Ці палепшылася сітуацыя з правамі чалавека ў краіне?

Ніякіх сістэмных зменаў, скіраваных на якаснае паляпшэнне сітуацыі з правамі чалавека ў краіне на працягу 2016 года, не адбылося. Асноўныя грамадзянскія і палітычныя правы заставаліся абмежаванымі на заканадаўчым узроўні.

8b0fa53a_ab64_439a_aec8_2be63429ac65_w987_r1_s.jpg


Нягледзячы на агульнае зніжэнне маштабу рэпрэсіяў, узровень кантролю над грамадствам заставаўся вельмі высокім — такія высновы прыводзяцца ў новым дакладзе праваабарончага цэнтра «Вясна» па леташняй сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі.

Гэта адзначае намеснік старшыні праваабарончага цэнтра Валянцін Стэфановіч:

Ад палітычна матываванага крымінальнага пераследу ўлады таксама ў поўнай меры адмовіцца не маглі. І тут паказчыкі горшыя, чым у перыяд росквіту так званай “лібералізацыі”, калі былі вызваленыя палітвязні. У жніўні 2015 года колькасць выпадкаў палітычна матываваных пераследаў была меншай. У гэтым годзе мы адзначаем 7 такіх выпадкаў. Дзеля справядлівасці трэба сказаць, што пасля адпаведнай рэакцыі грамадзянскай супольнасці і праваабаронцаў у дачыненні да гэтых асоб не выносілі пакаранні, звязаныя з пазбаўленнем волі, хоць шмат хто з іх правёў досыць працяглы час у следчых ізалятарах.

У той жа час Валянцін Стэфановіч адзначае, што стала менш выпадкаў ціску на журналістаў-фрылансераў, якія супрацоўнічаюць з незалежнымі беларускімі СМІ за мяжой — Беларускім Радыё Рацыя ды тэлеканалам “Белсат”.

Ціск на фрылансераў назіраўся ў першай палове 2016 года пераважна ў Гомельскай вобласці.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя