Палітзняволенаму экс-амапаўцу прысудзілі тры гады «хатняй хіміі» за ўдзел у пратэсце
У судзе Маскоўскага раёна Мінска 2 лістапада паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса да трох гадоў «хатняй хіміі» асудзілі палітвязня Максіма Клімовіча, піша «Вясна». Пасля двух з паловай месяцаў пад арыштам ён выйшаў на волю.
Былога супрацоўніка АМАПа, які звольніўся яшчэ ў 2012 годзе (але пры затрыманні яму гэта ўзгадалі), абвінавацілі ў перакрыцці дарог счэпкай на акцыі пратэсту ў дзень выбараў. На суд пад канвоем і ў кайданках прывялі сябра Клімовіча, які таксама знаходзіцца пад вартай па гэтым эпізодзе — яго дапытвалі з клеткі побач з абвінавачаным. Справу разглядаў Юрый Машкетаў, дзяржабвінавачванне падтрымліваў Селякоў.
У чым абвінавацілі?
Паводле абвінавачання, Максім Клімовіч 9 жніўня стаяў у счэпцы локцямі на стэле, выкрыкваў лозунгі, здзяйсняў воплескі рукамі, чым блакаваў рух транспартных сродкаў, парушыў грамадскі парадак і здзейсніў злачынства, прадугледжанае ч.1 арт. 342 Крымінальнага кодэкса.
Віну Клімовіч на судзе прызнаў цалкам.
Калі затрымалі Клімовіча?
Максіма Клімовіча вылічылі па здымку з акцыі пратэсту, дзе ён стаіць у счэпцы з сябрам. Сёлета на пачатку лета ён з'ехаў жыць у Польшчу, але вымушаны быў вярнуцца. Праз некалькі дзён пасля вяртання, 17 жніўня, яго затрымалі дома ў аграгарадку Хацежына. Ператрус праводзіўся паводле арт. 342 Крымінальнага кодэкса («Дзеянні, якія груба парушаюць грамадскі парадак»). Абвінавачанне паводле гэтага артыкула яму і было прад'яўлена.
Пасля затрымання супрацоўнікі ГУБАЗіКа запісалі «пакаяльнае» відэа з былым супрацоўнікам АМАПа, дзе ён прызнаецца,
што летась 9-11 жніўня «знаходзіўся ў счэпцы з мэтай процідзеяння
супрацоўнікам правапарадку». Пры гэтым прапагандысцкія тэлеграм-каналы
падалі інфармацыю пра яго затрыманне як пра пераслед тых, хто звольніўся з
дзяржслужбы на знак пратэсту ў 2020 годзе: «Спаліў службовае пасведчанне і
пайшоў на масавыя беспарадкі». Хоць Клімовіч прыняў рашэнне звольніцца
яшчэ ў 2010 годзе — пасля падзей на выбарах. Афіцыйна сысці са службы ў яго
атрымалася толькі ў 2012 годзе. Цяпер ён працаваў аўтаслесарам.
Што гаварыў на судзе?
Падчас працэсу Клімовіч распавёў, што ў счэпку патрапіў «ненаўмысна і нечакана». Згодна з яго словамі, калі супрацоўнікі АМАПа пачалі наступ з дапамогай гранат, куль і іншых спецсродкаў, то ён з сябрам апынуўся паміж натоўпам і АМАПам. Іх падхапілі пад рукі — так і ўтварылася счэпка. Паддаўся агульнаму настрою і ўплыву натоўпу. Шкадуе, цалкам раскайваецца і прызнае віну.
Сведка даваў паказанні з клеткі побач з абвінавачаным
У якасці сведкі на суд у кайданках прывялі сябра Клімовіча, які таксама знаходзіцца пад вартай. На судзе Максіма Мікуліча завялі ў клетку да абвінавачанага. Паказанні сведка даваў ў клетцы і ў кайданках.
Мікуліч — сябар, з якім ён быў 9 жніўня на пратэстах і ў
счэпцы. Верагодна, яму ставіцца ў віну той жа эпізод і хутка адбудзецца суд і
над ім. Паказанні Мікуліча супадаюць з паказаннямі Клімовіча: прагаласавалі,
сустрэліся, паехалі ў горад, машыну пакінулі ля «Кароны» і пайшлі на стэлу. На судзе сведка распавёў, што, калі выйшлі да стэлы, то людзей там было
няшмат, але потым у нейкі момант з усіх бакоў пачалі збірацца людзі. Тым часам
супрацоўнікі АМАПа пачалі закідваць пратэстоўцаў светлашумавымі гранатамі. У
нейкі момант людзі сталі ў счэпку.
«Мінсктранс» заявіў пазоў аб кампенсацыі шкоды ў
памеры 3600 рублёў за перакрыццё дарог, але яго вылучылі ў асобную
грамадзянскую вытворчасць.
Чым усё скончылася?
У спрэчках пракурор запатрабаваў для Максіма Клімовіча з улікам чыстасардэчнага раскаяння тры гады «хатняй хіміі». Суддзя Юрый Машкетаў асудзіў палітвязня да трох гадоў «хатняй хіміі» і вызваліў яго ў зале суда.