Атака на TUT.BY. З'яўленне сілавікоў, крымінальная справа, блакаванне рэсурса

Адразу некалькі рэдактараў TUT.BY паведамляюць пра тое, што да іх прыйшлі супрацоўнікі ДФР. У тым ліку да галоўнай рэдактаркі Марыны Золатавай.

8nb_7126_hdr_1_1200x560.jpg

Акрамя таго, не адказваюць на званкі супрацоўнікі рэдакцыі, якія былі ў офісе. Паведамляецца таксама, што прадстаўнікі ДФР прыйшлі ў hoster.by — іншую кампанію, заснаваную Юрыем Зісерам.

«Еўрарадыё» перадае, што каля офісу рэдакцыі самага буйнога інтэрнэт-партала Беларусі стаяць бусы, ёсць мужчыны ў масках. Дзверы рэдакцыі запячатаныя поліэтыленам.

200287300054_157132.jpg
200320200362_75363.jpg

Супрацоўнікі ДФР прыйшлі і ў рэгіянальныя офісы TUT.BY.

У прэс-службе КДК, куды ўваходзіць Дэпартамент фінансавых расследаванняў, TUT.BY заявілі, што пакуль не гатовыя каментаваць сітуацыю.

ФОТАФАКТ: дзверы на паверсе Марыны Золатавай выламаныя.

photo_2021_05_18_11_19_45.jpg

Тым часам, перадае «Наша Ніва», перасталі выходзіць на сувязь журналісты незалежных выданняў, якія прыехалі да офіса Tut.by. Сярод іх Арцём Маёраў, Дар'я Буракіна, Аляксандр Чарнуха.

Камітэт дзяржаўнага кантролю (ДФР уваходзіць у яго структуру) распачаў крымінальную справу ў дачыненні да менеджараў партала. У цэнтры ўвагі там ухіленне ад уплаты падаткаў — даволі папулярны артыкул для такіх выпадкаў. Падрабязнасці — тут.

Сам партал TUT.BY ужо заблакавалі. А ў дадатак да ўсяго перастала выходзіць на сувязь Юлія Чарняўская — удава Юрыя Зісера, гадавіна смерці якога была ўчора.

Мінінфарм патлумачыў блакаванне TUT.BY «фактамі парушэння "Закона аб СМІ"». Падрабязней па спасылцы.

Святлана Ціханоўская выступіла з адмысловай заявай з нагоды справы TUT.BY.

«Сёння мы ўсе — сведкі наўмыснага забойства медыя і незалежнага партала TUT.BY, — сказала Святлана Ціханоўская. — Ён 20 гадоў спраўна паведамляў беларусам сумленныя навіны і быў узорам незалежнай прэсы. Многія асцерагаліся, што так і адбудзецца, але гэта зусім іншае пачуццё, калі глядзіш на паслядоўнае знішчэнне свабоды на ўласныя вочы. Зборышча людзей, якія ўтрымліваюць уладу ў Беларусі, — гэта і ёсць сапраўдны акупацыйны рэжым: яны забіваюць СМІ, забіваюць партыі і супольнасці, забіваюць нас — на вуліцах і ў турмах.

Я і мая каманда ўжо знаходзімся на сувязі з кіраўніком Еўракамісіі Урсулай фон дэр Ляен. Мы патрабуем неадкладнай рэакцыі ЕС, тэрміновага запуску праграмы падтрымкі незалежных СМІ, абароны журналістаў і дапамогі для працягу працы, насуперак рэпрэсіям. Мы настойваем, што трэба ўвесці санкцыі ў дачыненні да ўсіх адказных за рэпрэсіі ў адрас рэдакцый, журналістаў і блогераў».

Беларуская асацыяцыя журналістаўпрыняла тэрміновую заяву ў сувязі з падзеямі вакол TUT.BY. БАЖ лічыць дзеянні сілавікоў працягам наступу на свабоду слова. «Спасылкі ўлад на эканамічныя парушэнні, якія нібыта сталі падставай для пераследу, ужо шмат гадоў актыўна выкарыстоўваюцца дзеля абгрунтавання рэпрэсіўных захадаў супраць праваабаронцаў, медыя, незалежных прафсаюзаў», — адзначаецца ў дакуменце..

14:40Тэлеграм-канал TUT.BY перадае, што завяршыліся ператрусы ў некаторых рэдактарак партала. У іх канфіскаваная тэхніка, але ім не нададзена ніякага працэсуальнага статусу.

У пасольстве ЕС у Беларусі пракаментавалі сітуацыю з TUT.BY.

«Беларускі партал TUT.BY — флагман беларускай журналістыкі на працягу 20 гадоў, яго чытаюць і цэняць большасць карыстальнікаў Інтэрнэту ў краіне і многія за яе межамі, у тым ліку і дыпламаты, якія працуюць з Беларуссю. Свабода СМІ павінна быць забяспечана», — напісана на фэйсбук-старонцы пасольства ЕС у Беларусі.

Сітуацыю каментуе шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько. На яго думку, знішчэнне TUT.BY — гэта наймагутнейшы ўдар па эканоміцы.
15:20 Скончыўся ператрус у галоўрэда TUT.BY Марыны Золатавай, перадае «Еўрарадыё». Сілавікі выйшлі з яе кватэры, бачна, што яны выносілі тэхніку. Саму Золатаву вывелі праз чорны ход і звезлі.

Скончыліся ператрусы ў некаторых рэгіянальных офісах TUT.BY, перадае тэлеграм-канал партала.

У Брэсце да супрацоўнікаў TUT.BY прыйшлі каля 10.40 раніцы з пастановай на ператрус па артыкуле аб ухіленні ад выплаты падаткаў. Аператыўнікі з ДФР працавалі каля гадзіны, канфіскавалі ўсю тэхніку і дакументы, а таксама мабільныя тэлефоны супрацоўнікаў. Затрыманняў не было.

У гомельскі офіс прыйшлі а 10.15 раніцы, шэсць чалавек у цывільным прадставіліся супрацоўнікамі ДФР. Ператрус праводзілі старанна, забралі ўсю тэхніку і мабільныя тэлефоны. Завяршыўся ператрус прыкладна ў 13.30. Таксама аператыўнікі працавалі ў офісах Віцебска, Магілёва і Гродна, інфармацыя ўдакладняецца.

15.33 Пасля 15.00 супрацоўнікаў кампаніі Hoster.by сталі выпускаць з кабінетаў у іх офісе, дзе яны сядзелі пад наглядам сілавікоў.

Дырэктара кампаніі Сяргея Павалішава звезлі. Яго статус невядомы.

У кампаніі таксама запэўнілі, што тэхнічная служба hoster.by працуе ў штатным рэжыме.

Журналістку Tut.bу і БелаПАН Алену Талкачову вывелі з дому на допыт у ДФР. «Я сведка», — паспела сказаць яна.

Праваабаронцам «Вясны» паведамілі пра затрыманне супрацоўніцы TUT.BY Дар'і Брыль. Сілавікі раніцай прыйшлі да яе дадому. У кватэры, дзе яна жыве з суседкамі, правялі ператрус. Забралі тэхніку ў Дар'і і суседак. Пасля сілавікі забралі Дар'ю з сабой.


15.50. Паводле даных праваабаронцаў, удава заснавальніка TUT.BY Юрыя Зісера Юлія Чарняўская знаходзіцца пад канвоем у 1-й бальніцы. У яе праблемы з сэрцам. З раніцы яна перастала выходзіць на сувязь.

Юлія Чарняўская зараз знаходзіцца ў кардыялагічным аддзяленні 1-й бальніцы ў Мінску. Як стала вядома Onliner.by, яна перанесла гіпертанічны крыз, медыкі аказалі ёй дапамогу. Побач з ёй у бальніцы знаходзіцца аператыўнік. У якім статусе Юлія, чаму да яе прыйшлі дадому і зараз суправаджае ў бальніцы праваахоўнік, невядома.

16.00. У офісе Rabota.by таксама прайшлі ператрусы. Пакуль інфармацыі аб тым, што там адбываецца, няма.

16.05. Пра лёс журналістаў, якія знаходзіліся каля офіса Tut.by, да гэтага часу нічога не вядома.

Сёння каля 11:00 перасталі выходзіць на сувязь журналісты, якія паехалі асвятляць падзеі да офіса Tut.bу. Прайшло больш за 5 гадзін, а пра знаходжанне Аляксандра Чарнухі (Onliner), Арцёма Маёрава («Беларусы і рынак»), Дар'і Буракінай («Наша Ніва» і Tut.bу) і Алены Доўнар да гэтага часу нічога не вядома.

У міліцыі адказваюць, што ні ў адным са сталічных РУУС іх няма. У ДФР і СК інфармацыяй не валодаюць.

Жонка Аляксандра Чарнухі паведаміла пра яго знікненне ў міліцыю, але ніякай зваротнай сувязі пакуль не атрымала.

Паведамляюць, што журналісты могуць знаходзіцца ў Маскоўскім РУУС, але там гэтую інфармацыю абвяргаюць і кажуць, што ніхто да іх не паступаў.

19:00 Рэдактарка Вольга Лойка затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. З раніцы яна была ў офісе рэдакцыі, там яе і затрымалі сілавікі.

Яе працэсуальны статус пакуль невядомы, паведамляе @tutby_official

Праваабарончы цэнтр «Вясна» апублікаваў спіс затрыманых супрацоўнікаў TUT.BY:

- генеральны дырэктар Людміла Чэкіна

- намесніца галоўнага рэдактара Вольга Лойка — затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна. З раніцы яна была ў офісе рэдакцыі, там яе і затрымалі сілавікі. Яе працэсуальны статус пакуль невядомы

- галоўны бухгалтар Анжэла Асад

- намеснік бухгалтара Марыя Новік

- намеснік дырэктара Ірына Рыбалка

- дырэктар па персаналу Надзея Адамовіч

- намеснік галоўнага рэдактара Максім Гайко — увечары выйшаў на волю пасля допыту ў ДФР. Ён знаходзіцца ў статусе сведкі, даў падпіску аб невыдаванні.

- журналіст Алена Талкачова — затрыманая на 72 гадзіны і знаходзіцца ў ізалятары на Акрэсціна.

- інжынер-праграміст Віталь Каліноўскі — адпушчаны дадому. Ён пад падпіскай аб невыдаванні.

- бізнес-аналітык Вадзім Трусаў

- начальнік аддзела маркетынгу Ганна Заяц

- начальнік аддзела продажаў Марына Кушнярэвіч

- менеджар Андрэй Аўдзееў.

Як стала вядома праваабаронцам «Вясны», таксама «па справе TUT.BY» была затрыманая Ганна Воранава. Да яе раніцай прыйшлі сілавікі і затрымалі — дагэтуль яна не выходзіць на сувязь.

19:50 Галоўная рэдактарка Марына Золатава — падазраваная, паводле слоў мужа, яе адвязуць на Акрэсціна пасля допыту ў ДФР, паведамляе @tutby_official. Адваката да яе не пусцілі, «таму што сёння не будзе следчых дзеянняў».

21:40 З офіса TUT.BY паступова адпускаюць людзей, паведамляе БАЖ. Прыкладна, па адным чалавеку ў 10 хвілін. Супрацоўніца, якую адпусцілі толькі што, расказала, што ў офісе агулам застаюцца яшчэ каля 20 чалавек. Сілавікі забралі ў іх тэлефоны і з кожнага бяруць падпіску аб неразгалошванні.

22:52 Еўрарадыё паведамляе, што журналіст onliner.by Аляксандр Чарнуха амаль 12 гадзін знаходзіўся ў рэдакцыі TUT.BY падчас вобшуку. Каля 22:30 яго вывелі з будынку і пасадзілі ў машыну. Куды павезлі журналіста, пакуль не вядома.

Дагэтуль няма інфармацыі і аб фатографцы TUT.BY Дар'і Буракінай.