Пададзена заяўка на “Чарнобыльскі шлях”
У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 26 красавіка ў беларускай сталіцы шэсця і мітынгу, прысвечаных 26-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У
аргкамітэт акцыі ўвайшлі прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і грамадскіх аб’яднанняў краіны. Арганізатары спадзяюцца, што ўдзел у мерапрыемстве возьмуць больш людзей, чым на Дзень
Волі 25 сакавіка, калі на вуліцы, па розных падліках, выйшлі ад трох да пяці тысяч чалавек.
У Мінскі гарвыканкам пададзена заяўка на правядзенне 26 красавіка ў беларускай сталіцы шэсця і мітынгу, прысвечаных 26-й гадавіне катастрофы на Чарнобыльскай атамнай электрастанцыі. У
аргкамітэт акцыі ўвайшлі прадстаўнікі большасці дэмакратычных партый і грамадскіх аб’яднанняў краіны. Арганізатары спадзяюцца, што ўдзел у мерапрыемстве возьмуць больш людзей, чым на Дзень
Волі 25 сакавіка, калі на вуліцы, па розных падліках, выйшлі ад трох да пяці тысяч чалавек.
У аргкамітэт “Чарнобыльскага шляху ўвайшлі прадстаўнікі Партыі БНФ, Беларускай хрысціянскай дэмакратыі, Руху “За свабоду, “Беларускага руху, Аб’яднанай грамадзянскай партыі, грамадзянскай кампаніі “Гавары праўду!, Руху “Навукоўцы за бяз’ядзерную Беларусь, “Маладога фронту ды іншых структур.
Як адзначыў на прэс-канферэнцыі 10 красавіка старшыня аргкамітэту прафесар Юры Хадыка, заяўка на правядзенне шэсця і мітынгу ў сталічны выканкам ужо пададзена. “У заяўцы чорным па беламу напісана, што мы просім даць дазвол на шэсце па першай праезнай лініі вуліцы Сурганава. Паколькі гэта проста здзек, калі 25 сакавіка сабралася ад трох да пяці тысяч чалавек, якія ціснуліся па ходніках, замінаючы людзям, што там знаходзіліся, і зацягваючы шэсце, — адзначыў прафесар. — Мы заявілі тысячу ўдзельнікаў, але я ўпэўнены, што людзей будзе значна больш. Хоць і мінула 26 год, але людзі працягваюць хварэць і паміраць. Хачу нагадаць, што крыху больш за год таму памёр прафесар Іван Мікалевіч Нікітчанка — адзін з самых галоўных, актыўных і канструктыўных удзельнікаў чарнобыльскага руху. Таксама нядаўна пайшла з жыцця Галіна Георгіеўна Сямдзянава, якая прыклала шмат намаганняў, каб былі прынятыя законы, што абаранялі б інтарэсы пацярпелых. На жаль, амаль усе гэтыя законы адмененыя, таму “Чарнобыльскі шлях застаецца актуальным і да сённяшняга дня.
Прадстаўнік грамадзянскай кампаніі “Астравецкая АЭС — гэта злачынства Таццяна Новікава паведаміла, што экалагічная супольнасць Беларусі будзе браць актыўны ўдзел у акцыі 26 красавіка. “Наша галоўная задача — закрануць дзве вельмі вялікія праблемы, якія сёння ёсць у Беларусі. Па-першае, гэта нічым не апраўданае забыццё на праблемы Чарнобыля, на наступствы Чарнобыля як і на наступствы ўсіх радыяцыйных аварыяў. І гэтая няўвага і забыццё сыходзіць сёння не толькі ад улады, але і ад грамадства ў цэлым. І наша задача як эколагаў, палягае ў тым, каб нагадаць людзям, даць ім зразумець, што праблема наступстваў катастрофы на ЧАЭС будзе заставацца актуальнай яшчэ не дзясяткі і не сотні гадоў, але тысячы і сотні тысяч гадоў — менавіта столькі часу працягваюць заставацца небяспечнымі гарачыя часцінкі, якія ўтрымлівае плутоній і якія выкінуў рэактар. Сёння дзяржава сцвярджае, што праблемы Чарнобыля пераадоленыя, яна ўводзіць у абарачэнне землі, якія пацярпелі ад Чарнобыля, для сельскагаспадарчага і іншага выкарыстання. Мы лічым, што гэта недапушчальнае і злачыннае грэбаванне здароўем людзей, здароўем будучых пакаленняў, бо ўздзеянне радыенуклідаў распаўсюджваецца на пакаленні наперад. Па-другое, наша асноўная задача, як удзельнікаў акцыі, сказаць пра небяспеку новай ідэі — гэта будаўніцтва Астравецкай АЭС і будаўніцтва другой атамнай станцыі, гэтая ідэя не так даўно была агучана беларускім лідарам. Мы лічым, што сёння ў нашых умовах гэтае будаўніцтва не проста недапушчальнае, але сапраўды злачыннае, таму што яно адцягвае сродкі, якіх у краіне няма і якія можна было б выкарыстаць на вырашэнне чарнобыльскіх праблем, на нейкі авантурны і зусім шкодны праект. Мы выступаем за аднаўленне канстытуцыйнасці ў нашай краіне, бо, паводле Канстытуцыі, наша краіна мае бяз’ядзерны статус, — падкрэсліла Таццяна Новікава.
Па словах старшыні Партыі БНФ Аляксея Янукевіча, для ягонай арганізацыі пытанні наступстваў катастрофы на Чарнобыльскай АЭС, як і пытанні будаўніцтва новай АЭС у Астраўцы, з’яўляюцца пытаннямі выжывання беларускай нацыі і беларускай дзяржавы. “Што да наступстваў чарнобыльскае трагедыі, то тут да гэтага часу не хапае праўды, належнага стаўлення з боку дзяржавы да ахвяраў, і мы збіраемся патрабаваць змянення гэтага стаўлення. Што тычыцца будаўніцтва Астравецкай АЭС, то нас вельмі турбуе, што дамовы на будаўніцтва гэтай станцыі падпісаны менавіта з Расіяй, а гэта будзе азначаць, што Беларусь у энергетычным плане яшчэ мацней прывязваецца да Расіі, да Крамля, становіцца значна больш залежнай у энергетычным і палітычным плане. Таму мы збіраемся скарыстаць “Чарнобыльскі шлях, каб сказаць яснае “Не! расійскай АЭС у Беларусі і “Не! кабальным пагадненням з Крамлём, — адзначыў палітык.
Прадстаўнік БХД Дзяніс Садоўскі заявіў, што апроч экалагічнай тэматыкі, падчас акцыі 26 красавіка будуць уздымацца і надзённыя пытанні, якія цяпер вельмі хвалююць грамадства. “Перш за ўсё, гэта вызваленне палітычных вязняў. Будуць прыняты дэкларацыі з заклікам вызваліць усіх палітычных зняволеных і рэабілітаваць іх, — паведаміў Дзяніс Садоўскі.
Арганізатары “Чарнобыльскага шляху плануюць збор удзельнікаў 26 красавіка з 18.00 да 18.30 каля будынку прэзідыума Нацыянальнай акадэміі навук, з 18.30 да 19.30 шэсце да парку Дружбы народаў у раёне Плошчы Бангалор, дзе мае адбыцца мітынг. Потым усе жадаючыя змогуць прайсці да Чарнобыльскай капліцы на вуліцы Арлоўскай і ўскласці кветкі ды запаліць знічкі на памяць аб ахвярах самай страшнай тэхнагеннай катастрофы ХХ стагоддзя. Але ўсё гэта адбудзецца, калі з прапанаваным сцэнарам пагодзяцца гарадскія ўлады. Прынамсі, арганізатары “Чарнобыльскага шляху вельмі на гэта спадзяюцца.