Мова нанова: калі наш спорт загамоніць па-беларуску?
Таварыства беларускай мовы імя Францыска Скарыны ў адным кроку ад ліквідацыі па рашэнні ўлад. У беларускім спорце мова, здаецца, самаліквідавалася яшчэ раней. Ці ўсё-ткі не?
«Цмокі» на развітанне
Верасень увогуле не радаваў добрымі навінамі, таму адна з даволі паказальных дрэнных не вельмі шырока абмяркоўвалася. Баскетбольны клуб «Цмокі-Мінск» з наступнага сезона адмовіцца ад самабытнай беларускамоўнай назвы, пад якой выступаў дзевяць гадоў. Вырашылі правесці рэбрэндынг аднаго з самых пазнаваемых брэндаў айчыннага спорту.
Некалі званы «Мінск-2006» клуб пераўтварыўся ў «Цмокаў» у 2012 годзе. «Наша мэта — быць цікавымі аматарам баскетбола ў нашай краіне, мець пазнаваемы і непаўторны твар на міжнароднай арэне. Мы вельмі сур'ёзна падышлі да гэтага пытання і звярнуліся да беларускай міфалогіі, вельмі багатай на розных персанажаў. Вобраз цмока прыйшоў да нас з даўніх вякоў, з беларускіх казак і легенд. Гэта ўвасабленне прагі да мудрасці, ведаў і багацця. Гэты вобраз звязаны з мэтамі і задачамі, якія ставіць наш клуб», — так тлумачыў рэбрэндынг тагачасны бос «Цмокаў» па маркетынгу і былы лідар зборнай Беларусі па баскетболе Аляксандр Куль.
У жніўні мінулага года Куль адным з першых падпісаў пісьмо спартсменаў за сумленныя выбары і супраць гвалту, а ў красавіку ў яго дома быў ператрус.
«Цмокі» за гэтыя гады сталі сапраўдным брэндам... Відавочна выкарчоўванне беларускай арыгінальнай назвы каманды, якая палюбілася большасці заўзятяраў», — пракаментаваў падзею яшчэ адна легенда беларускага баскетбола Ягор Мешчаракоў.
А вось старшыня «Цмокаў» Юрый Шакола далёкі ад негатыўных думак: «Жыццё не стаіць на месцы. Будзем шукаць новыя формы. Магчыма, гэта будзе камерцыйны праект».
Рэбрэндынг сам па сабе — справа неблагая. Але, здаецца, на гэты раз ён становіцца ў шэраг разборак са «змагарскімі недабіткамі», маркерам якіх часцяком выступае шматпакутная белмова. Мінулі ліберальныя гады, калі заклікі да яе выкарыстання не ўспрымаліся як нязгода з адзіна правільным курсам краіны.А яшчэ ж зусім нядаўна «моўны інспектар» Ігар Случак патруляваў нашы клубы, спрачаўся з імі наконт выкарыстання мовы, нават скардзіўся «куды след». І выйграваў, як было ў яго разборцы з мікашэвічскім «Гранітам». Уявіце: за адмову адказваць па-беларуску супраць прэс-сакратара клуба пачалі два адміністрацыйныя працэсы!
Выдатнікамі праекта Случака «Мова нанова» былі футбольны гродзенскі «Нёман» (у 2017-м і 2019-м) і футбольнае ж мінскае «Тарпеда» (у 2018), якое зараз ужо не існуе. Дарэчы, на другім радку ў 2018-м былі тыя самыя «Цмокі», а ў 2015-м яны ўзначальвалі рэйтынг.
Праект даволі скрупулёзна падыходзіў да працэсу і на сваім узроўні спрыяў распаўсюджанню мовы. Каго натхняў, каго — вымушаў.
