Па Еўропе пракацілася антыядзерная хваля

“Вандроўка міру Мінск—Жэнева з удзелам беларускіх, нямецкіх і швейцарскіх грамадскіх актывістаў, журналістаў і жыхароў раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС, завяршылася днямі ў беларускай сталіцы. (На здымку: Доўгатэрміновы чарнобльскі пікет каля СААЗ у Жэневе)



e2c4a40d50b47094f571e40efead3900.JPG

“Вандроўка міру Мінск—Жэнева з удзелам беларускіх, нямецкіх і швейцарскіх грамадскіх актывістаў, журналістаў і жыхароў раёнаў, пацярпелых у выніку катастрофы на ЧАЭС, завяршылася днямі ў беларускай сталіцы.

(На здымку: Доўгатэрміновы чарнобльскі пікет каля СААЗ у Жэневе)


Арганізатарамі дзесяцідзённай акцыі выступілі Беларускі дабрачынны фонд “Дзецям Чарнобыля на чале з прафесарам Генадзем Грушавым і Федэральная рабочая група “Дзецям Чарнобыля з Германіі.
Узрастанне ядзернай пагрозы ў выніку аварыі на японскай АЭС, а таксама далёка не пераадоленыя наступствы Чарнобыля ўзнялі новую, магутную хвалю пратэстаў у Еўропе супраць будаўніцтва новых і далейшай эксплуатацыі існуючых АЭС. Чаго, дарэчы, зусім не назіраецца ў Беларусі, жыхары якой найбольш пацярпелі ад “мірнага атаму.
Актуальнасць праблемы адбілася і на ўзроўні, на якім прымалі ўдзельнікаў акцыі ў Каменцы, потым у Ротвайлі (у гэтых гарадах кантакты праходзілі на ўзроўні бургамістраў), а ў сталіцы Ніжняй Саксоніі Гановеры “амбасадараў антыядзернага свету прымаў сам прэзідэнт зямельнага парламента Герман Дзінкла. Прычым практычна на ўсіх сустрэчах адзначалася, што і сёння бракуе інфармацыі пра небяспеку выкарыстання так званага “мірнага атама і пра яго наступствы.
“Сёння, праз 25 гадоў пасля катастрофы на ЧАЭС, мы задаём пытанне: што ж адбылося і адбываецца ўвесь гэты час? У Беларусі ўжо цэлае пакаленне звязвае сваё жыццё з Чарнобылем. Захворванні ў дзяцей набіраюць моц, з 800 000 ліквідатараў большасць ужо памерлі, вялікія тэрыторыі засталіся без жыхароў, кіраўніцтва Беларусі заяўляе пра тое, што Чарнобыль скончыўся, а Сусветная арганізацыя аховы здароўя (СААЗ) моўчкі назірае, — падкрэсліла кіраўнік “Грамадзянскай ініцыятывы за свет без ядзернай пагрозы з Ротвайля Ангела Геслер.
Прадстаўнікі чарнобыльскіх ініцыятыў Беларусі, Швейцарыі і Германіі трапілі і ў будынак ААН у Жэневе, дзе цягам больш як дзвюх гадзін дыскутавалі наконт будучыні атамнай энергетыкі, разважалі аб праблемах, якія прынесла атамная энергетыка краіне, дзе ніколі не было сваёй АЭС. І вось тут стала адчувальна, што прадстаўнікі грамадзянскай супольнасці і чыноўнікі сусветных арганізацыяў знаходзяцца, мякка кажучы, “па розныя бакі барыкад.

Пікет пратэсту каля ядзернага магільніка ў Горлебэне

Прадстаўнікі фонду Дзецям Чарнобыля на антыядзернай акцыі ў Жэневе


Нам спрабавалі давесці, што дагэтуль няма стопрацэнтных доказаў адмоўнага ўплыву на стан здароўя людзей малых доз радыяцыі, якую назапашвае чалавек праз ужыванне прадуктаў харчавання з невялікім утрыманнем радыенуклідаў. Калі карацей, то чыноўнікі спрабавалі давесці, што не такі страшны атамны чорт, як яго малююць. Гэта было б дзікавата чуць з вуснаў прадстаўніцы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя, калі не ведаць, што гэтая структура наўпрост звязана з такой структурай, як МАГАТЭ — сусветным лабістам атамнай энергетыкі. А тым часам ужо многія і многія месяцы каля будынку СААЗ штодня праходзіць бестэрміновая “Вахта перасцярогі — пікет, які нагадвае чыноўнікам пра наступствы Чарнобыля і выкарыстання “мірнага атаму ўвогуле.
Яшчэ адным важным момантам “Вандроўкі міра было наведванне гарадка Гарлебен у Ніжняй Саксоніі (ФРГ), які вядомы на ўвесь свет праз тое, што там знаходзіцца прамежкавы магільнік ядзерных адходаў. Там сёння наземным (!) чынам часова захоўваюцца больш за сто кантэйнераў з высокатаксічнымі ядзернымі адходамі, якія прывозяцца туды не толькі з нямецкіх, але і французскіх ды іншых атамных станцый. Штогод, калі ў Гарлебен накіроўваецца чарговы цягнік “Кастар са смяротна небяспечнымі кантэйнерамі, тысячы актывістаў антыядзернага руху з розных краін свету ладзяць акцыі пратэсту, спрабуючы недапусціць гэты “Кастар да пункта прызначэння. Пакуль, на жаль, беспаспяхова.

Удзельнікі Вандроўкі міра каля ядзернага  магільніка ў Горлебэне

Удзельнікі вандроўкі на пасхальным набажэнстве ў Ротвайлі


Зямля каля Гарлебена, дзе плануецца ўзвесці цяпер ужо пастаянны падземны “адстойнік для адпрацаванага ядзернага паліва, належыць графіні Ганне фон Бернсторф. Улады плануюць прыняць спецыяльны закон, каб нацыяналізаваць 600 гектараў зямлі, дзе мяркуецца збудаваць гэты сталы магільнік. Графіня Бернсторф, якая з’яўляецца, бадай, самым актыўным змагаром з планамі ўладаў, верыць, што толькі агульнымі акцыямі пратэсту, міжнароднай салідарнасцю можна перашкодзіць “распаўсюду ядзернай заразы. Таму, як і ў Жэневе ля будынка СААЗ, у Гарлебене пастаянна праводзіцца пікет пратэсту з багатай колькасцю аўдыё- і відэаматэрыялаў на адпаведную тэматыку, тут нават разбіты пастаянны лагер праціўнікаў “мірнага атаму.
Апошнім, самым, відаць, чуллівым, мерапрыемствам нашага ваяжу стала Акцыя памяці да 25-й гадавіны катастрофы на Чарнобыльскай АЭС у царкве святога Міхаіла ў горадзе Люнэбургу. Там удзельнікі акцыі ўшанавалі памяць усіх, хто стаў ахвярай атамных трагедый у Беларусі, Японіі, Украіне, Расіі, а доктар медыцыны прафесар Хэльге Шэнк прывёў жахлівыя дадзеныя пра наступствы чарнобыльскай трагедыі. Вельмі шкада, што гэтага даклада не чулі тыя апалагеты “мірнага атаму, з якімі мы сустракаліся ў Жэневе.