Багдановіч замест Баскава. Чаму вясляр на чале беларускага хакея можа дабіцца поспеху?

Месяц таму ў авангардзе беларускага хакея адбылася знакавая замена. Праз скандальную дыскваліфікацыю пляцоўку пакінуў Дзмітрый Баскаў, замест яго на тонкі лёд выйшаў Аляксандр Багдановіч. Менавіта ён стаў новым старшынёй федэрацыі хакея Беларусі. І цяпер будзе грэбці да перамог, без якіх галоўны стратэгічны від спорту даўно засумаваў.

noc.jpg


«Грэбці» ў дадзеным выпадку — дзеяслоў не выпадковы. У ФХБ новы кіраўнік прыйшоў якраз з веславання. У мінулым жыцці ён шчыраваў не з клюшкай і на каньках, а з вяслом і на каноэ. І вось нейкім дзіўным чынам прыбіўся да высокага хакейнага берагу.
Навокал, канешне, адразу пачалі ёрнічаць. Маўляў, ставіць на хакей канаіста — гэта як барабаншчыку даць гітару і папрасіць заспяваць «Серэнаду сонечнай даліны». Журналісты, інтэрнет-каментатары і карыстальнікі сацсетак, нават расійскія стэндап-комікі — хто толькі ні кпіў з гэтага мудрага прызначэння. Але ж, скажам цвяроза, аніякай Амерыкі беларускі спорт гэтым не адкрыў.
Роўна наадварот: такіх перакваліфікаваных тапераў у сістэме хапае. Яны спрэс і побач — і ўяўляюць сабой менавіта правілы, а не выключэнне з правіл.
Ужо такая яна — кадравая стратэгія сучаснай Беларусі.

Вайскоўцы, бізнесмены, чыноўнікі

Аляксандру Багдановічу 39 гадоў, і з лодкі ён вылез даволі даўно. Шмат там выйграў, у 2008-м нават стаў алімпійскім чэмпіёнам, але ўжо ў 2016-м перасеў ва ўтульнае дэпутатскае крэсла. І хай яго ўнёсак у імклівае развіццё беларускага парламентарызму дагэтуль не відавочны, пераход ад законатворчасці да спартыўнага кіравання выглядае цалкам адпаведным існуючым традыцыям.
Вось футболам у нас ужо трэці год кіруе Уладзімір Базанаў. Палкоўнік-артылерыст, былы ваенком Брэсцкай вобласці. Атрымліваецца не сказаць каб удала: айчынныя футбалісты прайграюць матч за матчам, турнір за турнірам. Аднак дэградацыя ж пачалася не ўчора, а значна раней. А раней старшыні без пагонаў на чале Федэрацыі футбола сустракаліся рэдка. Ёю рулілі Рыгор Фёдараў — кіраўнік Дзяржкамітэта авіяцыі, Генадзь Нявыглас — дзяржсакратар Рады Бяспекі, банкір Сяргей Румас. То-бок у лепшым выпадку дасведчаныя заўзятары, а не футбольныя прафесіяналы.
У баскетболе карціна падобная. Федэрацыяй «аранжавай» гульні апекаваліся то былы палкоўнік КДБ Леў Піменаў, то старшыня Вышэйшага гаспадарчага суда Віктар Камянкоў, то — як цяпер — Максім Рыжанкоў, першы намеснік кіраўніка Адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі.
Даўно стала побытам наяўнасць у вышэйшым спартыўным упраўленні неспартыўных людзей «з рэсурсам». У гандболе гэта Уладзімір Канаплёў, у веславанні — Аляксандр Машэнскі, у тэнісе да нядаўняй пары — Сяргей Цяцерын, у валейболе — Уладзімір Вашчанка.
І гэты спіс можна працягваць — і, уласна, цягнуць у самы верх, дзе дзьмуць тыя ж самыя ветры. Нацыянальны алімпійскі камітэт амаль чвэрць стагоддзя меў у прэзідэнтах Аляксандра Лукашэнку, і толькі на пачатку гэтага года пад міжнародным ціскам стырно НАК адышло Віктару Лукашэнку. У Міністэрстве спорту характэрная ракіроўка адбылася раней — у сакавіку 2018-га. Аляксандра Шамко замяніў Сяргей Кавальчук. Першы да прыходу ў спорт служыў намеснікам міністра МНС, другі працаваў у службе бяспекі Аляксандра Лукашэнкі. Яшчэ раней у Мінспорта гучалі і іншыя пастаўленыя камандныя галасы — напрыклад, былога кіраўніка МУС Юрыя Сівакова.
Так што аніякага кола ў хакеі сёлета не вынайшлі. Былы вясляр Багдановіч каля хакейнага борціка — гэта не нейкі маляўнічы сюр, а звыклы спартыўны пейзаж паслясавецкай Беларусі. Тым больш і пагоны ў новага старшыні ФХБ таксама знайшліся. Калі «Вікіпедыя» не хлусіць, то хакейнай гаспадаркай цяпер будзе камандаваць таварыш падпалкоўнік.