Проза і паэзія
Адным з адметных перадсезонных атракцыёнаў футбольнага чэмпіянату Беларусі ў сярэдзіне мінулага дзесяцігоддзя была адкрытая перапіска «моўнага інспектара» Случака і генеральнага сакратара футбольнага БАТЭ Андрэя Вашкевіча. Пакуль астатнія клубы адказвалі Случаку ў лепшым выпадку канцылярскай адпіскай, «жоўта-сінія» намаганнямі генсека вывелі эпісталярый у плоскасць калі не высока-літаратурную, то дакладна ў гумарыстычна-забаўляльную.
Случаку было вельмі добра: зварот быў тыпавы, мяняў ён у ім толькі год, месяц і дату — і шась адразу ўсім камандам усіх беларускіх ліг. Клубам — нашмат цяжэй. Бо на афіцыйны зварот і адказваць трэба афіцыйна — то-бок не пазней, чым праз два тыдні.
У нейкі момант генсек БАТЭ вырашыў не адпісацца — маўляў, «дзякуй за прапановы», — а выдаць вершаваны адказ. І панеслася. У творах Вашкевіча былі алюзіі і на Багдановіча («І калі на замежных палях зноў сустрэнем “Баварыю” тую, успомнім пену на грозных канях, успомнім Вострую Браму святую»), і на Якуба Коласа («Не сядзіцца ў хаце Случаку малому, клічуць яго скаргі, цягнуць іскі з дому»).
Смех смехам, але паступова футбольнае першынства абеларусьвалася. Прозвішчы на майках, праграмкі, сацсеткі — усё гэта ў вышэйшай лізе паступова дрэйфавала ў бок беларускай мовы. Той жа БАТЭ і вышыванку на цяпер ужо былы лагатып нанёс, і «класік» Вашкевіч выступіў на барысаўскім сходзе суполкі «Мова нанова», а потым і сам цэлы год вёў на pressball.by калонку на мове, а капітан і найлепшы ў гісторыі барысаўчан бамбардзір Віталь Радзівонаў як мог прасоўваў усюды смак роднага слова.
Вашкевіч тройчы адказваў Случаку беларускамоўнымі «паэмамі» — у 2016-м, 2017-м і 2018-м. Сам ён выбар формы адказу тлумачыў так: «Калі вам піша Случак, з пункту гледжання піяру, праецыравання вашага прадпрыемства на знешнюю прастору, надзвычай складана знайсці спосаб адказаць так, каб на ваш адрас не панеслася ад публікі “ганьба”, “ворагі роднай мовы” і ўсё астатняе. Я перабраў у галаве шмат варыянтаў. І вершаваны адказ на беларускай мове — бадай, адзіны, пры якім усе застануцца задаволенымі. Чытачы ў тым ліку. Пісаць нешта ў духу “так, мы разгледзелі вашу прапанову...” — бессэнсоўна, ніхто нават не рэтвітне. А што да вершаванай формы, то ёсць вялікі шанец, што яе перадрукуюць медыя. Гэта нашмат лепш, выглядае нестандартна. Дый пісаць такі адказ цікавей, чым чарговы “тыповы”». Усе пішуць адно і тое ж. А трэба спрабаваць здзівіць — і сябе, і чытачоў. Медыя сапраўды такое любілі. Перадрукоўвалі ўсе — ад… Але не будзем зараз дэталізаваць, каб не распаўсюджваць экстрэмізм.
Беларускамоўны канферанс легендарнага прэс-сакратара «Тарпеда-БелАЗ» Сяргея Пузанкевіча стаў візітоўкай жодзінскага клуба. Фірмовыя «Добры дзень, паважаныя аматары футбола!» і «Дзякуй за гульню» радавалі заўзятараў не толькі горада «БелАЗаў» — усёй краіны. «Мяне запрасілі на стадыён папрацаваць дыктарам-інфарматарам у 1993-м. Той час быў своеасаблівым рэнесансам беларускай мовы. І на многіх стадыёнах саставы аб’яўляліся выключна на мове. А на нашым стадыёне ўвогуле дыктара не было. Тады Вадзім Бразоўскі параіў галоўнаму трэнеру Івану Кавалёнку маю кандыдатуру. З таго часу працую на хатніх гульнях “Тарпеда” і верны роднай мове», — распавёў неяк Пузанкевіч.
