«Я не ўпэўнена, што гэта не падробка». Пенсіянерку будуць судзіць за каментар да выдаленага паста
Святлане Панамаровай 65 гадоў, яна жыве ў невялікім гарадку Клецку. 23 сакавіка ў судзе Нясвіжскага раёна будзе разглядацца крымінальная справа Святланы. Пенсіянерку будуць судзіць па артыкуле 369 КК за каментар «Застрелись, с…» у фэйсбуку.
Следчыя органы расцэньваюць каментар як наўмысную публічную знявагу амапаўца Фёдарава ў сацыяльнай сетцы з мэтай падрыву яго аўтарытэту і аўтарытэту органаў унутраных спраў.
Святлана выдатна размаўляе на беларускай мове, некаторы час працавала ў мясцовай адвакатуры.
— Усё маё жыццё звязана з Клецкім раёнам, — распавяла Святлана Панамарова. — Скончыла вясковую беларускамоўную школу, медыцынскае вучылішча, некаторы час нават папрацавала медыцынскай сястрой. Затым вярнулася дамоў і дзевяць гадоў працавала ў мясцовым сельвыканкаме. Пасля заканчэння Маскоўскай дзяржаўнай юрыдычнай акадэміі працавала натарыўсам, юрысконсультам, дванаццаць гадоў была адвакатам, апошнія сем год перад выхадам на пенсію працавала рэгістратарам нерухомасці ў агенцтве па дзяржаўнай рэгістрацыі і зямельнаму кадастру.
— Ці цікавіліся вы палітыкай?
— Так. У 2004 годзе нават балатавалася кандыдатам у дэпутаты ў Нацыянальны сход па Нясвіжскай выбарчай акрузе (Клецкі і Нясвіжскі раёны) ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі. Наша каманда правяла добрую перадвыбарчую агітацыю, а з улікам таго, што мяне ведалі ў абодвух раёнах, то пры справядлівым падліку галасоў нават былі б шанцы на перамогу. Але ж вядома, як у нас лічаць… Таму я атрымала 16.5% галасоў. На тых участках, дзе былі прынцыповыя назіральнікі, перамога была за мной.
— На фотаздымках у сацыяльных сетках вас нярэдка можна ўбачыць побач з шматлікімі хатнімі гадаванцамі. Гэтых сяброў вы набылі з надыходам пенсійнага ўзросту?
— Хатнія гадаванцы ў мяне былі заўжды. А ў пенсійным узросце стала падводзіць здароўе, і сфера заняткаў звузілася. Займаюся хатнімі справамі, у мяне арганізаваўся стыхійны прытулак для бадзяжных котак, якіх безадказныя гаспадары выкідваюць на вуліцу. Жыве іх у мяне каля 15 галоў: частка ў хаце, частка — у хляве, на гарышчы. Даводзіцца дзяліць з імі сваю пенсію, каля паловы ідзе на іх кармленне і лячэнне. Яшчэ ў мяне ў вальеры жыве сабака Юкі, якога ў 2014 годзе ва ўзросце 11 месяцаў мне з мінскай усыпалкі на Гурскага прывезлі валанцёры — сабачку на смерць здалі гаспадары.
— Вы цудоўна размаўляеце па-беларуску. Якім чынам вы вярнуліся да роднай мовы?
— Я ад яе ніколі не адыходзіла. Школа, якую я скончыла на пачатку 70-х мінулага стагоддзя, была сапраўдная беларускамоўная. Настаўнікі і паміж сабой, і на перапынках размаўлялі толькі на роднай мове, нават тыя, хто выкладаў рускую мову і літаратуру. Дарэчы, вось ролік на ютубе, на якім былая дырэктарка нашай школы (на жаль, школка ўжо закрыта) разважае пра сябе і родную мову.
У маёй сям’і, ды і ў нашай вёсцы ў тыя гады размаўлялі на беларускай мове, амаль літаратурнай. Мама працавала ў калгаснай канторы бухгалтарам па налічэнні заработнай платы, і ведамасці вяліся на беларускай мове. Яна часта брала працу дахаты, асабліва ў дні налічэння зарплаты, і мяне, малую, залучала ёй дапамагаць: пісаць прозвішчы працаўнікоў у ведамасцях. А бацька меў добрае пачуццё гумару, ведаў на памяць «Новую зямлю» Якуба Коласа і не толькі. Любіў прыроду і ўсё жывое, да чаго прывучыў і мяне. Без яго не пачыналіся не адны вячоркі ў вёсцы. Казалі: «Калі Толя не прыйдзе, то і вячоркі не вячоркі». І мяне ён усюды браў з сабой. На жаль, рана пайшоў з жыцця: мне на той момант было ўсяго 12 гадоў, а яму — 56. Прайшоў усю вайну з пачатку і да канца, удзельнічаў у Маньчжурскай аперацыі. Роднай мовай я карыстаюся пастаянна: у крамах, у аптэцы, сярод знаёмых. Дарэчы, калі звяртаюся на беларускай мове, то мне стараюцца адказваць на ёй. Негатыву практычна не адчуваецца сярод простых людзей.
— Чаму, нягледзячы на ўзрост і праблемы са здароўем, не ўдалося жыць па-за палітыкай?
— Вельмі цяжка было застацца ў баку ад таго, што зараз адбываецца ў маёй краіне. Сачу за навінамі ў недзяржаўных сродках масавай інфармацыі, у сацыяльных сетках, дзялюся каментарамі, у якіх выказваю сваё стаўленне да таго, што адбываецца.
— Якім чынам вы даведаліся, што супраць вас распачынаецца крымінальная справа?
— 12 лістапада 2020 года з раніцы я ў сваім двары карміла сваіх жывёлінак. Іх любімы ласунак — курыныя галовы, якія я сякерай раздрабняю на дробныя кавалкі на спецыяльнай калодцы, якая стаіць у маім двары. Пачуўшы брэх сабакі, я выйшла да брамкі, машынальна трымаючы сякеру ў руках. У двор заходзілі шэсць мужчын у медыцынскіх масках. Убачыўшы мяне, яны ўцяклі са двара. Я ўслед ім запытала: «Хлопцы, заблукалі?». У адказ пачула: «Нам патрэбна Святлана Панамарова».
Кажу: «Я Святлана Панамарова, што трэба?» Хлопцы з-за брамкі: «Трэба пагаварыць». Адказваю: «Заходзьце, пагутарым». Пачула ў адказ: «Прыбярыце сякеру». Я засмяялася ды кажу: «Няўжо шэсць здаровых маладых мужчын спалохаліся старой жанчыны з сякерай?»
Прыбрала сякеру, запрасіла зайсці ў двор. У двары яны прапанавалі пусціць іх у кватэру. Пасля двое з іх паказалі мне службовыя пасведчанні супрацоўнікаў Мінскага абласнога ўпраўлення асабістай бяспекі Міністэрства ўнутраных спраў. Двое — супрацоўнікі нашага раённага аддзела, узялі, відаць, для смеласці — баяліся, што не справяцца адны са старой жанчынай? І два хлопцы — панятыя, навучэнцы мясцовага сельскагаспадарчага ліцэю. Мінчане прад’явілі мне пастанову на агляд жылога памяшкання, а таксама на адабранне ў мяне прылады,з дапамогай якой выходжу ў інтэрнэт. Пастанова была санкцыянавана пракурорам Мінскай вобласці.
— Міліцыянты патлумачылі прычыну?
— Падставай для гэтага з'явіўся нібыта мой каментар у фэйсбуку 26 кастрычніка 2020 года ў ліку іншых 112 каментароў пад пастом Ганны Бандарэнка з выявай маладога хлопца ў летняй вопратцы каля рэчкі і запісам аб тым, што ён з’яўляецца АМАПаўцам і што ён амбіцыйны, зласлівы, зайздросны.
