Падсумавалі вынікі
Падвядзенню вынікаў сваёй дзейнасці ў 2009 годзе была прысвечана частка on-line канферэнцыі лідэраў АДС 22 снежня.
На дзесяткі пытанняў наведнікаў сайта АДС (www.udf.by) адказалі старшыня Аб’яднанай грамадзянскай партыі Анатоль Лябедзька, сябра Сойму Партыі БНФ Вінцук Вячорка, лідэр Беларускай партыі
аб’яднаных левых «Справядлівы свет» (былая Партыя камуністаў Беларуская) Сяргей Калякін, а таксама кіраўнік Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада) Анатоль
Ляўковіч і генеральны сакратар БСДП (Г) Мечыслаў Грыб.

Адказваючы на пытанне аб галоўных дасягненнях АДС, Сяргей Калякін адзначыў: «Найважнейшым з’яўляецца тое, што, насуперак заявам Аляксандра Лукашэнкі, нібыта найбліжэйшым часам
апазіцыя ў Беларусі знікне, яна працягвае існаваць і дзейнічаць. Сёння выходзяць дэмакратычныя газеты, існуюць дэмакратычныя сайты, працуюць палітычныя партыі і грамадскія аб’яднанні, яны
працуюць з людзьмі, даводзяць ім праўду».
«Найбольш эфектыўнай і перспектыўнай, хоць і не скажу, што пераможнай, была наша дамоўленасць ісці на прахадныя, ісці ў тыя гарады, дзе ёсць праблемныя прадпрыемствы, так званыя
монаіндустрыяльныя гарады з горадаўтваральнымі прадпрыемствамі, ісці да рабочых і работнікаў мінскіх заводаў, размеркаваўшы пры гэтым адказнасць, геаграфію, забяспечыўшы выданне адмысловых
спецвыпускаў незалежных выданняў і самі іх раздаючы, — лічыць Вінцук Вячорка. — Такая супольная акцыя, безумоўна, ёсць інвестыцыяй у будучае ўсведамленне людзьмі сапраўдных прычын
эканамічнага крызісу».
«Поспех — гэта тое, што паддаецца вымярэнню. У ліпені 10 % грамадзян Беларусі заявілі, што яны чыталі Антыкрызісную платформу АДС. Гэта прыкладна 750 тысяч грамадзян, з якіх больш
за 90 % станоўча ставяцца да гэтага дакумента. АДС сёння — гэта палітычная група, якая мае адказ на злабадзённыя пытанні, адказ, які не дае нават беларуская ўлада», —
мяркуе Анатоль Лябедзька.
Вячорка адзначыў, што скаардынаваная міжнародная палітыка беларускіх аб’яднаных дэмакратычных сіл раней давала плён, а як толькі пайшла дэкаардынацыя, на жаль, пачаўся сыход з каштоўнаснай
пазіцыі ў некаторых еўрапейскіх палітыкаў. «Пры канцы года яны пачынаюць усведамляць, што спадзяванні лібералізаваць Лукашэнку выніку не далі, і мы ўжо чуем з вуснаў Беніты Ферэра-Вальднер,
Яцэка Пратасевіча, што гэта, маўляў, сама беларуская апазіцыя прасіла нас навязаць беспасярэдніцкія прамыя кантакты з Аляксандрам Лукашэнкам. АДС гэтага не рабілі», — заявіў сябра
Сойму Партыі БНФ.
Пры гэтым усе ўдзельнікі on-line канферэнцыі зрабілі акцэнт на тым, што чуткі пра «смерць АДС» не адпавядаюць рэчаіснасці, і на сённяшні дзень ёсць некалькі дэмакратычных
арганізацыяй, якія выказалі жаданне ўступіць у кааліцыю Аб’яднаных дэмакратычных сіл. Пытанне прыёму новых сяброў у кааліцыю будзе вырашаць Палітрада АДС, якая збярэцца на сваё паседжанне ў
пачатку наступнага года.