Незалежныя СМІ і асабістая бяспека. Чаму неабходна падтрымліваць недзяржаўныя медыя

Часам мы не зважаем на тое, што працуе. Яно становіцца нам звыклым, будзённым, штодзённым… І нібыта так яно будзе заўсёды. Але калі яно ламаецца — мы адчуваем, што без гэтага мы жыць не можам. Памятаеце моманты, калі ў вас знікаў Інтэрнэт? З незалежнымі СМІ — тая ж гісторыя.

img_20210726_101308_269_1.webp

Мы не зважаем на каштоўнасць незалежных СМІ, неперадузятай інфармацыі да тых часоў, пакуль гэта не становіцца крытычна важным. А ў час адноснага «спакою» нам нібыта і ўсё адно, ёсць яны ці няма. Пішуць там сабе нешта, неяк працуюць, нешта цікавае можна пачытаць… Але калі гэтая сістэма ламаецца, раптам мы высвятляем, што без гэтага нам немагчыма.

Гэта ўжо неаднаразова было ў найноўшай гісторыі Беларусі. Незалежныя і недзяржаўныя выданні зазнавалі шмат ціску. Некаторыя ў свой час вымушаныя былі друкавацца за мяжой. Некаторым «абрэзалі рэкламу» — калісьці Лукашэнка выдаў указ, па якім дзяржпрадпрыемствы маглі замаўляць рэкламу толькі ў дзяржаўных выданнях. Калісьці беларускія медыя шмат судзілі «за абразу гонару і годнасці», а да кагоcьці і прыходзілі з ператрусамі яшчэ да таго, як гэта стала мэйнстрымам.

І грамадства збольшага на гэта не зважала. Маўляў, гэта іхныя праблемы, чаго туды ўторквацца. Але калі ў 2020-м масава абрубілі інтэрнэт, калі ў Беларусі забаранілі «Народную Волю» і «Камсамольскую праўду», калі разнеслі «TUT.BY» і «БелаПАН»— толькі тады грамадства зразумела каштоўнасць незалежных медыя.

І тады сітуацыю ратавалі «малыя выданні»: «Брэсцкая газета», Hrodna.life, «Віцебскі кур’ер» і іншыя. У іх шэрагу быў і «Новы час» — наклад папяровага выдання вырас утрая, а сайт перасягаў сотні тысяч праглядаў. І, зразумела, гэтыя «малыя» пайшлі ў другім шэрагу «зачысткі» СМІ і таксама вымушаныя былі пакінуць Беларусь.

Але, тым не менш, уся сістэма недзяржаўных дэмакратычных СМІ ў Беларусі мае і працягвае мець уплыў на грамадства. Узяць хаця б тое, чаму беларускае войска і беларускія салдаты не ўдзельнічаюць у вайне ва Украіне на баку Расіі. Нехта думае, што яны не ўдзельнічаюць, таму што Лукашэнка гэтага не хоча. Але чаму ён гэтага не хоча? Таму што ведае: 90% насельніцтва Беларусі не ўхваляе ўдзелу беларускага войска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны.

А чаму 90% насельніцтва Беларусі не ўхваляе ўдзелу беларускага войска ў расійскай агрэсіі супраць Украіны? Таму, што яны чытаюць не расійскую прапаганду, а беларускія недзяржаўныя СМІ, якія, хоць і выціснутыя з Беларусі ўжо доўгі час, усё яшчэ маюць уплыў на беларускую аўдыторыю і на думку грамадства.

Расійскай прапагандзе хапіла паўгода, каб арганізаваць ва Украіне ў 2014-м «рускую вясну» — нагадаем, што яна не абмяжоўвалася Крымам, Луганскам і Данецкам, прарасійскія выступы былі і ў Харкаве, Марыўпалі, Адэсе… Расійскай прапагандзе было дастаткова тых жа паўгода, каб падрыхтаваць расійскае грамадства да нападу на Украіну ў 2022-м… А беларусы, нягледзячы на «агульную інфармацыйную прастору з Расіяй», дагэтуль — праз тры гады пасля пачатку вайны — ваяваць не хочуць. Іх не пераканалі ні Салаўёў, ні Скабеева… Чаму?

