Пачаўся чарговы судовы працэс

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 5 мая пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, кіраўніка штаба Някляева Андрэя Дзмітрыева і давераных асоб Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазняка, а таксама намесніцы старшыні зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Насты Палажанкі.



952575f59148e0a9ceb364fdba14f8c5.JPG

У судзе Фрунзенскага раёна Мінска 5 мая пачаўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненні да экс-кандыдатаў у прэзідэнты Беларусі на выбарах 2010 году Уладзіміра Някляева і Віталя Рымашэўскага, кіраўніка штаба Някляева Андрэя Дзмітрыева і давераных асоб Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазняка, а таксама намесніцы старшыні зарэгістраванай у Чэхіі Міжнароднай моладзевай арганізацыі “Малады фронт Насты Палажанкі.
Усіх абвінавачваюць паводле часткі 1 артыкула 342 Крымінальнага кодэксу Беларусі (арганізацыя альбо падрыхтоўка групавых дзеянняў, якія груба парушылі грамадскі парадак, альбо ўдзел у іх). Санкцыя гэтага артыкула прадугледжвае максімальнае пакаранне да трох гадоў пазбаўлення волі. Сяргея Вазняка яшчэ абвінавачваюць у парушэнні часткі 1 артыкула 401 КК Беларусі за дачу ілжывых паказанняў.
У залу судовых паседжанняў, як гэта ўжо сталася сумнай звычкай падчас адобных судовых разбіральніцтваў, не змаглі патрапіць усе жадаючыя. Затое некалькі шэрагаў яшчэ задоўга да пачатку паседжання запоўнілі невядомыя маладыя людзі, якіх, гледзячы па іх паводзінах, мала цікавіла, што там адбывалася. Затое брат і бацька Віталя Рымашэўскага ледзь змаглі патрапіць на судовы працэс.  
Вядзе працэс суддзя Жана Жукоўская, якая ўжо ўнесена ў спіс грамадзян, якім забаронены ўезд у дзясяткі краін Еўропы і ЗША за рэпрэсіі ў дачыненні да апазіцыі, пры ўдзеле дзяржаўнага абвінаваўцы Кажэўнікава. На самым пачатку Наста Палажанка заявіла адвод суддзі, каб тая “не запляміла сябе ўдзелам у палітычнай расправе, але Жана Жукоўская не задаволіла хадайніцтвы. Яна таксама адмовіла ў просьбе адвакатаў Уладзіміра Няклаева і самога экс-кандыдата ў прэзідэнты аб змяненні яму меры стрымання з хатняга арышту на падпіску аб нявыездзе, не было задаволена хадайніцтва і самога Някляева аб спыненні ў дачыненні да яго крымінальнай справы. Дарэчы, паэт пачуваўся на працэсе не лепшым чынам, было добра відаць, што яму вельмі баліць спіна. Суддзя нават дазволіла Някляеву начапіць спецыяльны медыцынскі бандаж і час ад часу стаяць, не пытаючыся дазволу.


Уладзімір Някляеў заклікаў суддзю прызнаць гэты працэс не крымінальным, а палітычным, але гэтая просьба была проста не заўважана спадарыняй Жукоўскай.  
Пракурор Кажэўнікаў некалькі гадзін зачытваў абвінавачанне (кожнаму па чарзе). Апроч Някляева і Палажанкі, усе астатнія падсудныя прызналі віну часткова, да таго ж, Сяргей Вазняк поўнасцю абверг абвінавачанне ў дачы ілжывых паказанняў.  
У першы дзень паспеў адбыцца толькі допыт Аляксандра Фядуты і Сяргея Вазняка. Абодва назвалі надуманымі і не адпавядаючымі рэчаіснасці абвінавачанні ў тым, што нібыта ў сродках масавай інфармацыі, а менавіта на Першым канале Беларускага тэлебачання і па Беларускім радыё яны заклікалі грамадзян прыйсці ўвечары 19 снежня 2010 году на Кастрычніцкую плошчу ў Мінску. Па словах абвінавачаных, яны ніяк не маглі гэтага зрабіць, бо не з’яўляліся  кандыдатамі ў прэзідэнты і таму не мелі доступу да дзяржаўных СМІ.
У сваю чаргу, Сяргей Вазняк адмовіўся адказваць на пытанні пракурора адносна дзейнасці грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду, паколькі, на яго думку, гэтая дзейнасць аніяк не тычыцца кампаніі па выбарах прэзідэнта і тым больш падзеяў на Плошчы Незалежнасці, якія мелі месца ўвечары 19 снежня мінулага году. Працяг судовага паседжання прызначаны на 10 гадзін раніцы 6 мая.
У той час, як ішло судовае паседжанне, прыкладна а палове на пятую вечара на ўваходзе ў будынак Фрунзенскага раённага суда сталіцы   раптоўна памёр мужчына 1956 года нараджэння. Ён так і не паспеў сказаць, куды канкрэтна накіроўваўся. Выкліканыя міліцыянтамі медыкі, якія спрабавалі рэанімаваць чалавека, былі вымушаны канстатаваць яго клінічную смерць.