Старт з нізкай базы

Вы, мусіць, здзівіцеся, але не будзе сюрам і менеджарскі поспех Аляксандра Багдановіча ў хакеі. Не таму, што за ім раптам выявяцца агромністыя стратэгічныя таленты. Проста ў хакейную федэрацыю ён трапіў у вельмі зручны момант.
Па-першае, сітуацыя зараз такая, што ўпасці ніжэй ужо проста немагчыма. Апошні чэмпіянат свету мала што ў Мінска забралі — дык і зборная на ім сканфузілася, не вылецеўшы з эліты толькі праз тое, што ратацыю гэтым разам адмянілі. У жніўні ў дадатак беларускія хакеісты селі ў лужыну падчас алімпійскай кваліфікацыі. Паразы ад славакаў і — во шчасце! — сціплых палякаў пакінулі нашых суайчыннікаў без чарговых Гульняў.
Дык куды падаць яшчэ? Што правальваць новаму кіраўніцтву ФХБ? Выглядае, што нікуды і нічога. Гэта называецца — адштурхнуцца ад дна. Ці больш пісьменна: стартаваць з нізкай базы. Так заўсёды лягчэй, чым калі б беларускі хакей быў на ўзлёце і нешта з сябе ўяўляў.
Па-другое, у наступным годзе таксама будзе чэмпіянат свету, і шанцаў падвысіць там самаацэнку будзе болей. Зноў жа, не таму, што ў Беларусі знянацку навучыліся добра коўзацца на каньках і трапна шпурляць шайбу.
Проста год такі ўдалы — алімпійскі, самыя моцныя зборныя аддадуць энергію менавіта на Гульнях у Пекіне. ЧС для іх стане турнірам дадатковым — у пэўным сэнсе, другога гатунку. Зручны момант для андэрдогаў, каб выскачыць з-за вугла і стрэліць якой сенсацыяй. У выпадку беларускай зборнай на сапраўдны прарыў разлічваць будзе складана, але ўпэўнена захаваць элітную прапіску нароўні, скажам, з фінішам у топ-10 — вынік, пасля якога можна без сораму глядзець зранку ў люстэрка.
І па-трэцяе. Сёлета мінскае «Дынама» нечакана мае моц у Кантынентальнай хакейнай лізе. Зрэшты, чаму нечакана? У клуб, не пасквапіўшыся, уклалі вялікія грошы. На гэтыя грошы купілі годных легіянераў, балазе, колішнія ўнутрыклубныя ліміты на замежнікаў неспадзявана адмянілі. І справа ў руках гарыць — што ёсць, тое ёсць. Галоўны трэнер Крэйг Вудкрафт нават загаварыў пры трыумф і выйгрыш Кубка Гагарына. Загнуў, канешне, канадскі спецыяліст, аднак для рэкордна лепшага выступу — то-бок пераадолення першага бар’еру плэй-оф — у «зубраў» у гэтым годзе ўсё ёсць.
І вось калі ўсе вузельчыкі шчасліва завяжуцца, то хто кіне камень у весляра Багдановіча? Іншая справа, што сапраўдны плён кіраўніка відаць на доўгай дыстанцыі. А тут перад беларускім хакеем вясёлкавыя перспектывы не ззяюць. Хто б ім ні кіраваў — палкоўнікі, генералы ці фельдмаршалы.

