Пацыфізм — ерась, несумяшчальная з праваслаўным вучэннем
Царкоўны суд Расейскай праваслаўнай царквы абвясціў пацыфізм ерассю.
Пра гэта сказана ў матэрыялах справы царкоўнага суда аб пазбаўленні сану кастрамскога святара Іаана Бурдзіна, які выказваўся супраць агрэсіі Расеі ва Украіне, гэта заўважыў «Белсат».
6 сакавіка 2022 года
іерэй Іаан Бурдзін у казані сказаў, што моліцца за мір на ўкраінскай
зямлі. Адзін з прысутных паведаміў пра гэта паліцыі. На святара склалі пратакол
за дыскрэдытацыю Узброеных сілаў Расеі. Таксама яго абвінавацілі ў публікацыі
на парафіяльным сайце, якая асуджае «спецыяльную ваенную аперацыю»
ва Украіне, а таксама ў падпісанай ім заяве пра тое, што хрысціяне не
могуць «заставацца ў баку, калі брат забівае брата, хрысціянін — хрысціяніна».
Суд прызнаў святара вінаватым і аштрафаваў на 35 000 расейскіх рублёў. Пасля гэтага ён таксама быў вымушаны пайсці за штат і пакінуць настаяцельства. Бурдзін паспрабаваў перайсці ў Балгарскую праваслаўную цэркву, але для гэтага яго мусілі адпусціць з РПЦ. Аднак 16 сакавіка 2023 года Бурдзіна забаранілі ў служэнні, а на 16 чэрвеня прызначылі царкоўны суд.
Пацыфізм радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй РПЦ
У матэрыялах царкоўнага суда над Бурдзіным адзначаецца, што «ён спрабуе паўстаць у вобразе паслядоўнага пацыфіста, чужога палітычнай ангажаванасці, сцвярджаючы пры гэтым, што пацыфізм выцякае з вучэння Хрыста».
«Пацыфізм, якім святар Бурдзін спрабуе прыкрыцца ад абвінавачанняў у яго адрас, несумяшчальны з сапраўдным вучэннем Праваслаўнай царквы, у прыватнасці выкладзеным у «Асновах сацыяльнай канцэпцыі». Пацыфізм у розныя эпохі царкоўнай гісторыі прысутнічаў у ерэтычных дактрынах», — гаворыцца ў матэрыялах суда.
Дый агулам, заяўляюць у РПЦ, пацыфізм Бурдзіна «ўяўны, аднабакова арыентаваны, за ім выразна бачная яго антырасейская палітычная пазіцыя, якая ў нашай краіне ўспрымаецца як непрымальная і, што важна падкрэсліць, якая радыкальна разыходзіцца з пазіцыяй Расейскай Праваслаўнай Царквы, яму, несумненна, вядомай».
Вінавацяць Бурдзіна і
ў парушэнні мноства кананічных правілаў, якія датычаць тэмы падпарадкавання, у
тым ліку «цару або князю».