Палітыка пагрукаецца ў дзверы да кожнага

Канешне, цэнтральнай тэмай застаецца (і яшчэ будзе заставацца) «прымусовая пасадка» самалёта «Ryanair» у Мінску і санкцыі, што напаткаюць за гэта. Шмат пра тое ўжо сказана і напісана. Таму пра наступствы — коратка.

photo_2021_05_02_20_21_05_logo.jpg


Рашэнні Саміта ЕС не набудуць моц да зацвярджэння іх Радай міністраў краін ЕС. Калі адбудзецца пасяджэнне Рады, пакуль невядома. Але самае істотнае ў рэакцыі Саміта ЕС — гэта пункт, які заклікае «прыняць неабходныя меры для забароны беларускім авіякампаніям пералётаў у прасторы Еўрасаюза і доступу ў аэрапорты Еўрасаюза». Тут — наступствы грунтоўныя, і не толькі ў рэчышчы авіяцыі. Вось толькі два прыклады, як гэта тычыцца ўсіх.
Калі ў Беларусі здарыўся валютны крызіс (не адзін раз) і ў банках узнікаў недахоп валюты, Нацбанк тлумачыў гэта тым, што «долары проста не паспелі завезці». То-бок, паперы з партрэтамі мёртвых прэзідэнтаў Сінявокая атрымлівае недзе ў Еўропе ці ЗША. Забарона беларускім авіякампаніям лётаць у Еўропу можа прывесці да таго самага «дэфіцыту долараў», бо хутка даставіць іх у краіну не атрымаецца. Ці я нешта не разумею?
Для грамадзян таксама істотнае тое, што ўсе пасылкі з кітайскага «АliEхpress» у асноўным ідуць да хабаў у Літве ці Латвіі, а адтуль — на растаможку ў Нацыянальны аэрапорт «Мінск». Літва і Латвія больш беларускія борты не адпраўляюць і не прымаюць. Таму чакаць замоўленых рэчаў, на вялікі жаль, давядзецца даволі доўга. Калі мы ўвогуле іх дачакаемся.
Гэта яскравыя прыклады, як дыктатура ў краіне закранае ўсіх, асабліва тых, хто думае адсядзецца за словамі «палітыка мяне не тычыцца». Ёсць выраз: «Калі ты не займаешся палітыкай — палітыка зоймецца табой». Гэта якраз той выпадак, калі палітыка пагрукаецца ў дзверы да кожнага.
Што было б, калі б не было інцыдэнту з «Ryanair»? Безумоўна, цэнтральнай тэмай тыдня сталі б падпісаныя пакуль што кіраўніком краіны новыя законы аб СМІ, электрасувязі і масавых мерапрыемствах. «Закон аб электрасувязі» ўступае ў дзеянне адразу пасля апублікавання, два астатнія — праз месяц.
«Закон аб СМІ» ўзмацняе жорсткасць нормаў, якія тычацца публікацыі забароненай інфармацыі. Пашыраецца яе пералік, уводзіцца забарона на гіперспасылкі на «забароненыя» тэлеграм-каналы, напрыклад. Дадатковыя паўнамоцтвы па блакаванні інтэрнэт-рэсурсаў і сеткавых выданняў атрымліваюць пракуроры, а закрыць СМІ можна нават па атрыманні ліста з «Камісіі па экстрэмізме». Абмяжоўваецца ўдзел замежных асоб у складзе заснавальнікаў СМІ і ўдакладняюцца падставы для пазбаўлення акрэдытацыі журналістаў.
«Закон аб масавых мерапрыемствах» уводзіць выключна дазвольны парадак іх правядзення. Забараняецца анансаваць мерапрыемствы да атрымання дазволу. Уводзіцца забарона на асвятленне несанкцыянаваных мерапрыемстваў у рэжыме рэальнага часу. Накладаюцца дадатковыя абавязацельствы на журналістаў, якія асвятляюць масавыя мерапрыемствы.
«Закон аб электрасувязі» прадугледжвае пашырэнне паўнамоцтваў дзяржавы ў частцы абмежавання працы або абмежавання функцыянальнасці сетак электрасувязі.