Каментар, які прыпісваецца мне, быў наступнага зместу: «Застрелись, с…»
Я папярэдзіла супрацоўнікаў, што санкцыя ў іх толькі на агляд і праводзіць вобшук яны не маюць права. Дзеля справядлівасці дадам, што яны з панятымі сапраўды толькі прайшлі па кватэры і зрабілі фотаздымкі пакояў. Але забралі тэлефон на падставе пастановы, санкцыянаванай пракурорам.
Напрыканцы снежня 2020 года мяне выклікалі ў Клецкі раённы аддзел Следчага камітэту, дзе 31 снежня, напярэдадні свайго 65-годдзя, правяла на допыце амаль цэлы дзень. Напрыканцы допыту следчы ўручыў пастанову аб прызнанні мяне падазраванай па арт.369 КК РБ.
— Вам прыйшлося змяніць спакойнае жыццё і зноў пабыць адвакаткай, каб на гэты раз ужо абараняць самую сябе. Што вы зрабілі?
— Па-першае, я пачала вельмі старанна вывучаць прадстаўленыя мне дакументы і заявіла хадайніцтва аб правядзенні паўторнай лінгвістычнай экспертызы, паколькі папярэдняя была праведзена з парушэннямі. А менавіта: я не была своечасова азнаёмлена з пастановай аб яе прызначэнні, у сувязі з чым не змагла ажыццявіць свае правы — заявіць адвод эксперту, дадаць свае пытанні на вырашэнне эксперта і г.д.
Апрача гэтага заявіла хадайніцтва, каб экспертызу праводзіў эксперт з вялікім досведам у працы, паколькі папярэднюю экспертызу правяла, можна сказаць, учарашняя выпускніца філалагічнага факультэта. Хачу адзначыць, што я разумела, што пры цяперашняй сістэме дабіцца справядлівасці немагчыма, тым не менш даваць адпор падобным дзеянням патрэбна. Калі я пачала пісаць свае заўвагі, хадайніцтвы, у кабінеце сабраліся і начальнік аддзела, і намеснік, і следчы.
Паміж намі адбыўся дыялог:
— Святлана Анатолеўна! Вы што? Мы так і да 24 гадзін ночы з вамі не развітаемся!— Хлопцы, я нікуды не спяшаюся. Калі вы ўжо запрасілі мяне сюды 31 снежня, ды яшчэ напярэдадні майго юбілею, то я вырашыла сустрэць Новы год у кампаніі такіх прыгожых маладых мужчын. Калі яшчэ такое шчасце выпадзе ў маім узросце!
Паколькі хадайніцтва маё было законным і абгрунтаваным, яго давялося задаволіць. Зразумела, што для мяне нічога не змянілася і пры з’яўленні новай экспертызы, якую, дарэчы, праводзілі ў цэнтральным апараце, паколькі, па словах следчага, у абласным упраўленні не было каму гэта зрабіць. Хачу яшчэ адзначыць, што пасля азнаямлення з некалькімі заключэннямі лінгвістычных экспертыз па іншых справах, у мяне склалася ўражанне, што яны ўсе аднолькава падрыхтаваныя і падобны на нарыхтоўкі, у якія ўстаўляюць толькі абразлівыя словы з каментароў. А высновы ўсюды аднолькавыя.
— Ці знойдзены сведкі абразы?
— Пры размове з супрацоўнікамі, якія наведаліся да мяне 12 лістапада, я зразумела, што абразлівыя каментары спачатку адшукваюцца супрацоўнікамі ўпраўлення, затым яны знаходзяць супрацоўнікаў, у адрас якіх выказаны негатыў, і патрабуюць ад іх пісаць заявы на ўзбуджэнне крымінальнай справы, а таксама позвы ў суд на спагнанне кампенсацыі маральнай шкоды. І абавязкова ўсе «зняважаныя» пішуць, што спагнаную кампенсацыю, ці частку яе, яны перададуць на дабрачыннасць.
