Нямецкая даніна памяці

«Гэта ніколі не павінна паўтарыцца…» Такія словы, звяртаючыся да ветэранаў Вялікай айчыннай вайны, да былых вязняў нацысцкіх канцлагераў, да выгнаных падчас вайны ў Германію прымусовых працаўнікоў — «остарбайтэраў», прамовіў 26 красавіка прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (ФРГ) Маціяс Плацэк. Ён разам з міністрамі свайго ўраду, палітыкамі і буйнымі прадпрымальнікамі прыбыў у Мінск з трохдзённым візітам.



e3ca0449fa2ea7701a7ac53fb719c51a.jpg

«Гэта ніколі не павінна паўтарыцца…» Такія словы, звяртаючыся да ветэранаў Вялікай айчыннай вайны, да былых вязняў нацысцкіх канцлагераў, да выгнаных падчас вайны ў Германію прымусовых працаўнікоў — «остарбайтэраў», прамовіў 26 красавіка прэм’ер-міністр федэральнай зямлі Брандэнбург (ФРГ) Маціяс Плацэк. Ён разам з міністрамі свайго ўраду, палітыкамі і буйнымі прадпрымальнікамі прыбыў у Мінск з трохдзённым візітам.
Свой візіт у Беларусь спадар Плацэк пачаў з наведвання мемарыяльнага комплексу “Яма, размешчанага на тэрыторыі былога Мінскага гета, дзе ўсклаў вянок да ўзножжа помніка забітым нацыстамі яўрэям. Там жа, на “Яме, прэм’ер-міністра Брандэнбургу ўжо чакалі некалькі дзесяткаў сведак падзеяў мінулае вайны, тых, хто перажыў жахі фашысцкай акупацыі.
З “Ямы нямецкая дэлегацыя пешшу (ветэраны паехалі на спецыяльных аўтобусах) накіравалася да былых яўрэйскіх могілак на вуліцы Сухой, дзе зараз знаходзяцца мемарыяльныя камяні, што нагадваюць пра расстраляных у Мінску яўрэяў, прывезеных сюды ў Заходняй Еўропы, у тым ліку з многіх германскіх гарадоў — Кёльна і Бона, Гамбурга і Брэмена.
Маціяс Плацэк звярнуўся да прысутных ветэранаў і былых вязняў са словамі пакаяння ад імя нямецкага народа: “Вялікі дзякуй, што вы пагадзіліся прысутнічаць на нашай сумеснай акцыі памяці. Хаця я магу сабе ўявіць, што пры такіх мерапрыемствах да вас зноў вяртаюцца тыя жахлівыя ўспаміны, і колькі сіл вам гэта каштуе, калі вы зноў перажываеце тыя падзеі. Я вам асабліва ўдзячны як немец, які разумее, што таксама нясе адказнасць за тое, што адбылося ў тыя часы. Некалькі дзён таму ў мяне на радзіме ў зямлі Брандэнбург адбылося вельмі важнае і хвалюючае мерапрыемства да 65-х угодкаў вызвалення канцэнтрацыйных лагераў Равенсбрук і Заксэнхаўзен. Там прысутнічалі нямногія сведкі тых падзеяў, якія знайшлі ў сабе сілы і якім яшчэ дазволіла здароўе скіравацца ў такую далёкую вандроўку. Мы ім паабяцалі, што памяць пра тыя злачынствы і ўрокі, што мы адтуль узялі, захаваем і пасля іх зямнога існавання. Мы будзем вымушаны шукаць новыя формы нагадваць пра тыя жахлівыя падзеі, таму што дагэтуль менавіта сведкі адбытага неслі велізарны цяжар захавання гэтай памяці. Але ўжо сёння, знаходзячыся на гэтым памятным месцы, я абяцаю вам, што мы захаваем гэтую памяць. Мы зробім усё, каб адны людзі ніколі больш не ўчынялі нешта падобнае іншым людзям. З вашых аповедаў я зразумеў, што тут не толькі знішчаліся жыцці людзей, але іх годнасць. Гэтага мы ніколі больш не павінны дапусціць. Гэта я вам абяцаю сёння тут, у Мінску.
Старшыня Саюза беларускіх яўрэйскіх грамадскіх аб’яднанняў і абшчын вядомы скульптар Леанід Левін распавёў нямецкім гасцям пра гісторыю Мінскага гета, пра падзеі, звязаныя з лёсам яўрэйскага народу падчас другой сусветнай вайны.