Як бачым, усе гэтыя законы — выключна абмежавальныя. Аднак тут ёсць адно «але».
У сітуацыі прававога дэфолту і «іншым разам не да законаў» сітуацыя складваецца так, што «не да законаў» — усім, а не толькі сілавікам. Забаронена журналістам працаваць на недазволеных масавых мерапрыемствах? Добра, цяпер яны проста не будуць пазначаць сябе як журналісты. І гэта нават лепш, таму што бэджыкі і камізэлькі за надпісам «Прэса» дзейнічалі на сілавікоў, як чырвоная ануча на быка. Забаронена асвятленне несанкцыянаваных масавых мерапрыемстваў у рэжыме рэальнага часу? Выбачайце, але, згодна з вышэйсказаным, журналістаў там «няма». Яны ператвараюцца ў гэткія «іхтамнеты». А калі «іхтамнет» — то і «асвятлення ў рэальным часе» няма. Але стрымы ад гэтага нікуды не падзенуцца.
Забаронена ставіць гіперспасылкі на забароненыя рэсурсы? Будзем ставіць гіперспасылкі на дазволеныя рэсурсы, у якіх ёсць гіперспасылка на дазволены рэсурс, на якім спасылка на забаронены рэсурс. Так можна.Закрыюць рэдакцыю як СМІ? TUT.BY гэта дзясяткі гадоў не перашкаджала рабіць якасны кантэнт. Толькі вось пытанне: СМІ ў сваёй працы абмежаваныя — патрабаваннямі заканадаўства, рэдакцыйнай палітыкай, карпаратыўнымі, урэшце, унутранымі этычнымі прынцыпамі. Як толькі СМІ знікае — знікаюць і «кантрольныя інструменты».
Канешне, этычныя нормы нікуды не падзенуцца — іх з журналіста выбіць вельмі цяжка, амаль немагчыма. Аднак закрыццё зарэгістраванага СМІ падштурхоўваюць «былыя СМІ» не ў рэчышча журналістыкі, а ў рэчышча «інфармацыйнай вайны».
Незалежныя журналісты, на хвіліначку, змагаліся і паспяхова перамагалі экспансію ў Беларусь «русского мира». А цяпер уявіце, што гэтыя профі будуць дзейнічаць у рэчышчы «інфармацыйнай вайны» без заканадаўчых і іншых абмежаванняў. «Чатыры варожа настроеныя газеты больш небяспечныя за сто тысяч штыкоў», — сцвярджаў Напалеон, і ён меў рацыю.
Ну і, урэшце, закон аб электрасувязі. «Абмежаванне працы або абмежаванне функцыянальнасці сетак электрасувязі» варта чытаць як адключэнне ці зніжэнне прапускной здольнасці інтэрнэту. У сувязі з гэтым — цікавая статыстыка ад Белстата.
За студзень-сакавік ІТ-кампаніі разам з сувяззю атрымалі амаль 412 мільёнаў рублёў чыстага прыбытку. У параўнанні са студзенем-сакавіком мінулага года прыбытак зваліўся на 30% (было 587,4 мільёна рублёў). Даныя афіцыйнай статыстыкі не адлюстроўваюць цалкам фінансавае становішча ў «сектары інфармацыя і сувязь», у тым ліку ў ІТ-кампаніях. У разліках Белстата ўлічаныя паказчыкі толькі часткі буйных кампаній ПВТ, тлумачыць dev.by.
Нягледзячы на такое падзенне, сектар «Інфармацыя і сувязь» сярод усіх відаў дзейнасці застаецца на другім месцы па ўзроўні чыстага прыбытку па выніках першага квартала.
Мажлівасць для ўлад адключэння інтэрнэту ў любы момант толькі падштурхне да зніжэння гэтых паказчыкаў. А пра інвестыцыі і адкрыццё новых бізнесаў у такой сітуацыі нават размовы не ідзе.
І калі абвал прыбытку на 30% дазволіў флагманам ІТ-сектара заставацца на другім месцы па прыбытках, то якая ж сітуацыя ў іншых галінах эканомікі?