Пацярпелы амапавец: Знішчана мая працоўная рэпутацыя, блізкія даведаліся пра мяне негатыўныя рэчы
23 сакавіка ў судзе Нясвіжскага раёна разглядалася крымінальная справа пенсіянеркі Святланы Панамаровай з Клецка. Жанчыну абвінавацілі ў тым, што 26 кастрычніка 2020 года яна напісала каментар у Фэйсбуку «Застрелись, сука» пад фотаздымкам амапаўца Фёдарава ў цывільным адзенні на старонцы Ганны Бандарэнка. Гэта быў адзін сярод 112 каментароў.
Праваахоўныя органы каментар расцанілі як мэтанакіраваную публічную знявагу асобы пры выкананні службовых абавязкаў з мэтай знішчэння яе аўтарытэту і аўтарытэту органаў унутраных спраў.
Нагадаем, разгляд справы быў перанесены ў Нясвіж, хоць у Клецку, дзе жыве Святлана, таксама ёсць суд. Тым не менш, падтрымаць жанчыну прыйшлі жыхары Нясвіжа. Каля будынка суда яны распавядалі, што ведаюць Святлану як чалавека з вялікім сэрцам, неабыякавым да людзей з цяжкім лёсам.
Пацярпелы старшы сержант Фёдараў заявіў, што Панамарова нанесла яму абразу, бо сваімі дзеяннямі наўмысна публічна прынізіла яго як чалавека і прадстаўніка ўлады. І папрасіў суд аб кампенсацыі маральнай шкоды ў выглядзе 2000 рублёў. Гэтыя грошы ён абяцаў накіраваць на дабрачыннасць.
Пракурор Алена Каменка ў сваім выступе зрабіла націск на тое, што супрацоўнік АМАПа Фёдараў выконвае свае абавязкі па ахове дзяржаўнага парадку, знаходзіцца пад дзяржаўнай аховай. Яна палічыла, што знявага амапаўца адбылася ў нецэнзурнай форме і прынізіла аўтарытэт як яго самога, так і органаў унутраных спраў.Святлана Панамарова палічыла абвінавачанні ў яе бок бяздоказнымі, паколькі такі каментар на дыску яе тэлефона не быў знойдзены, экспертыза таксама гэтага не даказала. Да таго ж, яе тэлефон даследавалі ў вельмі кароткі тэрмін.
Сама яна да ўжывання такой лексікі не схільная. Прайшло ўжо шмат часу ад кастрычніка, яна пісала розныя каментары і не помніць, што пісала хоць адзін зневажальны тэкст у дачыненні да прадстаўнікоў органаў унутраных спраў. У судзе яна не пацвердзіла свае першапачатковыя паказанні аб тым, што, магчыма, яна дала такі каментар, і патлумачыла, што была напужаная раптоўным прыездам следства на дом і не зусім зразумела, у чым яе абвінавачваюць.
Пацярпелы Фёдараў паведаміў, што жыве ў Крупках і што сябры далі яму інфармацыю аб тым, што ён увайшоў у спіс «Карнікі Беларусі». А пад допісам Ганны Бандарэнка было змешчана 112 негатыўных каментароў да яго як да «Карніка з Крупкаў», сярод іх ён убачыў і каментар Святланы Панамарэнка.
— Знішчана мая працоўная рэпутацыя, мая маці, блізкія даведаліся пра мяне негатыўныя рэчы, — заявіў ён. — Да таго ж, гэта зрабіла не адна Святлана Панамарова, а шмат людзей выказаліся негатыўна пра мой воблік.
Святлана Панамарова пры сустрэчным пытанні да пацярпелага паведаміла, што трымае шмат жывёл, і калі Фёдараў хоча прысуджаныя яму грошы патраціць на гуманітарныя мэты, то было б гуманным не выракаць яе і катоў на галодную смерць. «Пры вызначэнні сумы кампенсацыі маральнай шкоды патрэбна зыходзіць з яе разумнасці», — заявіла ў судзе абвінавачаная, якая атрымлівае 540 пенсійных рублёў.
Пракурор палічыла віну жанчыны даказанай і запатрабавала пакараць Святлану Панамарову абмежаваннем волі на 1 год і 6 месяцаў без накіравання ў папраўчую ўстанову, а таксама канфіскаваць сродак злачынства — мабільны тэлефон. Прапанавала суду самастойна вызначыць кошт кампенсацыі маральнага ўрону супрацоўніку Фёдараву.
Жыхарка Нясвіжа Любоў адмоўна выказалася да выступу пракурора: «Нельга судзіць па крымінальных артыкулах за эмацыйнае выказванне ў дачыненні да негатыўнай сітуацыі, нават калі б віна чалавека была б і даказана. Тут жа відавочна недаказанасць дзеянняў.
Яшчэ мяне ўражвае нераўнапраўнасць, дзяленне людзей на касты ў нашай краіне. Мая суседка зняважыла мяне ўсялякімі адборнымі нецэнзурнымі словамі. Суд прысудзіў ёй усяго 0,5 базавых! А іншым можна нават аўтамат ухапіць і накіраваць супраць мірных людзей — усё сыходзіць з рук».
Суддзя Вольга Крупец абвесціць канчатковы вырак Святлане Панамаровай 24 сакавіка а 9-й гадзіне.