Нямеччына плануе накіраваць вайскоўцаў на ўсход Украіны

Міністэрства абароны Германіі мае намер адправіць ва Украіну нямецкіх салдат у дапамогу назіральнікам АБСЭ, якія сочаць за захаваннем рэжыму спынення агню ў Данбасе.



6bab1d5f_7c9d_42c4_8bc2_4775b4695c98_w640_r1_cx0_cy16_cw0_s.jpg

Беспілотны самалёт, ілюстрацыйнае фота

Як паведамляе Reuters са спасылкай на крыніцу ва ўрадзе Германіі, колькасць вайскоўцаў, якіх адправяць на ўсход Украіны, яшчэ не вядомая.

Выданне Bild паведамляе, што бундэсвэр накіруе 150 салдат для маніторынгу сітуацыі ў зоне баявых дзеянняў і яшчэ 50 для аховы супрацоўнікаў АБСЭ.

У верасні на саміце НАТО ў Уэльсе прэзідэнт Францыі Франсуа Аланд і канцлер Нямеччыны Ангела Меркель дамовіліся пра дапамогу АБСЭ ў маніторынгу перамір’я ў Данбасе. Пазней назіральнікі дзвюх краін прыйшлі да высновы, што сачыць за выкананнем рэжыму спынення агню можна з дапамогай беспілотнікаў, але толькі ў тым выпадку, калі неабходны для іх працы персанал будзе знаходзіцца пад узброенай аховай.

Прадстаўнік Рады нацыянальнай бяспекі і абароны Украіны Андрэй Лысенка на брыфінгу 4 кастрычніка заявіў, што дамоўленасцяў пра ўдзел у місіі АБСЭ нямецкіх ваенных няма. Паводле Лысенкі, з самага пачатку перамоў аб місіі АБСЭ ў Данбасе было вызначана, што назіральнікі будуць знаходзіцца там без зброі і аўтаномна.

Міністр замежных спраў Украіны Павал Клімкінпаведаміў у Твітэры, што 5 кастрычніка прадстаўнікі місіі АБСЭ ў Данбасе атрымаюць два беспілотнікі.

Прыбыццё ва Украіну першых беспілотнікаў для АБСЭ было анансавана прэзідэнтам Украіны падчас яго прэс-канферэнцыі, паведамляе УНІАН.

www.svaboda.org