Не з’ем, дык панадкусваю

Беларускі «харчовы Кландайк» увайшоў у новую, трагікамічную фазу. Расія пачала знішчаць «санкцыйныя прадукты» там, дзе іх знойдзе. Прычым, пад «санкцыйнымі» могуць разумецца і цалкам легальныя пастаўкі, але з «непацверджанымі сертыфікатамі».



0_f1730_e4f188eb_orig.jpg

Паведамленні Рассельгаснагляду нагадваюць зводкі з франтоў. Прадукты знішчаюць сотнямі тон — польскія яблыкі гараць у печах пад Саратавым, іспанскія нектарыны курочацца ў пакутах пад бульдозерамі аж пад Арэнбургам. У Навазыбкаўскім раёне толькі 7 жніўня аб’ём знішчанай садавіны склаў каля 200 тон.

Паводле інфармацыі Рассельгаснагляду, садавіна спрабавала трапіць у РФ з Беларусі на падставе рээкспартных фітасанітарных сертыфікатаў Малдовы і фітасанітарнага сертыфікату Турцыі. Турэччына фітасанітарныя сертыфікаты не пацвердзіла, і 200 тон садавіны бульдозеры закаталі ў зямлю.

А ў Белгарадскай вобласці «пад раздачу» патрапілі нібыта еўрапейскія сыры.

Знішчальнаму працэсу папярэднічала цікавая дыскусія сярод расійскага чыноўніцтва. Шэраг чыноўнікаў высунулі ініцыятыву пра тое, каб прадукты знішчаліся шляхам іх паядання. Насельніцтва з энтузіязмам падтрымала гэтую ідэю: прынамсі, петыцыя ў інтэрнэце за такі спосаб знішчэння санкцыйнай прадукцыі набрала больш за 350 тысяч подпісаў.

Аднак Расспажыўнагляд нікога не пачуў і папярэдзіў, што за такое «знішчэнне» да чыноўнікаў можа быць ужыта крымінальная адказнасць.

Але што тычыцца чыноўнікаў, тое не тычыцца простага народа. Прыпамежныя расіяне зараз масава рынуліся на месцы знішчэння прадуктаў. Бо дзе яшчэ бясплатна атрымаеш свежую садавіну, гародніну ды іншыя харчы еўрапейскай якасці? Тым больш, што ў выніку знішчальных мераў кошты на персікі, вінаград, чарэшню і іншае ў Расіі падскочылі ўдвая, а недзе і ўтрая.

З сырамі ў Белгарадскай вобласці атрымалася таксама цікава. Рассельгаснагляд выклаў фоткі гэтай гераічнай барацьбы. Аднак у інтэрнэце заўважылі, што на адным з фота на галоўцы сыру бачныя пластыкавыя лічбы. Памятаеце, такія трапляліся ў сырах у дзяцінстве?

Ніводзін з еўрапейскіх заводаў падобныя элементы ў сыры не размяшчае — гэта выключна савецкая спадчына. Зараз інфармацыя пра дату вырабу і партыі часцяком выпальваецца лазерам на скарыначцы сыру ці наносіцца на ўпакоўку. Так што цалкам верагодна, што той сыр, паказальна раздушаны расійскімі службамі, быў не французскага альбо швейцарскага паходжання, а меў «краінай прапіскі» Беларусь альбо Украіну.

Увогуле, цікава назіраць за рэакцыяй розных частак інтэрнэт-карыстачоў на знішчальныя акцыі расійскай улады. Рускія абураныя: як можна? Лепш бы аддалі гэтыя прадукты ветэранам, хворым, пацярпелым у месцах катастрофаў, жабракам ці яшчэ каму. Асаблівы гнеў гэтыя акцыі Рассельгаснагляду выклікалі ў Санкт-Пецярбурзе, дзе адразу ж узгадалі пра голад у блакадным Ленінградзе.

Расійцы-памежнікі маўчаць. Інтэрнэт-выданне «Беларускія навіны» з’ездзіла ў Навазыбкаўскі раён і пагутарыла з жыхарамі. Там таксама выказваюць абурэнне, але слаба. Санкцыйныя ж прадукты са сметніку елі амаль усе, прычым, па сведчаннях мясцовых, аб’ядаліся аж два дні. Уяўляеце, колькі было ўтылізавана насельніцтвам! Пры гэтым ніхто не прызнаўся, што быў на сметніку, — усіх неданішчанымі персікамі частавалі неназваныя асобы. І мясцовыя з цікавасцю дапытваліся ў журналістаў: а што яшчэ санкцыйнага зараз стаіць на мяжы?

