Нямецка-беларускія перспектывы сацыяльнага супрацоўніцтва

10 лютага ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў распачалася міжнародная канферэнцыя “Перспектывы сацыяльнага супрацоўніцтва, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый Беларусі і Германіі. Двухдзённае мерапрыемства прысвечана вынікам нямецка-беларускага партнёрства за апошнія тры гады ў межах пятага этапу Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўраду Германіі “Пераадольваючы межы. Гэты этап завяршыўся ў снежні 2011 года.

10 лютага ў Мінскім Міжнародным адукацыйным цэнтры імя Яханэса Раў распачалася міжнародная канферэнцыя “Перспектывы сацыяльнага супрацоўніцтва, у якой удзельнічаюць прадстаўнікі некамерцыйных арганізацый Беларусі і Германіі. Двухдзённае мерапрыемства прысвечана вынікам нямецка-беларускага партнёрства за апошнія тры гады ў межах пятага этапу Праграмы падтрымкі Беларусі федэральнага ўраду Германіі “Пераадольваючы межы. Гэты этап завяршыўся ў снежні 2011 года.
Праграмай канферэнцыі прадугледжаны дыскусіі на такія тэмы, як “Распрацоўка сацыяльнага партнёрства, дзяржаўная сацыяльная замова, магчымасці працаўладкавання для людзей з абмежаванымі магчымасцямі, “Распрацоўка канцэпцыі энергаэфектыўнасці і аднаўляемай энергетыкі, “Мясцовыя стратэгіі ўстойлівага развіцця, значэнне і перспектывы сеткавага ўзаемадзеяння ўнутры краіны ў галіне ўстойлівага развіцця ды іншыя. Падчас канферэнцыі адбудзецца таксама і прадстаўленне канцэпцыі перасоўнай выставы па тэматыцы катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі, а таксама прэзентацыя новага этапу Праграмы падтрымкі нямецка-беларускага партнёрства.
Як распавёў журналістам на прэс-канферэнцыі перад пачаткам мерапрыемства выканаўчы дырэктар Дортмундскага міжнароднага адукацыйнага цэнтра (ФРГ) Петэр Юнгэ-Вэнтруп, за дзесяць год існавання Праграмы рэалізаваны каля 180 праектаў у такіх накірунках, як адукацыя дарослых, сацыяльная праца, ахова навакольнага асяроддзя і экалогія, таксама ўстойлівае развіццё ды іншыя. Па словах спадара Юнгэ-Вэнтрупа, федэральнае Міністэрства эканамічнага супрацоўніцтва выдаткавала на гэтыя мэты 7,8 мільёна еўра. На апошнім этапе для 42 праектаў ажыццяўлялася паралельная праграма іх суправаджэння.
“Рэалізацыя праектаў адбываецца ў рамках беларуска-нямецкага супрацоўніцтва… Асаблівая ўвага надаецца арганізацыі дыялогу паміж структурамі грамадзянскай супольнасці і органамі ўлады… Найбольш важнымі для нас з’яўляецца партнёрства паміж нямецкімі і беларускімі ініцыятывамі з той мэтаю, каб паміж імі ўзнікла сапраўднае дзейснае партнёрства, узаемны давер, каб гэтае партнёрства паміж ініцыятывамі працягвалася незалежна ад наяўнасці праграм падтрымкі, без часавых абмежаванняў, — падкрэсліў выканаўчы дырэктар Дортмундскага МАЦ.  

