Беларускія ўлады накіравалі ноту пратэсту васьмі краінам, якія заявілі, што рэйс «Ryanair» пасадзілі падманам
Ноту накіравалі Бельгіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Ірландыі, Нарвегіі, Германіі, Францыі і Эстоніі пасля таго, як у сераду Парыж, Дублін і Талін ініцыявалі закрытае абмеркаванне ў Радзе Бяспекі ААН пасадкі самалёта «Ryanair» у Мінску, паведамляе «Свабода».

Валянцін Рыбакоў, архіўнае фота «Свабоды»
Сталае прадстаўніцтва Беларусі пры ААН накіравала ноту пратэсту ў місіі васьмі краін, якія выступілі з заявай наконт інцыдэнту з рэйсам «Ryanair», заявіў расійскаму агенцтву «РИА Новости» кіраўнік прадстаўніцтва Валянцін Рыбакоў.
Ноту накіравалі Бельгіі, Вялікай Брытаніі, ЗША, Ірландыі, Нарвегіі, Германіі, Францыі і Эстоніі пасля таго, як у сераду Парыж, Дублін і Талін ініцыявалі закрытае абмеркаванне ў Радзе Бяспекі ААН сітуацыі вакол пасадкі самалёта ў Мінску. Пасля абмеркавання гэтыя краіны заявілі, што рэйс «Ryanair» пасадзілі прымусам з выдуманых прычын, і заклікалі вызваліць затрыманых Рамана Пратасевіча і Софʼю Сапега.
«На адрас усіх васьмі краін, якія зрабілі гэтую заяву, мы накіравалі ноту пратэсту аднолькавага зместу», — сказаў Рыбакоў. У ёй беларускія ўлады абураюцца абнародаваннем ацэнак гэтага інцыдэнту «да таго, як праведзена адпаведнае расследаванне і атрыманыя адпаведныя вынікі».