Паэта-пчаляра Міколу Папеку падтрымалі ў судзе брэсцкія пісьменнікі
«Роля суда не ў тым, каб, штампуючы прысуды, сеяць у грамадстве гронкі ятры, канфрантацыі, а ў тым, каб улічваць усе абставіны справы і спрыяць грамадскаму міру», — нагадалі пісьменнікі ў судзе.
На чарговым судовым пасяджэнні па «карагоднай справе» Брэсцкага раённага суда ў чацвер, 27 травеня, быў зачытаны адкрыты зварот брэсцкіх пісьменнікаў да суда.
У ім Мікола Папека характарызаваўся як аўтар самабытных узораў паэзіі, дапытлівы краязнаўца. Асобна ўказвалася на яго спрыянне культуры праз заснаваную ім «Мядовую прэмію», пуд мёду, якой ён «штогод адзначае найлепшыя кнігі брэсцкіх і культурна блізкіх замежных літаратараў» і якая была ўручаная ўжо 19 разоў.
Суду была прадастаўленая і характарыстыка падсуднага паэта як чалавека. Адзначалася, што ён — індывідуальны прадпрымальнік-пчаляр, руплівец, аматар парыроды. Асобна калегі адзначылі крытычны склад розуму Міколы Папекі і праўдалюбства.
У звароце было пададзенае і бачанне рамачных умоў так званай «карагоднай справы». Аўтары спасылаліся на свае спробы ўвосень мінулага года схіліць мясцовыя ўлады да перамоў з тысячамі ўдзельнікаў мірных акцый пратэсту. У звароце адзначана, што для пратэстаў былі важкія падставы — масавыя парушэнні заканадаўства пад час жнівеньскіх прэзідэнцкіх выбараў і пасля іх. У прыватнасці, «без аб’яўлення надзвычайнага становішча парушалася Канстытуцыя Рэспублікі Беларусь нават у частцы, калі такое было б аб’яўлена: абмежаваныя правы грамадзян, прадугледжаныя ў артыкуле 24, трэцяй частцы артыкула 25, артыкулах 26, 31». Маецца на ўвазе права на жыццё, забарона катаванняў і зневажальнага абыходжання, прэзумпцыя невінаватасці і права на суд.
Падпісанты асабліва адзначылі мірны характар «карагоднай справы», хоць магло б быць і па-іншаму. Яны звярнулі ўвагу суда на тое, што ён з’яўляецца не толькі інструментам пакарання. «Роля суда не ў тым, каб, штампуючы прысуды, сеяць у грамадстве гронкі ятры, канфрантацыі, а ў тым, каб улічваць усе абставіны справы і спрыяць грамадскаму міру», — гаворыцца ў звароце.
Літаратары спадзяюцца на адэкватнае, узважанае рашэнне суда ў дачыненні як да Міколы Папекі, так і да іншых падсудных.
Адкрыты зварот падпісалі восем чалавек — пяцёра сябраў Рады брэсцкага аддзялення «Саюза беларускіх пісьменнікаў» і трое іх калег з рэгіёна. Агучваў зварот у судзе на просьбу Міколы Папекі Яўген Бяласін. Паводле яго слоў, паспелі падпісацца не ўсе калегі. Да некаторых не дайшла або дайшла запозна інфармацыя.
Дзяржаўны абвінаваўца пярэчыў, каб зварот пісьменнікаў быў далучаны да матэрыялаў суда. Але суддзя Сяргей Маручак вырашыў, што далучыць варта.
Мікола Папека гэтым разам быў не ў сваёй адмысловай антыкавіднай масцы з мастацкім надпісам «Карагод». Надзеў белую. Тлумачыў, што гэта хірургічная, «для прэпарыравання». Падсудны паэт стараецца падтрымаць больш маладых сваіх таварышаў і парадай, і жартам.
Да вынясення вердыкту ў гэтай групе абвінавачаных застаецца яшчэ некалькі пасяджэнняў суда. Тым часам пачалі судзіць пятую групу абвінавачаных па «карагоднай справе».
Нагадаем, што ўсяго па ёй праходзяць каля ста чалавек. Людзей вінавацяь у тым, што яны 13 верасня 2020 года ў абласным цэнтры на знак пратэсту супраць скандальных выбараў заблакавалі скрыжаванне бульвара Касманаўтаў і праспекта Машэрава і цягам гадзіны ладзілі там карагоды, танцавалі і спявалі песні. Ужо разгледжаныя справы трох першых груп — агулам больш за 40 асоб. Усе пасяджэнні праходзяць у новым Доме правасуддзя. Але, паводле меркавання прадстаўнікоў «старой апазіцыі», якія наведваюць суды, пераезд у новы будынак не прывёў да прагрэсу ў судовай справе. Прынамсі, суддзі не бралі пад увагу, што тысячы пратэстоўцаў былі выцесненыя з плошчы Леніна, дзе яны звычайна збіраліся, а замест перамоў з імі мірную акцыю разагналі вадамётам. Прысуды былі вынесеныя розныя, з градацыяй ад так званай «хатняй хіміі» (без накіравання ў пенітэнцыярную ўстанову) да пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму.