Невясёлыя лічбы

Мы ўжо звыкліся, што ўлада перад Новым годам, падводзячы вынікі мінулага, традыцыйна рапартуе пра поспехі ў «крыштальным сасудзе». Але гэтым годам нешта паламалася. Усё больш і больш змрочных лічбаў і прагнозаў — нібы нам знарок псуюць настрой перад святамі. Ці гэта робіцца, каб не расслабляліся?



82987471623346.jpg

Белстат не радуе. Нягледзячы на тое, што, па дадзеных гэтай канторы, інфляцыя ў Беларусі ў лістападзе 2013 «запаволілася» да 1,6% з 1,9% у кастрычніку, мы ўсё роўна ўжо перакрочылі рысу. З пачатку года спажывецкія цэны выраслі на 13,8% пры гадавым прагнозе 12%.

У гадавым вылічэнні — лістападзе 2013-га да лістапада 2012 года — інфляцыя склала 15,3%.

Харчовыя тавары ў лістападзе 2013-га падаражэлі на 1,2% , з пачатку года — на 10,9%. Цэны на нехарчовыя тавары выраслі на 0,6% у лістападзе і на 6,8% — з пачатку года.

Цэны і тарыфы на платныя паслугі ў лістападзе 2013-га ў параўнанні з кастрычнікам павялічыліся на 3,7%, са снежнем 2012 года — на 32,6%.

Вядома, што рост цэнаў павінен нечым кампенсавацца. Напрыклад, ростам заробкаў. І Аляксандр Рыгоравіч пачаў размову пра такі рост заробкаў. Пакуль што толькі для адной катэгорыі насельніцтва — для чыноўнікаў. Таму што, у прынцыпе, заробак расце.

«Дзяржава штогод павышае заробак. Яшчэ не было таго года, у які б мы не падвышалі заробак. Мы штогод гэта робім. Але можна спрачацца: шмат гэта ці мала. На зарплату неабходна глядзець з пункту гледжання пакупніцкай здольнасці. Чаму ж мы не кажам пра тое, што за 500 долараў у Расіі можна толькі гібець у жабрацкім існаванні, а ў Беларусі яшчэ неяк можна жыць? Мы ж пра гэта не гаворым. Гэта таксама трэба ўлічваць», — параўнаў Лукашэнка.

Ну, тут Аляксандр Рыгоравіч, з аднаго боку, мае рацыю, з іншага — робіць распаўсюджаную памылку, кажучы пра «жабрацкія 500 долараў». Памылка ў тым, што для Масквы 500 долараў — гэта сапраўды жабрацкі заробак, але ж Масква — гэта не тое што не ўся Расія, але, выбачайце мяне за такія словы, увогуле не Расія. Дзе-небудзь у Смаленску, Тамбове, ці ў Туле 500 долараў можа быць і нармальным заробкам.

Што ж тычыцца пакупніцкай здольнасці, то тут Аляксандру Рыгоравічу лепш было б прамаўчаць. У Расіі за 500 долараў нават у Маскве можна набыць значна больш тавараў, чым у Мінску. Інакш бы нашы прадпрымальнікі не ездзілі б туды «за шмоткамі».

«Я зусім не за тое, каб замарозіць зарплату, і дзяржаўныя служачыя яе не атрымлівалі. Я зусім не супраць, каб яна расла пастаянна. Але як мы можам растлумачыць людзям, што мы сабе павысілі зарплату пры такіх запасах прадукцыі на складах на трыльёны, калі мы яе не прадаем, не ўмеем прадаваць, чагосьці не зрабілі — як гэта мы людзям патлумачым? А прыйдзецца тлумачыць. Мне першаму, а потым вам, і вам будзе больш балюча, таму што вы з вока на вока з людзьмі», — заявіў Лукашэнка на нарадзе па праблемных пытаннях у будаўнічай галіны.