— Ці маюць следчыя абгрунтаваныя доказы вашай віны для разгляду справы ў судзе?
— Вінаватай сябе ў прад’яўленым мне абвінавачванні я не прызнала. Я не ўпэўненая, што гэта мой каментар, а не падробка. Пры цяперашніх кампʼютарных тэхналогіях падрабіць можна што заўгодна. Пост даўно выдалены, пацвердзіць ці абвергнуць гэта, паглядзеўшы на яго, немагчыма. Пры правядзенні ажно дзвюх экспертыз адабранага ў мяне з санкцыі пракурора тэлефона, знайсці гэты каментар так і не ўдалося.
Апрача гэтага, 1 сакавіка на мой тэлефон з новай сімкай з тым жа нумарам прыйшло паведамленне з суда Клецкага раёна, змест якога зводзіўся да таго, што нейкі грамадзянін Цярэшка Дзмітрый Уладзіміравіч павінен з’явіцца ў суд за атрыманнем пастановы аб назначэнні ў дачыненні да яго крымінальнай справы да разгляду. Я патэлефанавала ў суд каб даведацца, з якой нагоды на мой нумар прыйшло паведамленне на імя іншай асобы. У судзе мне адказалі, што гэты нумар тэлефона ўказаны ў крымінальнай справе Цярэшкі Дзмітрыя. Вось цяпер сяджу і думаю, у якую крымінальную справу мяне яшчэ могуць «ублытаць».
Што тычыцца самога каментара, незалежна ад таго, хто яго аўтар, хачу адзначыць, што, як былы адвакат, маючы досвед у падобных справах, лічу, што нічога зневажальнага ў ім няма. Слова «с..а» ў дадзеным выразе, хутчэй за ўсё, было ўжыта ў пераносным сэнсе як экспрэсіўны сродак для ўзмацнення градуса выказвання. Не больш. Хачу дадаць, што ніякіх афіцыйных звестак (спасылкі на афіцыйны сайт МУС, здымкаў Фёдарава ў форме, інфармацыі аб тым, што ён удзельнічаў у разгоне і збіцці мірных дэманстрантаў і г.д.) на момант з’яўлення каментара не было. Таму гэта яшчэ адно пацвярджэнне таго, што няма падстаў звязваць каментар з выкананнем Фёдаравым В. службовых абавязкаў і кваліфікаваць дзеянні па арт.369 КК Рэспублікі Беларусь. Злачынствы гэтай катэгорыі здзяйсняюцца толькі з прамым намерам. І сцвярджаць, што я ўчыніла гэтае злачынства з намерам, у тым ліку, падарваць аўтарытэт органаў унутраных спраў, як сказана ў пастанове аб прад’яўленні мне абвінавачання і прызнанні мяне абвінавачанай — гэта ўжо нонсэнс!
— Чаму вашу крымінальную справу будзе разглядаць не суд Клецкага раёна (па месцы вашага жыхарства), а Нясвіжскі суд?
— Справа мая будзе разглядацца 23 сакавіка ў судзе Нясвіжскага раёна. Мяркую, што суддзі Клецкага раённага суда адмовіліся ад яе разгляду па прычыне таго, што ведаюць мяне асабіста. Ну і, канешне ж, для іх гэта магчымасць не прымаць удзел у цяперашніх палітычных выраках.
— Ці адбілася гэтая сітуацыя на вашым здароўі?
— Зразумела, што гэтая сітуацыя з крымінальнай справай у дачыненні да мяне не дадала мне здароўя. Тым больш, што маю хранічныя захворванні і сталы ўзрост. Да мяне ўжыта меры стрымання ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе, вынесена пастанова аб забароне выезду за межы краіны, якая перададзена ў аддзел грамадзянства і міграцыі. Вось такі я злосны злачынца!