Палякам не дазволілі правесці раскопкі ў Беларусі на месцы верагодных расстрэлаў у 1945 годзе

Аб гэтым заявіў 14 чэрвеня пракурор Януш Раманчук, кіраўнік Камісіі судовага пераследу злачынстваў супраць палякаў Інстытута нацыянальнай памяці (IPN) у Беластоку.

Кніга пра Аўгустоўскую аблаву. Фото: Mateusz Marek/ Nasz Dziennik

Кніга пра Аўгустоўскую аблаву. Фото: Mateusz Marek/ Nasz Dziennik


Палякі звярнуліся па дапамогу да беларускіх калегаў, бо IPN знайшоў на спадарожнікавых здымках каля беларускай вёскі Калеты ўпадзіны, падобныя да магілаў масавых пахаванняў. Палякі лічаць, што менавіта там знаходзяцца парэшткі 592 забітых у ліпені 1945 года польскіх антысавецкіх дзеячоў. Гэтыя людзі, жыхары Сувальшчыны, былі вывезеныя ў невядомым накірунку і забітыя.
IPN звярнуўся да беларускіх уладаў, каб тыя дазволілі правесці археалагічныя раскопкі з удзелам польскага пракурора.
Палякі атрымалі дакументы з расійскіх архіваў, што ўсе арыштаваныя тады былі расстраляныя, але месца іх забойства дасюль невядома.
Па словах Януша Раманчука, беларускі бок спаслаўся ў адмове на арт. 19 польска-беларускай дамовы ад прававой дапамозе. У ёй паведамляецца, што такая дапамога не падаецца, калі "яе рашэнне можа паставіць пад пагрозу суверэнітэт або бяспеку дзяржавы або будзе супярэчыць з асноватворнымі прынцыпамі заканадаўства запытваемага боку". 

Даведка Аблава каля польскага Аўгустова адбывалася ў ліпені 1945 года і лічыцца ў нашых суседзяў найбольшым дасюль не даследаваным злачынствам супраць палякаў пасля Другой сусветнай вайны. У савецкіх дакументах яна называецца "аперацыя па прачосванні лясоў". Яна была накіравана супраць Арміі Краёвай. У аперацыі бралі ўдзел каля 40 тысяч савецкіх вайскоўцаў, і яна ахоплівала 3,5 тыс. кв. км.


Паводле intex-press.by