Палітвязень Аляксей Раманаў: «Магчыма, нешта будзе ў студзені»…

«Магчыма, нешта будзе ў студзені», — сказалі інваліду, былому палітвязню, у сацыяльным цэнтры на просьбу пра дапамогу, піша «Народная Воля».

ramanau.jpg

Хворы на анкалогію гомельскі палітвязень Аляксей Раманаў, які вярнуўся з калоніі дадому пасля адбыцця пакарання за «абразу прэзідэнта», аказаўся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі.

— Мне зараз хоць памірай: не магу атрымаць ні пенсіі, ні дапамогі, — кажа Раманаў.

Пенсійная справа інваліда 2-й групы Аляксея Раманава знаходзіцца ў раённым упраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне ў Глыбокім, дзе ён адбываў пакаранне ў калоніі строгага рэжыму. У калоніі засталіся і медыцынскія дакументы інваліда з вынікамі апошніх даследаванняў пра стан здароўя, паводле якіх яму патрэбна чарговая аперацыя.

Паводле слоў Аляксея, напрыканцы мінулага тыдня ён звярнуўся ў Гомелі ва ўпраўленне сацыяльнай абароны Цэнтральнага раёна наконт выплаты пенсіі, бо няма на што жыць. Спецыялістка ўпраўлення паабяцала накіраваць зварот у Глыбокае, каб вярнулі пенсійную справу. Без яе ніякіх грошай інваліду атрымаць нельга, нягледзячы на тое, што дата выплаты (12 дня кожнага месяца) наступіла. Прадуктовы набор наогул не прадугледжаны — іх даюць хіба што мігрантам у памежных з Польшчай і Літвой раёнах.

Ва ўпраўленні Раманаву параілі звярнуцца ў раённы цэнтр сацыяльнага абслугоўвання, што на вуліцы Партовай. Інвалід схадзіў і туды. Але тамтэйшы псіхолаг, які гутарыў з Аляксеем, толькі развёў рукамі: усе фонды перададзены мігрантам-уцекачам, магчыма, нешта будзе ў студзені. Да таго ж, каб выплаціць нават аднаразовую матэрыяльную дапамогу, патрэбна зноў-такі пенсійная справа, дзе ўказаны памер пенсіі. Гэта рэгулюецца ўказам ад 19 студзеня 2012 г. № 41 «Аб дзяржаўнай адраснай сацыяльнай дапамозе». На падставе памеру пенсіі вызначаецца і памер сацыяльнай дапамогі — «станоўчая рознасць паміж крытэрыем патрэбнасці і сярэднедушавым даходам сям’і». Во як!

Ад сябе псіхолаг сацыяльнага цэнтра раіў інваліду звярнуцца да супольнасці евангельскіх хрысціян, што на вуліцы Катоўскага, — нават тэлефон іхняга юрыста даў. Магчыма, вернікі акажуць дапамогу.

Аляксею Раманаву 51 год. Працяглы час працаваў у будаўнічых арганізацыях Гомельшчыны розных форм уласнасці. У апошнія гады перад калоніяй працаваў у ТАА «Поўначгазмантаж» у расійскай Ямала-Ненецкай аўтаномнай акрузе. Вясной 2020 года перанёс цяжкую аперацыю — з прычыны раку выразалі частку страўніка і падстраўнікавай залозы. Атрымаў інваліднасць. Працаваць пасля аперацыі ўжо не мог. У сацыяльнай службе параілі афармляць беларускую сацыяльную пенсію, бо ў Расіі нейкага рашэння давядзецца чакаць год ці нават два. Налічылі Раманаву 258 рублёў.

Падчас мінулагодніх выбараў Аляксей дапамагаў штабу Святланы Ціханоўскай. У ліпені на агітацыйным пікеце ў Хойніках неабачліва выказаўся на адрас Аляксандра Лукашэнкі. Як сказана ў крымінальнай справе, «наўмысна прамовіў словы і фразы ў непрыстойнай форме, якія, згодна з экспертызай, змяшчаюць негатыўную ацэнку прэзідэнта». Судзілі Раманава на падставе артыкула 368 Крымінальнага кодэкса. Атрымаў год калоніі. Пакаранне адбыў сёлета 23 лістапада. Вярнуўшыся дадому, застаецца пакуль нават без сціплай пенсіі інваліда.