Таму што ў беларусаў ёсць свае ўлюбёныя СМІ — беларускія, недзяржаўныя, незалежныя.

І вось такім чынам незалежныя СМІ сталі фактарам таго, што ў нашы сем’і не прыходзіць «груз 200», што нашы хлопчыкі і дзяўчынкі не гінуць ва ўкраінскіх стэпах.

Глядзіце таксама

Гэта толькі адзін прыклад важнасці беларускіх недзяржаўных медыя. А ёсць яшчэ шмат іншага. Захаванне сапраўднай, несфальсіфікаванай гісторыі Беларусі — гэта магчыма цяпер ці не толькі ў незалежных медыя. Захаванне беларускага дыскурсу, альтэрнатыўнага пункту погляду, пляцовак для экспертаў, тлумачэнняў і расследаванняў і іншае, іншае, іншае.

Ці магчымы бы быў 2020-ты год, каб цягам дзесяцігоддзяў да яго незалежныя СМІ не нагадвалі ўсім пра бел-чырвона-белы сцяг і герб «Пагоня»? Наша перакананне — наўрад ці.

Рэвалюцыя змянілася контррэвалюцыяй, а незалежныя СМІ аказаліся ў выгнанні — адарваныя ад продажу газет, ад рэкламнага рынку, ад фінансавай падтрымкі, за якую ў Крымінальным кодэксе РБ ёсць адразу некалькі артыкулаў з цяжкім пакараннем. Сайты заблакаваныя, за падпіску на сацсеткі людзей у Беларусі арыштоўваюць… Спадзявацца даводзіцца ў асноўным на донарскую падтрымку, палова з якой, як высветлілася са спрэчкі Паўла Латушкі і Андрэя Ягорава, да нашых СМІ не даходзіць. А гэтая падтрымка яшчэ і скарачаецца.

І ці не адзіны шлях падтрымання незалежных СМІ — гэта падтрымка чытачоў. Чытачоў, аўдыторыі, спонсараў — называйце як заўгодна. Беларусы мусяць падтрымліваць незалежныя СМІ — для таго, каб мець альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі. Каб супрацьстаяць расійскай прапагандзе. Каб захоўваць незалежную і суверэнную Беларусь.

А за гэтымі гучнымі словамі — каб беларускія маладзёны не ішлі на чужую вайну і не вярталіся адтуль у цынкавых трунах. У тым ліку і для гэтага працуюць незалежныя медыя. Для кожнай сям’і.

Цяпер у складанай сітуацыі аказаўся «Новы Час». Наша выданне заўсёды стаяла на прадэмакратычных і прабеларускіх пазіцыях. І без вашай падтрымкі мы можам скараціць, а тое і спыніць выхад.

Дапамагаючы «Новаму Часу» вы ўкладаецеся не толькі ў захаванне беларускага медыя. Гэта ваш унёсак у тым ліку і ў асабістую бяспеку. Бо ўжо цяпер заходнія эксперты разважаюць, хто будзе наступнай ахвярай агрэсіі Расіі — Польшча ці Літва.

Каб не дапусціць гэтай агрэсіі, каб захаваць у беларускім грамадстве антываенны кансэнсус — таксама трэба дапамагаць незалежным СМІ.

Хацелася б, каб такая падтрымка была рэгулярнай, але пакуль вы можаце зрабіць унёсак не толькі ў свабоду слова — ва ўласную бяспеку. 

Падтрымайце «Новы Час»! 

Данат крыптавалютай:

  • BTC: bc1qxppppqz8rk7eq6ffuen6j6mzcd2yelhc9fu2rw
  • ETH: 0x14CB0D2b53235E5BF992EF115C9270a22461af91