Сапраўды, паказчык дзейнасці кіраўніцтва — эфектыўнасць працы. Калі на складах запасы на трыльёны рублёў, трэба прымусіць аддзелы маркетынгу і менеджменту менавіта гэтымі запасамі і харчавацца.

Але не такі беларускі народ, каб не знайсці выйсце ў любой сітуацыі. І выйсце знойдзенае! Трэба проста прадаць склады цалкам, разам з прадпрыемствамі. А ўжо што там на складах, хай разбіраюцца новыя ўладальнікі.

Днямі паступілі звесткі, што канцэрн «Белнафтахім» задумаў перавесці на аўтсорсінг абслугоўваючыя і дапаможныя падраздзяленні падначаленых канцэрну прадпрыемстваў. Як паведаміла прэс-служба ведамства, гэтая праца будзе праводзіцца ў мэтах «эканамічнай мадэрнізацыі», аднак на практыцы гаворка можа ісці аб перадпродажнай падрыхтоўцы.

«У рамках працы па эканамічнай мадэрнізацыі вытворчасці ўрад даручыў канцэрну «Белнафтахім» у мэтах зніжэння выдаткаў на вытворчасць прадукцыі ажыццявіць у арганізацыях канцэрна перавод на аўтсорсінг асобных структурных падраздзяленняў, якія ажыццяўляюць функцыі па абслугоўванні асноўнай вытворчасці», — гаворыцца ў паведамленні канцэрна.

У прыватнасці, ААТ «Гродна Азот» ужо стварыла на базе сваіх падраздзяленняў унітарныя прадпрыемствы, якія будуць спецыялізавацца на аказанні яму будаўнічых, рамонтных і транспартных паслуг. На ААТ «Магілёўхімвалакно» пачалася праца па вылучэнні ў асобнае прадпрыемства рамонтна-механічнага завода.

Эксперты мяркуюць, што па сутнасці гаворка ідзе аб «ачыстцы» прадпрыемстваў канцэрна ад няпрофільных, нерэнтабельных альбо праблемных актываў, што дасць магчымасць не толькі палепшыць фінансавыя паказчыкі, але і прыкметна скараціць колькасць работнікаў, а дакладней, сацыяльны складнік, што адназначна прывядзе да павышэння капіталізацыі вытворчых актываў.

Пасля перадпродажнай ачысткі справа застанецца за малым — дамагчыся ў Лукашэнкі дазволу на продаж такіх актываў і не перабраць са стартавым коштам.

Так што, магчыма, нас чакае новы этап прыватызацыйнай істэрыкі. Нагадаем, што, напрыклад, з «Гродна-Азотам» ужо даўно ёсць дамоўленасць стварыць беларуска-расійскі холдынг. Хаця, насамрэч, пасля справы з «Уралкаліем» я б увогуле з Расіяй ніякіх сумесных прадпрыемстваў бы не ствараў. Потым вельмі доўга ўсё разграбаць прыходзіцца.

Але з іншага боку, грошы аднекуль браць трэба. Бо планаў у нас — вышэй даху. Напрыклад, Міхаіл Мясніковіч паабяцаў, што ў 2014 годзе крэдыты на будаўніцтва жылля для маючых патрэбу грамадзян будуць прадастаўляцца па стаўцы 16% гадавых. У сённяшні момант Беларусбанк дае крэдыты для маючых патрэбу па стаўцы 38,5%, Белаграпрамбанк — 45% гадавых.

Сярэдні заробак у Мінску да канца 2014 года дасягне 800 долараў у эквіваленце, паабяцала намеснік старшыні Мінгарвыканкама Жанна Бірыч.

А Аляксандр Лукашэнка ўнёс у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу праект бюджэту на 2014 год, які сфарміраваны бездэфіцытным па даходах і расходах. «Бюджэт, сапраўды, збалансаваны, узважаны і бездэфіцытны», — ужо ацаніла праект кіраўніца парламенцкай камісіі Людміла Дабрыніна.

Дзе ж на ўсё гэта грошы ўзяць? Толькі прадаць што-небудзь непатрэбнае…