Адэская трагедыя: Хто вінаваты?
«Гэта магло стаць нашай перамогай, а стала нашай трагедыяй», — такім чынам Марк Гардзіенка, адзін з арганізатараў адэскага Майдану, пракаментаваў падзеі 2 мая. Але хто вінаваты ў гэтай трагедыі?
Адэса. Дом прафсаюзаў 6 мая 2014 года. Фота Зміцера Галко
2 мая прарасійскімі актывістамі вельмі жорстка было атакавана шэсце за адзіную Украіну — менавіта яны першымі, без прычыны, пралілі кроў. Калі ж прыхільнікі яднання з Расіяй нечакана атрымалі моцны адлуп, хтосці даўмеўся завесці антымайданаўцаў у будынак Дому прафсаюзу, што стала для іх фатальнай пасткай.
Як расказаў мне вартаўнік будынку Дома прафсаюзаў, напярэдадні ён атрымаў загад ад чалавека па прозьвішчы Баратынскі (мой суразмоўца не патлумачыў, хто гэта) зачыніць усе дзверы і нікому іх не адчыняць. Загад ён выканаў. А пасля таго, як да будынку прыйшлі антымайданаўцы з патрабаваннем адчыніць дзверы — па іх словах, каб стварыць шпіталь для параненых, — той жа самы Баратынскі загадаў выклікаць міліцыю. Міліцыя, па словах вартаўніка, не з’явілася.
Тым часам антымайданаўцы пачалі ламаць уваходныя дзверы. Са словаў іншых відавочцаў, актыўна заклікаў хавацца ў будынку нейкі дэпутат абласной рады, чыё прозвішча невядома. Сам жа ўсярэдзіну не пайшоў. Як распавёў далей вартаўнік, людзі, якія ўвайшлі ў будынак, самі зладзілі падпал каля ўваходу. Можна выказаць здагадку, што для стварэння вогненнай барыкады.
Вартаўнік больш нічога не бачыў, бо вырашыў за лепшае збегчы з будынку, аднак антымайданаўцы, з якімі мне ўдалося паразмаўляць, казалі пра вялікую колькасць старых шынаў усярэдзіне, каля ўваходу. Яны мяне запэўнівалі, што іх туды загадзя завёз… «Правы сектар». Зрэшты, там і без меркаваных шынаў хапала гаручага матэрыялу — старых сінтэтычных дываноў, напрыклад.
Відавочцы з боку майданаўцаў, якія не прымалі непасрэднага ўдзелу ў штурму будынку, кажуць, што бачылі, як часцяком няўдала з сярэдзіны, праз краты і шкло, кідалі кактэйлі Молатава. Якія запальваліся ў памяшканні. Ускосна на карысць гэтай версіі сведчыць вялікая колькасць аскепкаў звонку.
Атрымаць цэльную карціну трагедыі зараз вельмі цяжка. Антымайданаўцы напужаныя і настроеныя вельмі агрэсіўна. Перабыванне сярод іх каля будынку Дома прафсаюзаў ледзь не скончылася для мяне чарговым захопам. Групу тэлеканала СТБ на маіх вачах прымусілі ледзь не паклясціся, што яны зробяць такі рэпартаж, як ім загадаюць. Любыя пытанні, якія антымайданаўцам не падабаліся, сустракаліся лямантам. Для іх усё вельмі проста — «фашысты жыўцом спалілі сотні бязвінных людзей, у тым ліку цяжарных жанчын і дзяцей, па загаду кіеўскай хунты, што тут яшчэ высвятляць». Многія майданаўцы прыгнечаныя і таксама не ідуць на кантакт.
Але з таго, што мне ўдалося даведацца, першыя высновы аб вінаватых у трагедыі зрабіць можна. Гэтыя тыя, хто арганізаваў напад на шэсце за адзіную Украіну, і тыя, хто завёў людзей у будынак Дому прафсаюзаў. Вядома ж, і міліцыя, якая не прыехала на выклік. У меншай ступені пажарныя, бо працаваць у баявых умовах яны папросту не маглі. У роўнай ступені дзеляць паміж сабой віну тыя, хто «загуляўся», працягваючы бой з сярдзіны і звонку Дома прафсаюзаў.
