Невясёлая сацыялогія: Ці з'яўляюцца беларусы часткай расійскай цывілізацыі?
Адэкватнасць — гэта адпаведнасць або ўменне адпавядаць чаму-небудзь. На побытавым узроўні пры спробе адрозніць адэкватнае меркаванне ад неадэкватнага, як правіла, праблем не ўзнікае.
Аднак, калі перайсці на макраўзровень, праблемы пачынаюць пладзіцца, нібы трусы.
У чым тут фішка? Растлумачу на прыкладзе. Уявім сабе немаладога чалавека з багатым жыццёвым досведам, як дазволіў яму пасадзіць дрэва, вырасціць сына, пабудаваць дом і плюс да гэтага джэнтльменскага набору асвоіць адну складаную сучасную прафесію.
Ці даверым мы гэтаму чалавеку выдаліць апендыцыт свайму дзіцяці пры ўмове, што прафесійна ён да медыцыны ў цэлым і да хірургіі ў прыватнасці ніякага дачынення не мае? Адказ відавочны, бо правядзенню такой аперацыі павінны папярэднічаць гады вучобы ды практыкі пад кіраўніцтвам спецыялістаў. А што тычыцца жыццёвага вопыту, наўпрост з хірургіяй не звязанага, то яго аб'ём ніяк не здольны паўплываць на ўменне выразаць апендыцыт.
Не прынясе карысці гэты багаты жыццёвы вопыт і для разумення працэсаў, якія адбываюцца ў ядрах біялагічных клетак ды ў нетрах галактык. Спіс лёгка можна працягнуць. Але з агульнага правіла ёсць выключэнне — гэта палітыка, у якой, калі верыць прыказцы, разбіраюцца ўсе.
Карані такога меркавання пра дасведчанасць у палітыцы растуць з неразумення таго факту, што паміж бытавым узроўнем і ўзроўнем макрапрацэсаў пралягае мяжа, непераадольная з дапамогай жыццёвага вопыту. Падабаецца гэта камусьці ці не, але працэсы на мікра- і макраўзроўні рэгулююцца рознымі законамі.
У прыватнасці, дзяржава не з'яўляецца аналагам сям'і. Неразуменне гэтай азбукавай ісціны сфарміравала ў Сярэднявеччы наіўнае ўяўленне пра кіраўніка дзяржавы як пра цара-бацюхну, на змену якому ў Новы час прыйшоў «Бацька народаў» (ці проста Бацька).
Такая неадэкватнасць спарадзіла праблему ролі асобы ў гісторыі («калі не ён, дык хто?»). Аднак халоднае не варта блытаць з мокрым. Гэта ў сям'і ролю яе кіраўніка часам складана пераацаніць, але ў соцыумах, якія налічваюць мільёны чальцоў, межы магчымага для лідара вызначаюцца культурай. Без спецыяльных ведаў іх і ў першым набліжэнні не ацаніць.
Шматаблічная ідэнтычнасць
Вайна, якую яе ініцыятары спрабуюць замаскіраваць пад абрэвіятурай СВА, спарадзіла ў многіх нацыянальна арыентаваных беларусаў негатыўнае стаўленне да ўсіх рускіх, дый наогул да ўсяго рускага.
Нечакана (для аўтара) высветлілася, што паміж беларусамі і рускімі няма нічога агульнага. І гэта нягледзячы на наяўнасць агульнай мяжы, якая на працягу стагоддзяў неаднаразова пасоўвалася то на захад, то на ўсход. Цікава, пагадзіцеся.
Між тым, археолагаў не здзівіш знаходкамі бурштыну на неалітычных стаянках у Паўднёвай Еўропе, што сведчыць пра кантакты паміж народамі, аддзеленымі адзін ад аднаго тысячамі кіламетраў, яшчэ ў дагістарычныя часы. А тут суседзі — і ніякага ўплыву адзін на аднаго! Як так?
Сцвярджэнне ж пра тое, што беларусы і рускія з'яўляюцца часткай адной цывілізацыі, выклікае ў многіх актыўнае выдзяленне сліны — і ў першую чаргу ў тых, хто не здольны даць вызначэнне гэтай форме арганізацыі сацыяльнага жыцця.
