Марына Адамовіч: Суд выбіраюць па прынцыпе максімальнай нязручнасці

Упершыню за амаль што год Марына Адамовіч змагла патрапіць на спатканне з мужам – палітвязнем Мікалаем Стакевічам. Адбылося гэта 26 траўня і абсалютна нечакана. Палітыка этапавалі з Жодзіна ў Гомель, але пра гэта не было ніякай інфармацыі, паведамляе «Радыё Рацыя».

adamovichmaryna.jpg

Тады Марына Адамовіч сама паехала ў Гомель, там атрымалася спаткацца. Журналістам яна патлумачыла, чаму суд мусіць адбыцца менавіта ў гэтым абласным цэнтры. Паводле Марыны Адамовіч, асобам, якія праходзяць па той жа справе, што і Мікалай Статкевіч, інкрымінуюць дадатковы артыкул, такія справы праходзяць толькі на ўзроўні абласнога суду.

— Інкрымінуюць 130-ы артыкул — гэта «распальванне варожасці». Аказваецца, што людзі, якія сядзяць за кратамі ўжо год, умудрыліся «распаліць варожасць». 130-ы артыкул вымагае, каб суд праводзіў не менш чым узровень вобласці альбо ўзровень Вярхоўнага суда. Я так разумею, што Вярхоўны суд зараз «вельмі заняты» разглядам справы Віктара Бабарыкі і яго калег. І выбіраюць ужо па прынцыпе максімальнай нязручнасці. Я іншай логікі тут не бачу.

Мікалай Статкевіч за кратамі ўжо амаль год. Яго вінавацяць у арганізацыі масавых беспарадкаў. 4 траўня стала вядома, што справу шэрагу палітвязняў будзе разглядаць Гомельскі абласны суд.

Сярод абвінавачаных — блогер Сяргей Ціханоўскі, былы кіраўнік перадвыбарчага штабу сваёй жонкі Святланы Ціханоўскай, палітык Мікалай Статкевіч, блогеры Ігар Лосік і Уладзімер Цыгановіч (MozgON), а таксама аператар Ціханоўскага Арцём Сакаў і мадэратар сацсетак «Страна для жизни» Дзмітры Папоў.