Ёсць і самы галоўны вінаваты — гэта той, хто рыхтуе на 9 мая чарговую «рускую перамогу», жадаючы задаволіць свае хваравітыя амбіцыі. Менавіта яму больш за ўсіх была патрэбная новая «Хатынь», якая прыхавае шматлікія злачынствы, ужо здзейсненыя пад сцягам рускай дзяржавы.
Майданаўцы ўжо звыклі да таго, што ім даводзіцца часам ахвяраваць сваім жыццём. Але не прынялі навязаную звонку логіку грамадзянскай вайны, таму не лічаць вялікую колькасць ахвяраў з таго боку барыкадаў «нанесеным праціўніку ўронам».
Тым часам Антымайдан, наадварот, успрымае тое, што адбылося, менавіта ў тэрмінах вайны. Вайны, якая мінула амаль 70 гадоў таму. Каля будынку Дома прафсаюзаў, дзе загінула большая частка людзей, няма прысвечанага ім мемарыялу ў выглядзе прыжыццёвых здымкаў з імёнамі. Затое ёсць здымкі трупаў, плакаты з праслаўленнем «рускіх перамогаў» і надпісамі «Хатынь».
Мяркую, няма патрэбы тлумачыць, што гэта страшэннае прапагандысцкае перабольшванне, але ў падзеяў 2 мая ў Адэсе сапраўды можна адшукаць агульныя рысы з гісторыяй вогненнай беларускай вёскі.
Па-першае, свядома ці несвядома, партызаны «падставілі» яе жыхароў, пасля праведзенай імі аперацыі, не паклапаціўшыся аб тым, каб адвесці ўдар ад мясцовых жыхароў. Пакінутыя імі сляды прывялі карніцкі батальён у вёску. Беларуская пісьменніца Алена Кобец-Філімонава, аўтарка дзвюх кнігаў пра Хатынь, прама ўскладае частку віны за трагедыю на партызанаў. Не выключана, што гэта магло быць і свядомай правакацыяй.
Па-другое, ёсць пэўныя падставы лічыць, што Хатынь стала сімвалам трагедыі народа пад акупацыяй праз сугачнасць з Катынню, то бок для прыкрыцця ўласных злачынстваў дзяржавы — «пераможцы фашызму».
P.S.:
У МУС Украіны таксама лічаць, што прадстаўнікі Еўрамайдана не маюць дачынення да ўзнікнення пажару ў Доме прафсаюзаў у Адэсе 2 мая. Пра гэта паведаміў намеснік кіраўніка МУС Сяргей Чабатар. Ён адзначыў што ўзгаранне Дома прафсаюзаў пачалося па віне тых, хто знаходзіўся ўнутры. Загінулых ад агнястрэльных раненняў у Доме прафсаюзаў няма, у асноўным, людзі там памерлі ад удушша (хтосьці згарэў). Па словах Чабатара, ніхто з тых, хто аблажыў Дом прафсаюзаў, унутр не ўваходзіў, і ніякай барацьбы паміж майданаўцамі і антымайданаўцамі ўсярэдзіне не было.
"Учора ж у ходзе закрытага пасяджэння кіраўнік СБУ Валянцін Налівайчанка паведаміў, што ў былым Адэскім абкаме КПСС на Куліковым полі знойдзены ёмістасці з асабліва небяспечным хімічным рэчывам. Зараз адбываецца хімічная экспертыза. Больш за тое: СБУ вядома імя чалавека, які прывёз іх у Адэсу. Пасля правядзення ўсіх экспертыз грамадскасць атрымае інфармацыю пра гэта", — напісаў .у Фэйсбук Volodymyr Kurennoy.
Прапануем фота, зробленыя Зміцерам Галко каля і ўнутры Дома прафсаюзаў:
Ззаду такое ўражанне, што гарэла толькі лесвіца
Абсалютна некранутая пажарам лесвіца. Усяго іх у будынку восем, кажуць
Ды і франтон выглядае большай часткай цэлым