«Любыя масавыя рэпрэсіі б’юць па сістэме мацней, чым па ахвярах»

Шэф-рэдактар «Нашай Нівы» Андрэй Дынько адзначае, што знішчэнне TUT.BY — гэта наймагутнейшы ўдар па эканоміцы.

file_6614cecc5d3187267ecd6da4cf1305cf.jpg


«Аб’ектыўная інфармацыя — гэта паветра сучаснай эканомікі. На еўрапейскім кантыненце грошы не ідуць туды, дзе няма якасных СМІ, — пiша Андрэй Дынько. — Па-другое, разгром TUT.BY прывядзе да паскарэння адтоку ІТ-сектара з Беларусі. Атрымліваецца, што ўключэнне любой кампаніі ў ПВТ можна прызнаць незаконным, а віну ўскласці не на тых, хто ўключаў, а на кампаніі ПВТ? Абсурд — але так інтэрпрэтуе сённяшнія падзеі ІТ-бізнес.

Па-трэцяе, разгром TUT.BY павялічвае імавернасць увядзення новых санкцый ЕС супраць лукашэнкаўцаў — прычым яны ўпершыню могуць стацца не сімвалічнымі, а рэальнымі.

Блакаванне TUT.BY таксама падводзіць рысу пад ранейшым этапам існавання СМІ ў Беларусі. Разгром флагмана медыя адкідвае нацыянальныя СМІ на дзесяцігоддзі і зробіць дзяржаву яшчэ больш інфармацыйна залежнай ад Расіі. Спатрэбіцца мабілізацыя грамадства на падтрымку тых беларускіх СМІ, якія застаюцца — унутры краіны і за яе межамі.

Людскія пакуты, боль, траўмы ў выніку рэпрэсій неацэнныя, але трэба памятаць, што любыя масавыя рэпрэсіі б’юць па сістэме мацней, чым па ахвярах».