Турцыя паўплывала на змякчэнне пазіцыі NATO па Беларусі
Паводле інфармацыі СМІ, Турцыя падштурхнула саюзнікаў па NATO да змякчэння афіцыйнай рэакцыі на «прымусовую пасадку» Беларуссю пасажырскага самалёта і затрыманне Пратасевіча, піша «Народная Воля».
Пра гэта паведамляе агенцтва «Reuters» са спасылкай на двух дыпламатаў, знаёмых з пытаннем.
У заяве Рады NATO з нагоды інцыдэнту з экстранай пасадкай рэйса «Ryanair» у Мінску адсутнічаюць заклікі падтрымаць новыя санкцыі ў дачыненні да Беларусі, а таксама патрабаванне вызвалення палітвязняў. Пад ціскам Турцыі таксама былі выдаленыя фармулёўкі, якія пагражаюць прыпыненнем супрацоўніцтва NATO з Беларуссю.
На больш жорсткай заяве настойвалі краіны Балтыі і Польшча. Больш за тое, заява аказалася значна менш рэзкай, чым выказванні Генеральнага сакратара NATO Енса Столтэнберга напярэдадні. Ён назваў здарэнне «ўгонам самалёта на дзяржаўным узроўні».
26 траўня Рада NATO апублікавала заяву па Беларусі. У ёй асуджаюцца прымусовая пасадка самалёта «Ryanair» у Мінску і затрыманне Рамана Пратасевіча і Сафіі Сапега.
«Гэта непрымальнае дзеянне сур'ёзна парушыла нормы Упраўлення грамадзянскай авіяцыі і паставіла ў небяспеку жыцця пасажыраў і экіпажа», — гаворыцца ў заяве.