Марцін Шон, Астрыд Зам, Петэр Юнгэ-Вэнтруп


Паводле Петэра Юнгэ-Вэнтрупа, супрацоўніцтва паміж грамадзянскімі ініцыятывамі дзвюх краін працягваецца нягледзячы на палітычныя замаразкі паміж Беларуссю і Еўропай на самым высокім палітычным узроўні. “Цяперашнюю праграму падтрымкі Беларусі ў сучасных палітычных умовах можна назваць унікумам. У нямецкім Бундэстагу існуе практычна поўнае разуменне і адзінства з таго пункту гледжання, што кааперацыя паміж нашымі народамі ў тым выглядзе, у якім яна існуе ўжо цяпер, павінна быць захавана і працягнута. Я ўжо магу дакладна сказаць, што існуе палітычнае рашэнне аб выдзяленні фінансавых сродкаў на рэалізацыю новага этапу Праграмы падтрымкі Беларусі ў 2012-2013 гадах. Гэтая Праграма атрымала ўхвалу і з боку беларускіх уладаў, — адзначыў выступоўца.
Беларускі дырэктар Мінскага МАЦ доктар Віктар Балакіраў нагадаў, што Праграма падтрымкі Беларусі з’явілася не не пустым месцы. “Гэта вынік супрацоўніцтва велізарнае колькасці грамадскіх арганізацый у Германіі і Беларусі, што ўзніклі пасля распаду Савецкага Саюза і асабліва пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС… Самае важнае ў рэалізацыі гэтай Праграмы – гэта не перадача нейкіх матэрыяльных каштоўнасцей, але перадача вопыту, ведаў, экспертных магчымасцей і экспертнага патэнцыялу. Галоўны стрыжань праграмы – гэта ўзаемадзеянне ў рамках усіх праектаў паміж структурамі грамадзянскай супольнасці і ўладамі. Не канфрантацыя, не недавер, але даверлівыя стасункі і цеснае супрацоўніцтва ў межах таго прынцыпу, які ўжо даўно існуе ў Германіі — прынцыпу субсідарнасці. Гэта калі тыя праблемы, якія дзяржава не ў стане вырашыць сама, яна дэлегуе структурам грамадзянскай супольнасці - ці то ў галіне адукацыі дарослых, ці то ў сацыяльнай галіне або ў сферы аховы навакольнага асяроддзя ці ўстойлівага развіцця.   
Супрацоўнік Дортмундскага МАЦ Марцін Шон (дарэчы, немец, які цудоўна валодае беларускай і расійскай мовамі), паведаміў, што наступная фаза Праграмы будзе больш канцэнтраванай і засяродзіцца на рэалізацыі 10-12 праектаў: “Сярод такіх праектаў – упраўленне нерухомасцю, што зараз становіцца актуальным, агра- і экатурызм, сацыяльныя інавацыі, у тым ліку і сацыяльная замова, устойлівае развіццё з ухілам на стварэнне інфацэнтраў па ўстойлівым развіцці, энергетыка і адукацыя дарослых. 

Віктар Балакіраў

Петэр Юнгэ-Вэнтруп асабліва падкрэсліў, што праблема наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС і надалей будзе знаходзіць сваё месца ў Праграме. “Як прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці мы адзначаем, што дзяржава недастаткова інфармавала насельніцтва аб наступствах катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, пра небяспеку і захворванні, якія звязаныя з гэтай катастрофай і яе наступствамі. Гэта тычыцца не толькі кіраўніцтва былога СССР. Апошнія падзеі, звязаныя з аварыяй на АЭС у японскай Фукусіме, таксама сведчаць пра тое, што дзяржава недастаткова інфармуе насельніцтва пра наступствы такіх падзей, што вядзе да дадатковай небяспекі для людзей. Менавіта таму летась мы зладзілі перасоўную выставу, якая прайшла ў пяцідзесяці гарадах Германіі. Мы паказалі, якія наступствы чакаюць людзей пасля такіх катастроф, якая існуе небяспека для людзей, для рэгіёнаў і для еўрапейскай салідарнасці. Летась у Бундэстагу адбываліся жорсткія дыскусіі на гэтую тэму, таму мы прынялі рашэнне ў 2012 годзе зладзіць кампанію па “асвяжэнню памяці, па нагадванні  пра тыя падзеі дваццацішасцігадовай даўніны ў Беларусі і Украіне. У 25 гарадах гэтых дзвюх краін сёлета можна будзе ўбачыць гэтую выставу. Ва Украіне выстава пачнецца 13 красавіка, у Беларусь яна прыедзе ў кастрычніку. У цэнтры ўвагі гэтых выставаў будуць ліквідатары катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, якія спрычыніліся да тых трагічных падзей і зрабілі велізарны ўнёсак у пераадоленне наступстваў чарнобыльскае трагедыі, - падкрэсліў Петэр Юнгэ-Вэнтруп.