Падатковай інспекцыі не даюць спакою тыя, «што жывуць не па сродках»

Падатковая інспекцыя будзе выкарыстоўваць звесткі пра крэдыты беларусаў для выяўлення тых грамадзян, якія жывуць не па сродках.



nie_pa_srodkakh.jpg

Пра гэта карэспандэнту БелТА паведаміла намесніца начальніка галоўнай управы падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падатках і збораў Беларусі Святлана Шаўчэнка.
Звесткі з крэдытных гісторый будуць выкарыстоўвацца ў мэтах выяўлення грамадзян, якія не атрымліваюць афіцыйных даходаў, але набываюць у крэдыт дарагую маёмасць, кватэры, жылыя дамы, зямельныя надзелы, транспартныя сродкі.
«Яны атрымліваюць такі крэдыт, выплачваюць яго. Узнікае пытанне - за кошт якіх крыніц? Чалавек ніколі нідзе не працаваў і легальных крыніц да існавання не мае», - сказала Святлана Шаўчэнка.
Падатковыя органы і раней мелі звесткі аб даходах і маёмасці грамадзян, маглі супаставіць іх прыбыткі і выдаткі з дапамогай аўтаматызаванай сістэмы. На падставе гэтых звестак праводзяцца кантрольныя мерапрыемствы. Звесткі, якія будзе падаваць падаткавікам Нацыянальны банк, стануць дадаткам для гэтай інфармацыі.
«Ёсць грамадзяне, якія атрымліваюць заробак або іншыя даходы ў нязначнай суме, аднак яны набываюць дарагую маёмасць з дапамогай крэдытаў і за кошт нейкіх крыніц іх выплачваюць. Адпаведна ў дачыненні да гэтых асобаў будуць праводзіцца кантрольныя мерапрыемствы», - адзначыла прадстаўніца МПЗ.
Увагу падатковай інспекцыі прыцягнуць таксама грамадзяне, якія бяруць крэдыт, карыстаюцца ім некалькі дзён і адразу вяртаюць. У Беларусі былі спробы легалізаваць такім чынам шэрыя даходы.
Са слоў Святланы Шаўчэнкі новаўвядзенні накіраваныя на тое, каб больш эфектыўна выяўляць незарэгістраваных прадпрымальнікаў, тых, хто ўхіляецца ад выплаты падаткаў. Добрасумленным падаткаплацельшчыкам турбавацца няма пра што, падкрэсліла яна. «Ёсць закон аб дэклараванні фізічнымі асобамі даходаў і маёмасці. У ім прапісана, якая маёмасць падлягае абавязковаму дэклараванню, якія даходы. Калі грамадзянін атрымлівае легальна заробак, працуе паводле грамадзянска-прававых дамоваў, магчыма, меў даходы з-за мяжы ў выглядзе дывідэндаў і ёсць дакументы, якія пацвярджаюць гэта, то няма неабходнасці турбавацца. Ён пацвердзіць легальныя крыніцы і растлумачыць, за кошт якіх сродкаў набывалася маёмасць», - патлумачыла прадстаўніца МПЗ.
У першым квартале 2015 падатковыя органы выявілі больш за 1,5 тысяч парушальнікаў парадку дэкларавання даходаў і маёмасці. У выніку ў бюджэт дадаткова паступіла больш як Br10 млрд.
Як паведамлялася, у Беларусі зацверджаны агульны пералік звестак, якія складаюць банкаўскую таямніцу фізічных асоб, што могуць быць прадстаўленыя падаткавікам банкамі, не банкаўскімі крэдытна-фінансавымі арганізацыямі. Гаворка ідзе аб звестках, якія ўваходзяць у склад крэдытнай гісторыі, а таксама звестак аб продажы валюты, плацежных дакументаў у замежнай валюце за беларускія рублі.
БелТА