Мінскі абласны суд пакінуў без змен прысуд спартсмену Аляксею Кудзіну

2 лістапада Мінскі абласны суд разглядаў апеляцыю на прысуд шматразоваму чэмпіёну свету па кікбоксінгу і тайскім боксе Аляксею Кудзіну.

kudzin_1108.jpg

Адвакатка спартсмена прасіла замяніць Кудзіну 2,5 гады калоніі на абмежаванне волі («хімію»).

На разгляд справы калегіі па крымінальных справах спатрэбілася менш за гадзіну, піша «Еўрарадыё» са спасылкай на «Спутник». Скарга не была задаволеная, прысуд пакінуты ранейшы.

Аляксея Кудзіна асудзілі за супраціў міліцыянтам падчас акцый пратэсту ў Маладзечне ў жніўні 2020-га пасля выбараў. Да суда спартсмен уцёк у Расію і прасіў там палітычнага прытулку, але яго дэпартавалі ў Беларусь. Праваабаронцы прызналі кікбаксёра палітвязнем.