Па «справе Бандарэнкі» рыхтуецца зварот у Генеральную пракуратуру

25 студзеня шэраг праваабаронцаў і палітыкаў збіраецца прыняць зварот у Генеральную пракуратуру з тым, каб яна ўзяла «справу Бандарэнкі» пад асаблівы кантроль. Пра гэта распавёў былы суддзя Канстытуцыйнага суда Міхаіл Пастухоў.

bondarenko_sud.jpg


Андрэй Бандарэнка — былы кіраўнік праваабарончай арганізацыі "Платформ Іннавэйшн", якая займалася маніторынгам месцаў зняволення. У 2014 годзе яго прызналі вінаватым у хуліганстве, злосным хуліганстве і асабліва злосным хуліганстве ў дачыненні да трох грамадзян і асудзілі на 3 гады калоніі ўзмоцненага рэжыму.
Бягучы тэрмін пакарання ў Бандарэнкі заканчваецца 31 сакавіка 2017 года. Аднак калі яго прызнаюць вінаватым па крымінальнай справе, якая заведзена супраць яго за злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, ён можа атрымаць яшчэ да двух гадоў зняволення. 11 студзеня Андрэю Бандарэнку было прад’яўлена канчатковае абвінавачванне па ч.2 арт 411 УК — “Злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі папраўчай установы, якая выконвае пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі, здзейсненае асобай, асуджанай за цяжкае або асабліва цяжкае злачынства”. Яму пагражае пазбаўленне волі на тэрмін да двух гадоў.
Калі Андрэй Бандарэнка атрымае новы тэрмін зняволення па гэтым артыкуле, праваабаронцы прызнаюць яго палітзняволеным.
“Я, у рэшце рэшт, атрымаў ад Андрэя Бандарэнкі ліст, — кажа Міхаіл Пастухоў. — Увогуле, ён за пошні час адпраўляў мне чатыры лісты, але тры недзе “згубіліся” па дарозе. Пры гэтым Андрэй пісьмы, здараецца, перапісвае некалькі разоў, бо турэмная цэнзура знаходзіць нейкія фармальныя падставы, каб іх не прапускаць на волю. Быццам бы Бандарэнка здзекуецца над тымі парадкамі, што ёсць у турме, а яго лісты носяць “цынічны характар”. Насамрэч Андрэй проста апісвае тое, што адбываецца за кратамі і выказвае заклапочанасць тым, што супраць яго падрыхтавалі новае абвінавачванне”.
Са слоў Пастухова, Андрэй Бандарэнка мяркуе, што суд можа прайсці ў другой палове лютага на тэрыторыі папраўчай установы (ён адбывае пакаранне ў Магілёўскай турме №4).
“Андрэй запрашае на працэс усіх жадаючых праваабаронцаў, назіральнікаў і журналістаў з тым, каб усе ўбачылі, якое ў Беларусі правасуддзе, і якая папраўчая сістэма”, — дадае Міхаіл Іванавіч.
Былы суддзя Канстытуцыйнага суда кажа, што 25 студзеня шэраг праваабаронцаў і палітыкаў збіраецца прыняць зварот у Генеральную пракуратуру з тым, каб яна ўзяла пад асаблівы кантроль “справу Бандарэнкі”, якога вінавацяць па артыкуле 411.
“Сам Андрэй кажа, што справа шытая белымі ніткамі, — адзначае Міхаіл Пастухоў. — Яму хочуць адмераць новы тэрмін зняволення і своечасова не выпусціць на волю”.
palitviazni.info