Але такія энтузіясты ёсць не ў кожным клубе. І неяк не дужа верыцца, што іх будзе больш. Тое самае — з тэлебачаннем. Дзмітрый Герчыкаў з Паўлам Баранавым каментавалі на белмове вялікі футбол на самым што ні ёсць сапраўдным БТ. І амаль нічога ім за гэта не было.
Зараз колішнія спартыўныя беларусафілы неяк пазнікалі. Герчыкаў падаўся каменціць у Кіеў. Случак са спортам амаль завязаў, сканцэнтраваўшыся на астатнім «справаводстве па-беларуску». Вашкевіч пайшоў на павышенне і з дубайскага офіса ФІФА развівае сярэднеазіяцкі футбол. Дзіва, ды і толькі!Разам зможам перамагчы?
Шмат пакут перажываюць і без таго шматпакутныя «Крумкачы». Клуб з самай беларускамоўнай у айчынным футболе назвай працягвае ваяваць адзін супраць усіх. «Ляцець высока, глядзець далёка» — гэты дэвіз клуба цяпер не так актуальны, як у 2016-м, калі «Крумкачы» ўпершыню ўварваліся ў вышэйшую лігу.
«Крумкачы — разам зможам перамагчы!» — гэтыя радкі гімна каманды з Мінска зараз хіба не заклік зразумела да чаго. Пару футбалістаў-«крумак» збілі яшчэ мінулым жніўнем, яшчэ адзін — хай гэта і бутафорскі бокс-ту-бокс Аляксандр «Назва Экстрэмісцкай Гародніны» Івулін — за кратамі, мінулай зімой «чарнапёрых» з асаблівым цынізмам не пусцілі ў нацыянальную футбольную эліту, засунуўшы туды замест іх прыдонную «Смаргонь» з шостага месца Д2. Тут аніякай мовы (не толькі беларускай) не хопіць, каб апісаць адчуванні, калі гэтая самая «Смаргонь» зараз ледзь варушыцца на перадапошнім месцы.
Цяпер глядзець трэба не далёка, а ў непасрэдную будучыню. Прайшлі гады, калі «крумкі» хайпавалі на ўсім, што рухаецца, і часткова на тым, што не рухаецца і ніколі не пачне рухацца. А некалі, прагрукатаўшы на ўсе футбольныя мемы, камерунскі абаронца «Крумкачоў» Нестар Ебабісе Молі ў вышыванцы на амаль чыстай беларускай запрашаў усіх на «Мова-Cup» — крэатыўную ініцыятыву, якую зараз і ўявіць складана.
Дарэчы, так, «Мова Cup»-2014! Уявіце сабе: вышыванкі, белмова, журналіст Сяргей Шчурко — з усімі выцякаючымі наступствамі, — гімнастыка, бадмінтон, футбол, бег 30 метраў з дзяўчынай на плячах, вяслярныя трэнажоры, на якіх можна было нагрэсці на марозіва, кіданне мабільных тэлефонаў (на дальнасць), крос-фіт (для сур’ёзных людзей), гіры, настольны хакей… Прызы ўручае ў той час «гонар», а цяпер «сорам Айчыны» Аляксандра Герасіменя. І ўсё гэта — у РЦОРы па лёгкай атлетыцы на Каліноўскага, што называецца, на стратэгічна важным напрамку.
Што далей? Аднаму Пану Богу гэта вядома. Нам жа вядомая простая ісціна: цаніце момант — зараз горш, чым было, але лепш, чым будзе. У дзясятых гадах мы таксама лічылі, што з мовай у нашым спорце ўсё кепска. Але потым наступілі дваццатыя.