Беларусь прыпыняе пагадненне з ЕС аб рэадмісіі

Пагадненне, у адпаведнасці з якім Беларусь павінна была прымаць грамадзян, якія траплялі без дазволу ў Еўрасаюз праз яе тэрыторыю, скасаванае ў адказ на санкцыі ЕС, паведамляе www.dw.com.

Фота www.pravda.com.ua

Фота www.pravda.com.ua

Беларускі кіраўнік падпісаў закон «Аб прыпыненні дзеяння пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу». Дакумент апублікаваны на беларускім нацыянальным інтэрнэт-партале ў чацвер, 14 кастрычніка.

«Прыпыніць дзеянне пагаднення паміж Рэспублікай Беларусь і Еўрапейскім саюзам аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу, падпісанага ў Бруселі 8 студзеня 2020 года», — гаворыцца ў тэксце закона.

У адказ на «недружалюбныя дзеянні» Еўрасаюза

Адпаведны законапраект Лукашэнка ўнёс на разгляд Палаты прадстаўнікоў Беларусі ў верасні, а 4 кастрычніка ён быў ухвалены дэпутатамі. Як адзначана прэс-службай беларускага кіраўніка, гэты дакумент падрыхтаваны ў рамках мер у адказ на «недружалюбныя дзеянні», прынятыя Еўрасаюзам і яго дзяржавамі-сябрамі ў дачыненні да Рэспублікі.

Ён прадугледжвае вызваленне беларускага боку ад абавязацельстваў выконваць пагадненне з супольнасцю аб рэадмісіі асоб, якія знаходзяцца без дазволу. У адпаведнасці з дзейным пагадненнем Беларусь павінна была прымаць грамадзян, якія траплялі ў краіны Еўрасаюза праз яе тэрыторыю.