Як гарох ад сценкі ад праціўнікаў агульнасці двух народаў-суседзяў адскоквае той факт, што ў першым набліжэнні пра цывілізацыйную прыналежнасць мяркуюць паводле адзінства рэлігіі, шрыфту і мовы. Але ж ці гэта крытэрыі!? У Расіі — бліны, а ў Беларусі — дранікі. Дык пра што тут весці гаворку!
Існуе і больш важкі аргумент: калі беларусы з'яўляюцца часткай расійскай цывілізацыі, дык ці могуць яны пры гэтым заставацца беларусамі? Прыкладна гэтак жа, як французы, немцы, італьянцы адчуваюць сваю прыналежнасць адначасова да і канкрэтнай нацыі, і да заходне-хрысціянскай цывілізацыі.
Гэта ж розныя ўзроўні ідэнтычнасці! Іх у кожнага з нас — як у сучкі блох. Нішто не перашкаджае чалавеку ўсведамляць сябе адначасова ўнукам, сынам, бацькам, дзедам, мужам сваёй жонкі і чальцом садаводчага таварыства «Крынічка».
Цывілізацыйная прыналежнасць — не тое, што асобныя разумнікі думаюць наконт гэтага, а тое, што насамрэч думаюць самі людзі. Так, у сакавіку 2016 года падчас апытання НІСЭПД 65,8 працэнта рэспандэнтаў пагадзіліся з тым, што беларусы, рускія і ўкраінцы з'яўляюцца трыма галінамі аднаго народа, не пагадзіліся — 28,6 працэнта, а 5,6 працэнта — не здолелі адказаць. Прыкладна такія ж суадносіны фіксавалася на працягу дваццаці гадоў працы НІСЭПД.
А як жа тут не паліваць?
Што тут можна запярэчыць? А што заўгодна. Напрыклад, выказаць сумневы наконт незалежнасці сацыёлагаў. Маўляў, хто плаціць — той і замаўляе музыку. Гучыць на першы погляд пераканаўча. Але хто аплачваў апытанні НІСЭПД? Не родная ж дзяржава для народа, якая пастаянна да месца і не да месца разважае пра адзінства трох славянскіх народаў! Заходнія ж спонсары схільнасцю заганяць народы на постсавецкай прасторы пад плінтус «рускага свету» ніколі не вызначаліся.
Любая спроба дамагчыся абгрунтавання катэгарычнасці і рашучасці, з якімі мае апаненты адмаўляюць агульнасць паміж беларусамі і рускімі, заканчваецца нічым. Даць спасылкі на ўласныя навуковыя працы або на працы аўтарытэтных аўтараў яны наадрэз адмаўляюцца. Уласную ж рашучасць у лепшым выпадку апраўдваюць спасылкамі на інтуіцыю. І так працягваецца з года ў год.
Камяні ў агарод НІСЭПД з боку апазіцыйна настроеных да ўлады беларусаў ляцелі заўсёды. Іх не задавальняла тое, што, насуперак інтуіцыі, пачынаючы з 1992 года, на працягу 24 гадоў сацыёлагі фіксавалі прыкметную колькасную перавагу прыхільнікаў аб'яднання з Расіяй над прыхільнікамі еўраінтэграцыі.
З гэтым нічога не зрабіць. Калегі на Усходзе сутыкаюцца з аналагічнай праблемай. Прывяду фрагмент з перапіскі з «Левада-цэнтрам» ад 10 чэрвеня: «Нашы даныя жудасныя, і нас паліваюць брудам усе, хто толькі хоча. Маўляў, мы ганьбім рускі народ, хлусім і працуем на ўладу. Бо мы ж да гэтага часу не прызнаны непажаданай арганізацыяй... Германіі спатрэбілася не менш за 10 гадоў, каб пачаць мяняцца, так што перспектывы вельмі сумныя».
А як жа тут не паліваць, калі, паводле звестак травеньскага апытання, дзейнасць Пуціна падтрымліваюць 82% расіян, і такі ж працэнт падтрымлівае дзеянні ўзброеных сіл Расіі ва Украіне (адназначна падтрымліваюць — 44% і хутчэй падтрымліваюць — 38%).