Пятая ахвяра. На мяжы знайшлі яшчэ адно цела загінулага мігранта
На мяжы з Беларуссю польскія паліцыянты знайшлі цела мужчыны. З дакументаў, якія былі пры ім, вынікае, што ён грамадзянін Сірыі і яму было 24 гады. З сярэдзіны верасня ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі.

Як паведамляе «Радыё RMF24», цела мужчыны заўважылі польскія паліцыянты з верталёта, які патрулюе памежную тэрыторыю.
Цела ляжала ў полі, якое знаходзіцца недалёка ад Кузьніцы-Беластоцкай. У рэчах мужчыны знайшлі дакументы. Аказалася, што гэта 24-гадовы грамадзянін Сірыі.
З сярэдзіны верасня ён знаходзіўся на тэрыторыі Беларусі. Раённая пракуратура ў Саколцы ўжо пачала расследаванне з гэтай нагоды. Будзе праведзена анатаміраванне цела мужчыны, каб вызначыць прычыны і абставіны яго смерці.
Гэта пяты падобны выпадак на мяжы з Беларуссю.
Нагадаем, 19 верасня на тэрыторыі Беларусі каля беларуска-польскай мяжы выявілі труп 39-гадовай жанчыны — грамадзянкі Ірака. У той жа час польская памежная служба паведаміла, што ў памежным раёне былі знойдзеныя целы трох чалавек.
Паводле «Ежедневник»