«Ну як у вас там, в Білорусі, зовсім погано?»

«Пагана» — вельмі трапнае слова. Бо нібыта не так ужо і кепска ў нас, бывае значна горш, але «сапраўды пагана», — пасля таго, як я працытаваў словы байца ў фэйсбуку, напісала ў адказ Алена Мінская.



kijev_2_001_logo.jpg

Барысаў, напэўна, адзін з самых пасіянарных гарадоў Беларусі. Нездарма менавіта адсюль найлепшы беларускі футбольны клуб. Сумную вядомасць набыла снайперка Наталля Красоўская, якая ваявала на баку сепаратыстаў. Днямі ж я сустрэў на данбаскім фронце яшчэ аднаго беларуса з Барысава, намесніка камандзіра добраахвотніцкага батальёна «Кіеў-2» з пазыўным «Град» і нашыўкай «Укроп» на рукаве.

Не магу прыгадаць, калі апошнім разам я быў рады сустрэчы з суайчыннікам за мяжой ці адмыслова шукаў яе. Занадта слабая паміж намі, беларусамі, сіла прыцягнення. Не ўяўляю, што агульнага ў мяне магло быць з той жа Наталляй Красоўскай, апроч пашпарта аднолькавага ўзору. З «Градам» у нас цяпер розныя пашпарты, ён з 2005 году жыве ў Кіеве, у яго пашпарт грамадзяніна Украіны, украінская сям'я. У Беларусі яму, кажа, ужо неяк нязвыкла і няўтульна. Мне ж прыемна было сустрэць пад Валнавахай земляка, вельмі падобнага да сябе чалавека: прысадзістага, з круглым тварам, шэрымі вачыма, русымі валасамі і павольнай, троху мядзведжай хадой.

Нельга адмовіць у пасіянарнасці Наталлі Красоўскай, толькі цяжка зразумець, што яна рабіла на Данбасе са зброяй у руках. У «Града» няма ейнай авантурнасці, ён цалкам пазбаўлены эпатажу. Калі зняць з ім інтэрв'ю на відэа, яно б не набрала столькі праглядаў на YouTube. Гаворыць спакойна, напаўголасу. Нічога «гарачанькага». Крутасцю сваёй не хваліцца, прывітанняў «бацьку» не шле.

Зрэшты, кураж якраз і ўласцівы агрэсару, «джэнтльмену ўдачы» ці бандыту. Калі ж ты робіш такую простую і зразумелую справу, як абарона сваёй сям'і, табе няма чаго куражыцца.

Украінская сям'я «Града» падтрымлівае і ўдзячная яму. І для яго гэта самае галоўнае. Часам ён сутыкаецца з неразуменнем з боку мясцовых жыхароў на Данбасе. Чаго ты, маўляў, сюды прыйшоў, мы цябе не клікалі. Тады ён тлумачыць, што калі яны не маюць нічога супраць  расійскай агрэсіі, іх права, могуць расслабіцца і атрымліваць задавальненне. Але яна пагражае ўсёй Украіне, а значыць, і яго сям'і таксама, і не ім вырашаць, ці абараняць яму сваю сям'ю. Я ж кажу, нічога «гарачанькага», усё вельмі проста.

Бацькі «Града», якія застаюцца ў Беларусі, і многія беларускія сябры яго не разумелі. «Хунта», «карнікі», «укропы», «мірныя жыхары Данбасу», вядомы набор шараговага гледача расійскага тэлебачання.

Вы проста ўявіце, казаў ён ім, што на Берасцейшчыну зайшлі ўкраінскія войскі і нахабна гаспадараць там. Сусед прабіў адбойным малатком дзірку ў сцяне вашай кватэры, пачаў праз яе раз-пораз заходзіць, пагульваць тут, натоптваць, пакрыкваць, парадкі свае наводзіць. Якім бы ён там сваяком табе не быў, хай нават братам родным, якога хрэну? Нават родная маці не разумела, пакуль не прыехала да яго ў госці і пэўны час там не правяла.

kiev_2_002_logo.jpg

Што да прыхільнікаў ДНР, іхным увасабленнем для яго стаў затрыманы батальёнам «Кіеў-2» мужык, які ездзіў збіраць золата на месца падзення малазійскага «Боінга». З ювелірнымі вагамі, усё як мае быць. Ён з мерцвякоў здымаў залатыя ўпрыгажэнні. Бадай, такое жаданне хутка і на дурніцу нешта сабе ўрваць, не выбіраючы сродкаў, рухала большасцю тых, хто хацеў ужо заўтра атрымаць расійскія заробкі і пенсіі, таму пляскаў у ладкі ўсялякім «гіркіным» і «барадаям».

