Еўрапейскі вяшчальны саюз прыпыняе сяброўства «Белтэлерадыёкампаніі» ў арганізацыі
Еўрапейскі вяшчальны саюз (EBU) вырашыў прыпыніць сяброўства «Белтэлерадыёкампаніі» ў арганізацыі, паведамляюць «Беларусы и рынок».
Ліст Еўрапейскага вяшчальнага саюза (EBU) апублікаваў «Белсат».
«EBU ўважліва сачыў за здушэннем свабоды СМІ ў Беларусі і пастаянна заклікаў БТРК як сябра EBU адстойваць нашы асноўныя каштоўнасці — свабоду выказвання меркавання і незалежнасць.
Пасля спрэчных выбараў мінулым летам мы праводзілі кампанію па абароне незалежнай журналістыкі і свабоды слова ў краіне. Мы публічна падтрымалі журналістаў "Белтэлерадыёкампаніі", якія пратэставалі супраць дзяржаўнага ўмяшання. Мы таксама паведамілі пра нашы асцярогі кіраўніцтву БТРК.
За апошнія тыдні нас асабліва ўсхвалявала трансляцыя інтэрв'ю, якое было, верагодна, атрыманае пад прымусам. Мы адсочвалі і іншыя перадачы "Белтэлерадыёкампаніі" па гэтым пытанні, якія таксама выклікалі ў нас сур'ёзную заклапочанасць.
У святле гэтых выключных падзей у выканаўчага савета няма альтэрнатывы, акрамя як прапанаваць прыпыніць сяброўства БТРК у EBU. У БТРК будзе два тыдні да таго, як гэта рашэнне ўступіць у сілу».
Прыпыненне сяброўства ў EBU азначае, што БТ не зможа праводзіць нацыянальныя адборы і паказваць дарослае і дзіцячае Еўрабачанне, а таксама пазбавіцца права танна купляць правы на спартыўныя трансляцыі, выкарыстоўваць партнёрскія матэрыялы і матэрыялы інфармацыйных агенцтваў.