Шараговыя беларусы ж шчыра ўдзячныя Расіі за пачатак знішчальнай кампаніі. Бельгійскі сыр «Гауда» ў нашых крамах стаў каштаваць у паўтара-два разы менш за прадукцыю айчыннага вытворцы. Сапраўды, чаму б не памяняцца? Мы будзем есці якасныя еўрапейскія сыры, а прадукты нашай вытворчасці гнаць у Расію.

Ёсць адзін момант. Як кажуць нашы адказныя чыноўнікі, сінявокая нарасціла пастаўкі харчоў у Расію, але з-за падзення рубля беларускія сельгасвытворцы недаатрымалі за мінулы год ад экспарту прадукцыі ў Расію $560 мільёнаў. Прынамсі, такую лічбу называў начальнік галоўнага ўпраўлення знешнеэканамічнай дзейнасці Мінсельгасхарча Аляксей Багданаў. Каб такога надалей не было, трэба ўсяго толькі перайсці на разлікі за прадукты па перадаплаце. Хай спачатку заплацяць за прадукцыю, а потым робяць з ёй, што хочуць: ці ядуць, ці трактарамі душаць.

На гэтым фоне расійскі віцэ-прэм’ер Аркадзь Дварковіч заяўляе, што наш усходні сусед яшчэ і абмяркоўвае пытанне аб пашырэнні харчовага эмбарга на сем краін, якія падтрымалі працяг санкцый у дачыненні да Расіі з боку ЕС. Праўда, пра адэкватнасць расійскіх чыноўнікаў і дэпутатаў размова, па-мойму, увогуле не ідзе.

Тым часам у сераду курс расійскага рубля да долара перавысіў 65 рублёў за «зялёны». У папярэдні раз вышэй 65 рублёў курс уздымалася 13 лютага 2015 года. Тады беларусы масава вынішчалі тавары на паліцах расійскіх крамаў і затарваліся патаннелымі аўтамабілямі. Наконт аўтамабіляў нешта падобнае адбываецца і зараз.

Па дадзеных агенцтва «Аўтастат», рэгістрацыя новых легкавых аўтамабіляў у Беларусі ў студзені-чэрвені 2015 года склала 25,4 тысячы штук. Гэта на 59,5% больш, чым за аналагічны перыяд мінулага года. Аднак продажы новых легкавых аўтамабіляў афіцыйнымі дылерамі ў Беларусі за студзень-чэрвень 2015-га склалі толькі 11 391 штук. Значыць, нашы людзі зноўку паехалі за патаннелымі аўто ў Расію.

Калі расійскі рубель упадзе да 80–90 за долар (ходзяць і такія прагнозы), зноў стане актуальным шопінг у Расіі. Так што зараз трэба запасацца доларамі.

Ну і не вельмі прыемная навіна з таго ж міжнароднага фронту. Гэтым летам нашым грама­дзянам не ўдалося адпачыць у Ізраілі, як яны пра тое марылі. Кнесет Ізраілю да гэтага часу не зацвердзіў увядзенне бязвізавага рэжыму паміж Беларуссю і гэтай краінай. З нашага боку ўсе ўмовы выкананыя, а вось з іх боку — затрымка. І яна можа быць катастрафічнай.

Бо ўрад Ізраіля 4 жніўня падтрымаў прапанову прэм’ера Біньяміна Нетаньяху аб ліквідацыі васьмі дыпламатычных прадстаўніцтваў, у тым ліку пасольства Ізраіля ў Беларусі ў мэтах скарачэння выдаткаў. Амбасада Ізраіля ў Беларусі ўжо зачынялася ў 2002 годзе, і таксама ў мэтах эканоміі бюджэтных сродкаў. Асноўныя консульскія паслугі грамадзянам Беларусі тады аказвала ізраільскае пасольства ў Маскве.

Калі бязвізавага рэжыму не будзе, нам зноў трэба будзе ез­дзіць па візы ў Маскву.