Украіну «Град» не любіць безаглядна — такой, якая яна ёсць, іначай не выйшаў бы калісьці на Майдан з жаданнем кардынальна яе змяніць. Дарэчы, на Майдане ён, па ўласных словах, «камяні і кактэйлі не кідаў», займаўся выратаваннем параненых і дастаўкай медыкаментаў. Гэта цяпер вайсковая агрэсія супраць яго краіны прымусіла ўзяць у рукі зброю, згадаць вайсковы досвед. У Беларусі яму калісьці «свяціла кар'ера вайскоўца або камітэтчыка», цяпер жа ён не ўпэўнены, ці не арыштуюць яго на мяжы, калі ён да бацькоў паедзе.

«Я калі ў Міхайлаўскі сквер заходзіў, паслізгваўся на крыві... Ёлы-палы, думаю, ну пасля такога ўжо краіна не можа застацца ранейшай, мусіць змяніцца. Але, бачыш, дзяржаўніцкі апарат у нас надта непаваротлівы аказаўся, з вялікай сілай інерцыі. Старую скуру скінуў, у новенькую апрануўся, а па-сутнасці тая ж змяюка... Разумееш, нам зараз некалькі месяцаў не спатрэбілася б, аднаго нашага батальёну хопіць, каб усю тую хеўру разагнаць. Адказнасць за краіну стрымлівае, бо мы разумеем, што будзе капец. Толькі хай яны ведаюць, што мы, у адрозненні ад іх, моцна змяніліся. І старую кашу доўга есці не будзем», — гэтак жа напаўголасу, як і ўсё астатняе, спакойна кажа «Град». 

kiev_2_003_logo.jpg

За паўсотні кіламетраў ад нас ідзе жорсткі бой. Батальён «Кіеў-2»  правярае машыны на дарозе паміж Данецкам і Марыупалем. «Увогуле, мы антытэрарыстычнае падраздзяленне, тут у большасці байцоў багаты вайсковы досвед, але на гэтай вайне нармальная практыка забіваць цвікі мікраскопам. Нават вясной, яшчэ ў самым пачатку ўсёй гэтай вакханаліі, нам не давалі загадаў па нашым профілі. Знайсці і знішчыць Гіркіна, напрыклад», — кажа «Град». Хтосьці жартуе па рацыі, што ў іх  «чатырохсоты». Гэтак называюць п'яных пасажыраў, якія бузяць і не хочуць паказваць дакументы. Тым часам навічкоў будзённа вучаць страляць з РПГ. Тонкая навука правільна трымаць гэтую штуковіну, калі не хочаш сабе нічога падпаліць ці адстрэліць. 

Я аціраюся сярод байцоў, з сім-тым часам размаўляем. Адзін з іх, даведаўшыся, што я беларус, агаломшвае мяне спачувальным пытаннем: «Ну як у вас там у Білорусі, зовсім погано?». І я моўчкі думаю, што з такімі людзьмі Украіну не перамагчы.

«Пагана» вельмі трапнае слова. Бо нібыта не так ужо і кепска ў нас, бывае значна горш, але сапраўды пагана», — пасля таго, як я працытаваў словы байца ў фэйсбуку, напісала ў адказ Алена Мінская.

Асабліва цяпер, калі самі ведаеце хто купаецца ў промнях славы «міратворца», з нахабнай усмешкай расказваючы Захаду, цяпер ужо ў якасці легітымнага прэзідэнта, што гэта яны справакавалі вайну ва Украіне, а ён гатовы яе спыніць.