Усё можа скончыцца трыбуналам — у ААН стварылі новы механізм для Беларусі
У ААН запрацаваў новы механізм па фіксацыі парушэння правоў чалавека ў Беларусі. Пра гэта ў стрыме «Еўрарадыё» расказала спецдакладчык ААН па Беларусі Анаіс Марын.
— Гэты механізм ўяўляе сабой «місію па выяўленні фактаў». Такія місіі ствараюцца, да прыкладу, пасля выпадкаў генацыду. Задума такая: людзі, якія ў Жэневе будуць працаваць у складзе гэтай місіі, будуць збіраць факты, якія ім перададуць групы і ініцыятывы беларускіх праваабаронцаў, што займаюцца рэгістрацыяй фактаў катаванняў.
Разам са стварэннем камісіі прызначаныя тры незалежныя эксперты, сярод якіх — расійская праваабаронца Карына Маскаленка. У чэрвені-ліпені Анаіс Марын плануе сустрэцца з імі, каб вырашыць, як і каму непасрэдна будуць перадавацца сабраныя доказы.
— Магчыма, гэтая працэдура [па зборы доказаў. — Еўрарадыё] зойме некалькі гадоў, але [факт таго, што механізм з'явіўся. — Еўрарадыё] гэта сігнал аб тым, што тыя вінаватыя, якія здзейснілі гэтыя здзекі, згвалтаванні, катаванні, будуць пакараныя. І тая беспакаранасць, якая яшчэ пануе ў Беларусі, не будзе вечнай. Ім, вінаватым, ужо на міжнародным узроўні немагчыма будзе ўнікнуць адказнасці, — рэзюмуе Анаіс Марын.
У 2020-2021 гадах беларускія недзяржаўныя журналісты, праваабаронцы і проста не згодныя з палітыкай Лукашэнкі людзі перажываюць беспрэцэдэнтны ціск з боку сілавікоў і чыноўнікаў. Нягледзячы на «глыбокую заклапочанасць» з боку краін Захаду, рэпрэсіі працягваюцца. Праваабаронцы прызналі палітвязнямі 426 чалавек, якіх так ці інакш пераследавалі або працягваюць пераследаваць беларускія ўлады.