Юрыст: Падпіска на канал у сацсетках не можа лічыцца экстрэмісцкім дзеяннем

Крымінальную адказнасць нельга ўвесці пастановамі Саўміна ці рашэннямі МУС. «Вядома, у нас у краіне "иногда не до законов", таму ніхто ніколі не можа быць дакладна ўпэўнены. Але я ніякага юрыдычнага абгрунтавання гэтаму не бачу», — распавёў Сяргей Зікрацкі «Свабодзе».

Сяргей Зікрацкі

Сяргей Зікрацкі

14 кастрычніка на Нацыянальным прававым інтэрнэт-партале апублікавалі пастанову Савета Міністраў №575 «Аб захадах процідзеяння экстрэмізму і рэабілітацыі нацызму». 13 кастрычніка ГУБАЗіК паведаміў, што падпісантаў экстрэмісцкіх каналаў будуць прыцягваць да крымінальнай адказнасці.

Журналісты «Свабоды» папрасілі адваката Сяргея Зікрацкага пракаментаваць новую пастанову.

Сяргей Зікрацкі кажа, што пастанова крыху дэталюе, якім чынам будзе весціся рэестр экстрэмісцкіх матэрыялаў і асоб.

Што будзе, калі падпісаны на канал, які прызнаны экстрэмісцкім?

«Гэты акт нічога абсалютна не змяняе. Вось той шум, які падняўся, быццам ГУБАЗіК будзе вызначаць і прыцягваць да адказнасці тых, хто падпісаны на экстрэмісцкія каналы, — гэта няправільна. На сённяшні момант я такой магчымасці не бачу. На мой погляд, тых, хто падпісаны на канал, нельга прызнаць групай асоб, якія ажыццяўляюць экстрэмісцкую дзейнасць. Той артыкул, на які спасылаўся ГУБАЗіК, патрабуе, каб былі нейкія экстрэмісцкія дзеянні. А проста падпіска на канал такімі дзеяннямі з’яўляцца не можа».

Што будзе за перапост з канала, прызнанага экстрэмісцкім?

За перасылку інфармацыі з каналаў, якія прызналі экстрэмісцкімі, прадугледжваецца адміністрацыйная адказнасць.

«Цяпер ёсць адміністрацыйная адказнасць за распаўсюджванне экстрэмісцкай інфармацыі, таму і факт перасылкі яе цягне адміністрацыйную адказнасць. Сітуацыя вельмі абсурдная, але тое, што 2 чалавекі адно аднаму перасылалі гэтую інфармацыю, фармальна з’яўляецца парушэннем», — тлумачыць юрыст.

За што сапраўды могуць прыцягнуць да крымінальнай адказнасці?

«Што тычыцца крымінальнай адказнасці, то неабходна, каб дзеянні, якія ажыццяўляюцца, мелі пад сабой гэты экстрэмісцкі характар. Таму само па сабе каментаванне, калі гэтае каментаванне не з’яўляецца экстрэмісцкім (напрыклад, калі я проста каментую нейкі артыкул у канале), не мусіць цягнуць крымінальную адказнасць. Вядома, у нас у краіне „иногда не до законов“, таму ніхто ніколі не можа быць дакладна ўпэўнены. Але я ніякага юрыдычнага абгрунтавання гэтага не бачу».

Крымінальную адказнасць нельга ўвесці пастановамі Саўміна ці рашэннямі МУС, яна мусіць быць уведзеная выключна законам. Для гэтага і існуе Крымінальны кодэкс, кажа адвакат.

«Гэты артыкул, на які спасылаюцца цяпер, быў даўно. Таму, каб пашырыць тое, што адносіцца да крымінальнай адказнасці, ім трэба ўносіць змены ў Крымінальны кодэкс. І калі асоб раней не прыцягвалі да адказнасці за каментаванне ў гэтых „экстрэмісцкіх“ каналах і тое, што яны былі ў гэтых каналах чытачамі, то проста так пастановай Савета Міністраў гэта зрабіць нельга. Неабходна ўносіць змены ў Крымінальны кодэкс, дзе гэта будзе дакладна прапісана. Таму я б цяпер не пачынаў рабіць увесь гэты шум, а проста цвяроза ставіўся да заканадаўства. Калі будуць змены ў Крымінальны кодэкс, тады мы ўжо зможам пра гэта гаварыць».