўныя», настолькі шчыльна цікавяцца ЛГБТ-культурай.

Хацелася б, каб у краіне маглі выказацца ўсе – і праваслаўныя, і прадстаўнікі ЛГБТ, і прадстаўнікі дзяржаўных органаў. І мець спадзяванне на тое, што ў гэтых дзяржорганах будуць працаваць больш дасведчаныя людзі, якія не будуць ставіць пад сумнеў «свецкасць» беларускай дзяржавы.