А што Баскаў?

Што да папярэдняга правадыра ФХБ, то яго кар’ера ў прафесійным хакеі, відаць, скончылася. У верасні Міжнародная хакейная федэрацыя (ІІХФ) Дзмітрыя Баскава не пашкадавала. Дый дыскваліфікавала яго ажно на пяць гадоў па сукупнасці розных парушэнняў — уключаючы дыскрымінацыю падначаленых па палітычнай прыкмеце. Паміж радкоў у канчатковым выраку фігуравала і падазрэнне ў датычнасці да гібелі Рамана Бандарэнкі, аднак доказаў у камісіі ІІХФ не хапіла. Так ці інакш, нават пяцігадовы бан — гэта нешта беспрэцэдэнтна важкае ў санкцыйнай практыцы сусветнага хакея. І мала Баскаву, натуральна, не падалося.
Праўда, першай рэакцыяй дыскваліфікаванага стаўся дэмарш. Ён не захацеў сыходзіць у адстаўку, але потым, узважыўшы суровыя наступствы ўжо для ўсяго беларускага хакея, пакорліва напісаў заяву на звальненне.На чале федэрацыі Баскаў працаваў усяго год. Гэта самы малы тэрмін сярод усіх яго папярэднікаў. Нават экс-міністр сельскай гаспадаркі Сямён Шапіра — самы, бадай, непрыкметны кіраўнік ФХБ — пратрымаўся ў крэсле на месяц болей. Зразумела, што і аніякіх значных дасягненняў у бытнасць Баскава нацыянальны хакей не здабыў. Скрозь толькі фіяска — як згаданыя вышэй пазбаўленне Мінска ЧС ды серыйныя няўдачы на лядовых пляцоўках. Тая самая нізкая база для пераемніка Багдановіча.
Дарэчы, у хакейных колах пасля змены ўлады чамусьці завяліся плёткі, што сыход Баскава нібыта мае чыста сімвалічнае значэнне. Маўляў, з паўнавартаснага кіраўніка ён перакваліфікуецца ў шэрага кардынала. І працягне фактычна руліць усёй лядовай гаспадаркай. Хто ведае, як яно будзе, аднак проста зараз у такія візантыйскія сцэнары паверыць цяжка.
Без афіцыйнага статусу адстаўнік, дарэчы, не застаўся. Адмысловым указам Лукашэнкі ён быў прызначаны сенатарам у Савет Рэспублікі. Увайшоў там у камісію па адукацыі, навуцы, культуры і сацыяльным развіцці. Варта думаць, што на новым месцы ў яго павінна атрымацца не горай, чым у весляра-падпалкоўніка Багдановіча ў хакеі.
Што яшчэ больш сімвалічна: нягледзячы на ўсё, што здарылася, давер вышэйшага кіраўніцтва Дзмітрый Баскаў не страціў. Ён па-ранейшаму ў пашане — і яго лёс пакуль выразна кантрастуе з лёсам іншага хакейнага фаварыта Міхаіла Захарава. Той некалі быў ушчыльную набліжаны да вярхоў, аднак ад пачатку лета, пасля звальнення са зборнай, пра яго анічога не чуваць. Падобна, што наменклатурны цыкл некалі ўплывовага ММЗ канчаткова завяршыўся, у больш маладога Баскава яшчэ шмат чаго наперадзе.